Акруга Кенэбек (англ.: Kennebec County) — акруга на поўдні штатаМэн, ЗША. Насельніцтва на 2020 год складала 123 642 чалавек.
Горад Агаста, ранні каланіяльны гандлёвы пост, з’яўляецца сталіцай штата (з 1831 года) і адміністрацыйным цэнтрам акругі Кенэбек, якая была створана ў 1799 годзе з частак акруг Камберленд і Лінкальн. Назва акругі паходзіць ад слова індзейцаў абэнакі, якое азначае «доўгае возера». Эканоміка Кенэбека абапіраецца на дзейнасць дзяржаўнага кіравання, вытворчасць тэкстылю і папяровых вырабаў, жывёлагадоўлю, турызм і ахову здароўя[1].
Плошча акругі складае 2 460 км², з іх 2 250 км² (91.2 %) — суша, а 220 км² (8.8 %) — вада. Гэта вобласць пагорыстай нізіны з высокімі ўзвышшамі на паўночным захадзе. Галоўная рака — Кенэбек, якая перасякае акругу з поўначы на поўдзень і забяспечвае гідраэнергію для некалькіх гарадоў.[1].
Паводле перапісу 2020 года ў акрузе Кенэбек жылі 123 642 чалавекі[2]. Сярэдні ўзрост насельніцтва — 44,1 год. Насельніцтва акругі па ўзроставым дыяпазоне размеркавалася наступным чынам: 19,3 % — жыхары маладзейшыя за 18 гадоў, 60,8 % — ад 18 да 65 гадоў і 19,9 % — ва ўзросце 65 гадоў і старэй. Расавы склад: белыя — 91,9 %, афраамерыканцы — 0,7 %, карэнныя амерыканцы — 0,4 % і азіяты — 0,9 %. 2,1 % насельніцтва — лацінаамерыканцы[2].
У 2020 годзе медыяны даход на сям’ю ацэньваўся ў 73 576 $, на хатнюю гаспадарку — у 60 528 $. 11,6 % насельніцтва пражываюць за рысай беднасці. 31,3 % маюць вышэйшую адукацыю[2].