Эвакуацыя замежнікаў з Судана (2023)

Эвакуацыя замежнікаў з Судана (красавік—май 2023 года) — комплекс мерапрыемстваў па вывазе дыпламатычнага персаналу і замежных грамадзян на фоне канфлікту паміж Узброенымі сіламі Судана (УСС) і ваенізаванай арганізацыяй «Сілы аператыўнай падтрымкі» (САП). Выратаванне людзей з ахопленай баявымі дзеяннямі краіны праводзіцца пры садзейнічанні ўдзельнікаў супрацьстаяння, а ў шэрагу выпадкаў — вайскоўцаў з іншых краін.

Эвакуацыя замежнікаў з Судана
Асноўны канфлікт: Канфлікт у Судане (2023)
Саудаўскія жанчыны-вайскоўцы падчас вывазу замежнікаў у Джыду, 26 красавіка 2023.
Саудаўскія жанчыны-вайскоўцы падчас вывазу замежнікаў у Джыду, 26 красавіка 2023.
Датаз 19 красавіка па сярэдзіну мая 2023 (асноўныя мерапрыемствы)
Дата пачатку19 красавіка 2023
Месца Судан
Прычынапачатак баявых дзеянняў
Удзельнікікраіны свету
Траўмы1 супрацоўнік дыпмісіі Егіпта і 1 французскі вайсковец
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уводзіны

Успышка гвалту ў сярэдзіне красавіка 2023 года заахвоціла свет сачыць за сітуацыяй у Судане, а ўрады дзяржаў перайсці да выратавання сваіх грамадзян з «гарачай кропкі». У краіне на той момант знаходзілася вялікая колькасць замежнікаў. Самымі буйнымі групамі былі амерыканцы (16 000 чалавек, большасць з якіх мелі падвойнае грамадзянства[1]) і егіпцяне (10 000 чалавек[2]). Аднак сама эвакуацыя была абцяжарана з-за баявых дзеянняў у сталічным Хартуме, асабліва ў міжнародным аэрапорце і вакол яго. Гэта вымусіла многіх ехаць на машынах у Порт-Судан, які знаходзіцца прыкладна за 650 км на паўночны ўсход ад Хартума[3], адкуль замежнікі вывазіліся па паветры альбо караблямі. Іншыя эвакуацыі праводзіліся праз наземныя пагранпераходы.

Ход падзей

Красавік

19 красавіка
Першай краінай, якая вывезла сваіх грамадзян (60 чалавек) з Судана, стала Японія[4][5]. У той жа дзень планаваўся вываз 150 немцаў[6], але з-за баёў гэта зрабіць не ўдалося[7].
22 красавіка
Дапамогу ў эвакуацыі замежнікаў, у тым ліку дыпламатаў, аказалі войскі УСС. Па паветры «гарачую кропку» пакінулі брытанцы, амерыканцы, французы і кітайцы[8][9]. Саудзіты арганізавалі вываз суайчыннікаў праз аэрапорт у г. Порт-Судан. Яны таксама дапамаглі з вывазам грамадзян іншых краін. Так, праз марскую гавань у Джыду на саудаўскіх караблях праведзена эвакуацыя 150 чалавек[10].
23 красавіка
Пры садзейнічанні амерыканскіх вайскоўцаў (6 верталётаў Boeing CH-47 Chinook  (англ.), атрад «марскіх коцікаў» і спецпрызн сухапутных сіл) з пасольства ЗША вывезены 100 дыпламатаў і грамадзян краіны[11]. Аперацыя была ўзгоднена з кіраўніцтвам САП[12]. Урад Вялікабрытаніі таксама эвакуіраваў свой дыпламатычны персанал[13], а ўлады Ірландыі накіравалі самалёт з вайскоўцамі ў суправаджэнні для 150 суайчыннікаў[14][15]. Пазней у той жа дзень Міністэрства замежных спраў Францыі абвясціла, што яму ўдалося эвакуіраваць каля 100 чалавек розных нацыянальнасцяў з Судана па паветры[16]. Аналагічныя мерапрыемствы па дапамозе ў вывазе грамадзян іншых краін правялі Італія, Іспанія і Іарданія. Замежнікаў яны пакінулі ў Джыбуці[2]. Турцыя арганізавала вываз сваіх грамадзян на аўтобусах[17] праз Вад-Медані[2]. Сухапутным шляхам выратаваліся таксама 436 егіпцян[18]. Адначасна стала вядома, што ўлады Германіі здолелі забраць суайчыннікаў самалётамі з Хартума[19].
24 красавіка
Самалётамі эвакуяваны 77 грамадзян і дыпламатаў ПАР (пры падтрымцы паўднёваафрыканскіх і суданскіх вайскоўцаў). Таксама 52 жыхара Лівана былі вывезены ваеннымі караблямі Саудаўскай Аравіі ў Джыду[20]. Паўднёвая Карэя ваенным транспартнікам вывезла 28 сваіх грамадзян разам з нявызначанай колькасцю грамадзян Японіі[21]. Індыя для выратавання суайчыннікаў разгарнула аперацыю пад кодавай назвай «Kaveri», накіраваўшы для эвакуацыі два самалёты і карабель[22].
25 красавіка
Для падтрымкі эвакуацыі карабель ВМС Індыі INS Teg прыбыў у Порт-Судан[23]; самалёт C-130 ВПС Вялікабрытаніі здзейсніў першы рэйс па эвакуацыі брытанскіх грамадзян з Судана. Як паведамлялася, аперацыю па выратаванню суайчыннікаў праводзілі 1400 вайскоўцаў[24].
26 красавіка
Міністэрства абароны ФРГ завяршыла аперацыю па эвакуацыі, перакінуўшы па паветры больш за 700 чалавек з Судана, у тым ліку каля 200 суайчыннікаў[25]; Міністэрства замежных спраў Шры-Ланкі абвясціла аб эвакуацыі першай групы грамадзян. У вывазе дапамогу аказалі Узброеныя Сілы Саудаўскай Аравіі[26].
27 красавіка
З Судана вывезлі 180 грамадзян Канады (пакінулі краіну на канадскім ваенна-транспартным самалёце C-130[27]) і 1300 грамадзян КНР (эвакуяваны на судне кітайскіх ВМС з Порт-Судана[28]).
28 красавіка
Ваенныя транспартнікі вывезлі 75 грамадзян Нарвегіі[29][30]. Таксама стала вядома, што шэсць грамадзян Беларусі, якія працавалі на суданскія кампаніі па прыватных кантрактах, выехалі праз сухапутную мяжу з Егіптам[31].
29 красавіка
На саудаўскіх караблях Судан пакінулі 40 расіян[32].

Далей

2 мая
Стала вядома, што самалётам з краіны вывезлі 36 грамадзян Аўстраліі[33].
12 мая
Саудаўская Аравія заявіла аб заканчэнні сваёй эвакуацыі. Агулам улады краіны вывезлі 19 639 чалавек (8 455 замежнікаў і 11 184 суайчыннікаў)[34].
14 мая
Улады Емена эвакуіравалі 392 суайчыннікаў. Двума рэйсамі вывезены 197 грамадзян у партовы горад Адэн, а астатнія 195 чалавек — у кантраляваную хусітамі сталіцу Сану[35].
2 жніўня
Расія вывезла супрацоўнікаў свайго пасольства[36].
27 снежня
Егіпет абвясціў аб эвакуацыі 18 егіпетскіх студэнтаў і іх сваякоў з Вад-Медані[37].

Інцыдэнты

23 красавіка ў Амдурмане пад авіяналёт трапіла калона з французскімі грамадзянамі, якіх суправаджалі байцы САП. Паводле паўстанцаў, самалёт яны збілі, але замежнікі вымушаны былі бегчы да свайго пасольства[38]. Пазней французскі бок заявіў, што падчас здарэння паранены 1 вайсковец[39].

У той жа дзень падчас мерапрыемстваў па эвакуацыі быў паранены супрацоўнік пасольства Егіпта[40][41].

28 красавіка на авіябазе Вадзі-Саідна абстраляны турэцкі эвакуацыйны самалёт. Борт меў патрэбу ў рамонце, бо была пашкоджана паліўная сістэма[42].

Зноскі

Спасылкі