Клас-Ян Хюнтэлар (нідэрл.: Klaas-Jan Huntelaar; нар. 12 жніўня1983, Вор-Дрэмпт, Нідэрланды) — нідэрландскі футбаліст, нападнік. Ігрок нацыянальнай зборнай Нідэрландаў (2006—2015). Хюнтэлар з’яўляецца пладавітым нападнікам[3] з бліскучай тэхнікай і атлетызмам[4], яго часцяком параўноўваюць па стылі з такімі ігракамі, як Марка ван Бастэн[5] і Руд ван Ністэльрой[6].
У 2000 годзе шаснаццацігадовы Хюнтэлар паступіў у футбольную акадэмію ПСВ і неўзабаве праявіў сябе ў моладзевай камандзе як добры бамбардзір. Ён дэбютаваў у матчы за асноўны склад ПСВ у другой палове сезона 2002/03, але гэты матч стаў адзіным, праведзеным за клуб з Эйндхавена ў чэмпіянаце Нідэрландаў.
Не здолеўшы замацавацца ў асноўным складзе ПСВ, Гюнтелар адправіўся ў арэнду ў клуб «Дэ Графсхап», каб набрацца вопыту. Ён згуляў 9 матчаў у чэмпіянаце і адзін у Кубку Нідэрландаў, але ні разу не здолеў забіць.
Улетку 2003 года ён зноў быў адпраўлены ў арэнду, на гэты раз у клуб «Апельдорн», які выступаў у першым дывізіёне. Там Хюнтэлару атрымалася забіць 26 галоў у 35 матчах і стаць найлепшым бамбардзірам дывізіёна.
Пасля таго, як ігрок вырашыў не падаўжаць свой кантракт з ПСВ, «Херэнвен» набыў яго за 100 тысяч еўра. У першым сваім паўнавартасным сезоне ў вышэйшым дывізіёне Хюнтэлар забіў 17 галоў у 31 матчы і дапамог «Херэнвену» патрапіць у Кубак УЕФА. За палову сезона 2005/06 ён забіў 17 галоў у 15 матчах і зімой перайшоў у «Аякс», які заплаціў за яго 9 млн еўра.
Хюнтэлар адразу дамогся поспеху ў «Аяксе», забіўшы адзін з самых прыгожых галоў сезона ўдарам праз сябе ў дададзены час на паўфінальным матчы Кубка Нідэрландаў супраць «Роды». Па выніках сезона Хюнтэлар стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату, забіўшы 33 галы.
У пачатку снежня 2008 года было абвешчана аб тым, што «Аякс» і мадрыдскі«Рэал» дасягнулі пагаднення па трансферы футбаліста, 4 снежня прайшла цырымонія, у якой нідэрландскі футбаліст быў афіцыйна прадстаўлены ў якасці іграка «каралеўскага клуба» і атрымаў футболку з нумарам 19.