Астравы Фенікс — група з 10 астравоў і атолаўкаралавага паходжання. Месціцца ў цэнтральнай частцы Ціхага акіяна на поўнач ад Самоа. Самы вялікі і адзіны населены атол Кантон займае ўсяго 9 км². 8 астравоў і атолаў належаць дзяржаве Кірыбаці, 2 — ЗША.
Клімат марскі экватарыяльны. Сярэднегадавая колькасць ападкаў рэдка перавышае 1000 мм. У перыяды Эль-Ніньё яна можа паніжацца, а пад уздзеяннем трапічных цыклонаў — падвышацца. Сухі сезон цягнецца з сакавіка па чэрвень. Забяспечанасць пітной вадой нізкая. Сталых вадасцёкаў няма.
Астравы нізкія. Большасць астравоў мае вышыню 5—6 метраў над узроўнем акіяна. Знаходзяцца пад пагрозай глабальнага пацяплення і павышэння ўзроўню акіяну.
Прырода часткі астравоў Фенікс мала зменена чалавекам, а таму тут можна сустрэць першародныя лясы і гаі. Распаўсюджаны дрэвы: гіганцкая пізонія (Pisonia grandis), керасінавае дрэва (Cordia subcordata), геліятроп (Tournefortia argentea) і інш. На ўзлесках растуць хмызнякі. На тых астравах, дзе ішла здабыча фасфатаў, лясы амаль не захаваліся.
Значна большую разнастайнасць можна ўбачыць на падводных схілах астравоў і каралавых рыфаў, а таксама ў лагунах. Тут захаваліся многія рэдкія віды марскіх жывёл, у тым ліку 200 відаў каралаў, 18 відаў марскіх сысуноў, 500 відаў рыб.
Астравы Бэйкер і Хоўленд, якія належаць ЗША, з'яўляюцца запаведнікамі.
Астатнія астравы ўваходзяць у склад Ахоўваемай Тэрыторыі Астравы Фенікс, якая разам з акіянічнымі прасторамі займае 408 250 км². Гэта самы вялікі марскі запаведнік у свеце. У 2010 г. Ахоўваемая Тэрыторыя была ўключана ў спіс сусветнай спадчыныЮНЕСКА.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 353. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).