Цнатлівасць

стан чалавека да моманту першага сексуальнага кантакту

Цнатлі́васць, таксама цно́та, цно́тнасць, няві́ннасць, дзяво́цтва — стан чалавека да моманту першага сексуальнага кантакту[1][2]. Тэрмін нявінніца першапачаткова адносіўся толькі да сексуальна нявопытных жанчын, але эвалюцыянаваў, каб ахапіць цэлы шэраг азначэнняў, якія сустракаюцца ў традыцыйных, сучасных і этычных канцэпцыях[3][4][5][6]. Гетэрасексуальныя людзі могуць лічыць страту цнатлівасці толькі праз пеніса-вагінальнае пранікненне[3][5][7][8], у той час як людзі іншай сексуальнай арыентацыі часта ўключаюць аральны секс, анальны секс або ўзаемную мастурбацыю як прычыну страты цнатлівасці[3][6][9].

«Юнацтва» французскага мастака Адольфа-Вільяма Бугеро, 1893. У еўрапейскай культуры белы колер традыцыйна асацыяваўся з чысцінёй і нявіннасцю

У некаторых грамадствах існуюць рэлігійныя і культурныя традыцыі, паводле якіх цэніцца статус нявінніцы, асабліва ў поглядах на сексуальныя паводзіны да шлюбу. Як і цнатлівасць, паняцце некранутасці традыцыйна прадугледжвае сексуальнае ўстрыманне. Канцэпцыя некранутасці звычайна закранае маральныя або рэлігійныя праблемы і можа мець наступствы з пункту гледжання сацыяльнага статусу і адносін у грамадстве[3][10]. Хаця некранутасць мела значныя прававыя наступствы ў некаторых грамадствах у мінулым, у бальшыні сучасных грамадстваў яна не мае юрыдычных наступстваў. Сацыяльныя ж наступствы некранутасці дагэтуль застаюцца ў многіх грамадствах і могуць мець розны ўплыў на сацыяльную ролю чалавека.

Існуе распаўсюджаны міф, што анатамічнай прыкметай жаночай цнатлівасці ёсць наяўнасць дзявочай плявы, аднак у сапраўднасці варыяцыйнасць форм дзявочай плявы такая, што яна можа не быць пашкоджаная ў час вагінальнага сексу, альбо ўвогуле адсутнічаць з нараджэння[11].

Цнатлівасць у культуры

У многіх культурах захаванне нявіннасці (пад якой звычайна мелася на ўвазе захаванне цэласнасці дзявочай плявы) да шлюбу лічылася неабходным. Жаночая цнатлівасць у некаторых культурах цесна пераплятаецца з асабістым «дзявочым гонарам» і нават з «сямейным гонарам». У многіх традыцыйных рэлігіях распаўсюджаны погляд, што страта дзявочай нявіннасці да шлюбу ёсць ганьбаю.

У некаторых культурах (напрыклад, Банту ў Паўднёвай Афрыцы) праверка на цнатлівасць ёсць звычаем. Як правіла, праверку на цнатлівасць ажыццяўляе найстарэйшая жанчына. Паводле хрысціянскіх апокрыфаў, праверыць на цнатлівасць спрабавалі і Дзеву Марыю. Падобная праверка, якую ажыццяўляе манахіня ў адносінах да галоўнай гераіні, ёсць адной з ключавых сцэн мастацкага фільма Люка Бесона пра Жанну д'Арк.

Сучасная (асабліва Заходняя) культура звычайна больш не разглядае дашлюбную цнатлівасць як добрую якасць. Цнатлівасць у сталым узросце часта ўспрымаецца як адмоўная з’ява, якая можа лічыцца вынікам непрывабнасці і сексуальнай нясталасці чалавека.

Міфалогія

У старажытнагрэчаскай міфалогіі і шэрагу рэлігій цнота лічыцца прыкметаю асаблівай духоўнай чысціні, нявіннасці. Нявінніца (грэч. παρθένος) — адзін з эпітэтаў багіні Афіны, адсюль і назва храма ў яе гонар — Парфенон. Цнота часта разглядалася як дабрачынная чысціня і фізічнае самавалоданне і была важнаю якасцю некаторых міфічных персанажаў, такіх як багіні Артэміда і Гестыя. Вясталкі былі жрыцамі багіні Весты і строга ўстрымліваліся ад сексуальных кантактаў.

Страта нявіннасці

Страта цнатлівасці, як першы сексуальны вопыт, часта разглядаецца як важная жыццёвая падзея. Гістарычна, гэта ўспрыманне было пад моцным уплывам гендарных роляў. Напрыклад, для мужчыны першыя сексуальныя зносіны часцей звязваліся з гонарам, а для жанчыны — часцей з сорамам. Але ў сучаснасці ўплыў традыцыйных гендарных ролей аслаб.

Зноскі

Спасылкі