Народная дэмакратыя
Народная дэмакратыя — тэарэтычная канцэпцыя марксізм-ленінізму і форма палітычнай арганізацыі грамадства, якая склалася пасля Другой сусветнай вайны ў кантэксце так званых «Народна-дэмакратычных рэвалюцый» і тэарэтычна дазволіла стварыць шматкласавую, шматпартыйную дэмакратыю на шляху да сацыялізму. Народная дэмакратыя разглядалася як прамежкавы этап пры пераходзе ад «буржуазнай дэмакратыі» да «дыктатуры пралетарыяту»[1][2][3][4].
Палітыка
У палітычным плане краіны народнай дэмакратыі характарызаваліся фармальнай шматпартыйнасцю і знаходжаннем ва ўладзе ўрадаў нацыянальных (Народных) франтоў на чале з камуністычнымі партыямі.
Нацыянальныя франты ў Еўропе паўсталі для вырашэння агульнанацыянальных задач — вызвалення ад фашызму, аднаўлення нацыянальнай незалежнасці, забеспячэння дэмакратычных свабод насельніцтву. У склад франтоў уваходзілі рабочыя, сялянскія, дробнабуржуазныя, а ў некаторых краінах і буржуазныя партыі. Урады нацыянальных франтоў прыйшлі да ўлады ва ўсіх краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы ў 1943—1945 гадах. У Албаніі і Югаславіі, дзе вядучую ролю ў партызанскай барацьбе і нацыянальных франтах гулялі камуністы, яны і ўзначалілі новыя ўрады, у іншых краінах былі створаны кааліцыйныя ўрады.
Сацыялістычныя пераўтварэнні ў рамках «Народна-дэмакратычнай рэвалюцыі» ажыццяўляліся з выкарыстаннем парламента, у рамках буржуазнай Канстытуцыі. Злом старой дзяржаўнай машыны адбываўся больш паступова, чым у СССР, некаторы час захоўваліся старыя палітычныя формы. Адной з адметных рысаў народнай дэмакратыі з’яўлялася, як правіла, захаванне ўсеагульнага і роўнага выбарчага права за ўсімі грамадзянамі, уключаючы буржуазію. Пры гэтым у Румыніі, Венгрыі і Балгарыі некаторы час захоўваўся інстытут манархіі.
Эканоміка і сацыяльная сфера
Палітыкай нацыянальных франтоў прадугледжвалася канфіскацыя ўласнасці «фашыстаў і іх саўдзельнікаў», такія прадпрыемствы пераходзілі пад дзяржаўнае кіраванне. Прамога патрабавання ліквідацыі капіталістычнай уласнасці не вылучалася. Пры захаванні прыватных і кааператыўных прадпрыемстваў значна большую, чым у даваенны перыяд, ролю стаў гуляць дзяржаўны сектар эканомікі.
У краінах народнай дэмакратыі ажыццяўлялася аграрная рэформа, у выніку якой праводзілася ліквідацыя буйнога памешчыцкага землеўладання па прынцыпе «зямля належыць тым, хто яе апрацоўвае». Канфіскаваная зямля, у першую чаргу — у землеўладальнікаў-калабарантаў — перадавалася часткова сялянам (за невысокую плату), часткова пераходзіла да дзяржавы. У тых краінах, з тэрыторый якіх адбывалася высяленне немцаў на тэрыторыю Германіі (Польшчы, Чэхаславакіі і Югаславіі), іх землі таксама канфіскоўваліся.
Міжнародныя адносіны
У сваёй знешняй палітыцы краіны народнай дэмакратыі ў значнай меры арыентаваліся на Савецкі Саюз. З шэрагам урадаў яшчэ падчас вайны былі падпісаны дагаворы аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве (з Чэхаславакіяй — снежань 1943 года, з Югаславіяй і Польшчай — красавік 1945 года). У былых саюзніках гітлераўскай Германіі (Балгарыі, Венгрыі і Румыніі) дзейнічалі Саюзныя кантрольныя камісіі з удзелам прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, аднак прысутнасць савецкіх войскаў дазваляла Маскве аказваць большы ўплыў на палітыку і эканоміку гэтых краін.
Вынікі
Стварэнне народна-дэмакратычных урадаў дазволіла камуністам прыйсці да ўлады і пачаць будаўніцтва сацыялізму мірным і плыўным шляхам, без грамадзянскіх войнаў і грамадскіх узрушэнняў, на аснове міжкласавага саюза і ўключэння ў палітычнае жыццё шырокага кола палітычных сіл. Гэта значыць інакш, чым у СССР. Аднак з пачаткам Халоднай вайны і ўзмацненнем эканамічнага і палітычнага супрацьстаяння адбылося ўзмацненне жорсткасці палітычнага рэжыму і паскарэнне ў многіх краінах пераходу да сацыялістычных формаў у эканоміцы. Да сярэдзіны 1947 года ў многіх краінах камуністычныя партыі выціснулі з нацыянальных франтоў правых саюзнікаў і ўмацавалі свае пазіцыі ў кіраўніцтве дзяржавай і эканамічным жыццём.
У 50-я—80-я гады XX стагоддзя тэрмін краіны народнай дэмакратыі часта ўжываўся для абазначэння сукупнасці ўсіх сацыялістычных краін са шматпартыйнай сістэмай.
Краіны і франты
Сцяг | Назва рэспублікі | Народна-дэмакратычная рэвалюцыя | Фронт |
---|---|---|---|
Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка (АНДР) | 1962 г. | Фронт нацыянальнага вызвалення | |
Народная Сацыялістычная Рэспубліка Албанія (НСРА) | 1944-1945 гг. | Дэмакратычны фронт Албаніі | |
Народная Рэспубліка Ангола (НРА) | 1975 г. | МПЛА | |
Дэмакратычная Рэспубліка Афганістан (ДРА) | 1978 г. | Аб’яднаны фронт камуністаў Афганістана | |
Народная Рэспубліка Балгарыя (НРБ) | 1944 г. | Айчынны фронт | |
Венгерская Народная Рэспубліка (ВНР) | 1947-1949 гг. | Венгерскі нацыянальны фронт незалежнасці Айчынны народны фронт | |
Дэмакратычная Рэспубліка В’етнам (ДРВ) | 1945 г. | В’етмінь/Льен-В’ет Айчынны фронт В’етнама | |
Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (СРВ) | 1978 г. | Айчынны фронт В’етнама | |
Сацыялістычная Народная Лівійская Арабская Джамахірыя | 1977 г. | Усеагульны народны кангрэс Лівіі | |
Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) | 1949 г. | Дэмакратычны блок Нацыянальны фронт ГДР | |
Народна-рэвалюцыйны ўрад Грэнады (НРУГ) | 1979 г. | Сумесныя намаганні ў галіне сацыяльнага забеспячэння, адукацыі і вызвалення | |
Народная Дэмакратычная Рэспубліка Емен (НДРЕ) | 1967 г. | Фронт нацыянальнага вызвалення Паўднёвага Емена | |
Дэмакратычная Кампучыя (ДК) | 1976 г. | Нацыянальны адзіны фронт Кампучыі | |
Народная Рэспубліка Кампучыя (НРК) | 1979 г. | Адзіны фронт нацыянальнага выратавання Кампучыі Адзіны фронт нацыянальнага будаўніцтва і абароны Кампучыі | |
Кітайская Народная Рэспубліка (КНР) | 1949 г. | Патрыятычны адзіны фронт кітайскага народа | |
Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР) | 1948 г. | Адзіны дэмакратычны айчынны фронт | |
Рэспубліка Куба (РК) | 1959 г. | Рух 26 ліпеня Рэвалюцыйны дырэктарат 13 сакавіка | |
Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (ЛНДР) | 1975 г. | Патэ Лао Фронт нацыянальнага будаўніцтва Лаоса | |
Народная Рэспубліка Мазамбік (НРМ) | 1975 г. | Фронт вызвалення Мазамбіка | |
Рэспубліка Нікарагуа (РН) | 1979 г. | Сандзтнісцкі фронт нацыянальнага вызвалення | |
Польская Народная Рэспубліка (ПНР) | 1952 г.[5] | Нацыянальны фронт Фронт адзінства народа Патрыятычны рух нацыянальнага адраджэння | |
Сацыялістычная Рэспубліка Румынія (СРР) | 1944-1947 гг. | Народна-дэмакратычны фронт Фронт дэмакратыі і сацыялістычнага адзінства | |
Чэхаславацкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЧССР) | 1945-1948 гг. | Нацыянальны фронт Чэхаславакіі | |
Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія (СФРЮ) | 1945 г. | Адзіны народна-вызваленчы фронт Югаславіі Сацыялістычны саюз працоўнага народа Югаславіі |