Чэмер (Helleborus) — род раслін сямейства Казяльцовыя (Ranunculaceae), які налічвае каля 20 відаў шматгадовых травяністых кветкавых раслін, Род даў назву трыбе Helleboreae. Многія віды атрутныя.
Найбольшая канцэнтрацыя відаў назіраецца на Балканах. Адзін атыпічны від Helleborus thibetanus паходзіць з заходняга Кітая, арэал іншага атыпічнага прадстаўніка Helleborus vesicarius — невялікая тэрыторыя на мяжы паміж Турцыяй і Сірыяй.
Кветкі маюць пяць пялёсткаў (чашалісцікаў), што атачаюць кольцам тычынкі. Чашалісцікі не ападаюць, як пялёсткі, а застаюцца на расліне часам на працягу многіх месяцаў. Нядаўнія даследаванні ў Іспаніі пацвярджаюць, што ўстойлівыя чашачкі спрыяюць развіццю насення (Herrera 2005).
Хоць некаторыя кветкі гэтага віду нагадваюць дзікія ружы (іншая назва расліны — калядная ружа), чэмер не належыць да сямейства Ружавыя (Rosaceae).