Уладзіслаў Гарбацкі

беларускі сацыялінгвіст, палітолаг, пісьменнік і перакладчык.

Уладзісла́ў Гарба́цкі, сапраўднае імя Уладзіслаў Іваноў (нар. 1978, Віцебск) — беларускі сацыялінгвіст, палітолаг, пісьменнік і перакладчык. Адзін з першых у Беларусі даследчыкаў і публіцыстаў на тэмы, звязаныя з жыццём і гісторыяй ЛГБТК+ супольнасці. Спецыяліст у галіне гендарных і ЛГБТК+ даследаванняў, гендарнай сацыялінгвістыкі, палітычнага фемінізму і гісторыі культуры стараверства Беларусі.

Уладзіслаў Гарбацкі
Дата нараджэння1978
Месца нараджэння
Навуковая сферасацыялінгвістыка, стараверы ў Беларусі і ЛГБТ
Месца працы
Навуковая ступеньдоктар філасофіі і доктарская ступень[d][1] (21 лістапада 2017)
Альма-матар
Навуковы кіраўнікНіна Баршчэўская
Сайтharbacki.eu

Выдаў зборнік апавяданняў «Песні тралейбусных рагуляў» (2016), шэраг даследаванняў па фемінізацыі беларускай мовы і кнігу твораў Палуты Бадуновай (2018).

Біяграфія

Нарадзіўся ў Віцебску, дзесяць гадоў жыў з бацькамі ў горадзе Радужны Ханты-Мансійскай акругі ў Расіі. Вярнуўся ў Беларусь у 1995 годзе, да 2000 года вучыўся на франка-беларускім факультэце палітычных і адміністрацыйных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Мінску.

У 2001 годзе атрымаў магістарскую ступень у паліталогіі ў Інстытуце палітычных навук  (англ.) ў Страсбуры. У 2002 годзе навучаўся ў Рэймскім універсітэце на адной з першых у Францыі гендарных магістратур па спецыяльнасці радца/медыятр у пытаннях полу і сексуальнасці.

З 2007 года выкладае ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ) у Вільні, лектар паліталогіі Дэпартамента сацыяльных навук. З 2014 года жыве і працуе ў Вільні.

У 2017 годзе пад кіраўніцтвам прафесаркі Ніны Баршчэўскай абараніў доктарскую дысертацыю «Фемінізацыя беларускай мовы (сацыялінгвістычны аналіз жаночых Nomina agentis у старабеларускай і сучаснай беларускай мове)» на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта[2].

З 2019 года адказны за дзейнасць Цэнтру гендарных даследаванняў пры ЕГУ.

У сакавіку-жніўні 2020 года — стыпендыянт праграмы «Пісьменнікі ў выгнанні» Літаратурнай рэзідэнцыі ў Грацы (Аўстрыя).[3] У лістападзе 2020 стажыраваўся ў пісьменніцкай рэзідэнцыі ў Малятах (Літва).[4]

Вокладка «Аб фэмінізацыі беларускай мовы: Фэмінізацыя nomina agentis і пэўных іншых катэгорыяў у сучаснай беларускай мове»

Навуковая дзейнасць

Сацыялінгвістыка

У мовазнаўстве працуе ў сацыялінгвістычным кірунку: даследуе і аналізуе сацыяльнае і палітычнае вымярэнне мовы і ўплыву на яе экстралінгвістычных, перадусім сацыяльна-палітычных, прычын. Асаблівы інтарэс даследчык праяўляе да пытанняў:

  • сацыяльнай гісторыі мовы: «Пра моўны сорам беларусаў» (2020)[5], «Як мова рэагуе на расійска-ўкраінскую вайну» (2018)[6], «Пра геній старабеларускай мовы» (2014)[7];
  • гендарнай сацыялінгвістыкі: «Аб інклюзыўнай беларускай мове» (2019)[8], «Stereotyping vulnerable groups» (2017)[9], «Аб гэтак званых „эпіцэнах“» (2012)[10];
  • моўнай палітыкі і дыяспарнай мовы: «Складаючы слоўнік беларускай дыяспарнай мовы: напрацоўкі, адкрыцці, кур’ёзы (сацыялінгвістычны аналіз дыяспарнай мовы)» (2017)[11], «Мова жыцця Зоры Кіпель» (2016)[12], «Малавядомая Зоська Верас: на мовазнаўчай ніве» (2016)[13], «Білінгвізм, інтэрферэнцыя, канвергенцыя і запазычанне: Беларуская мова ў Літве» (2013)[14], «Тарашкевіца — не толькі ідэалогія, але перадусім эстэтыка» (2013), «Беларуская дыяспарная мова і яе досвед супрацьстаяння англіцызмам, русізмам і іншым варварызмам» (2012);
  • сацыялектаў і арго: «Размаўляем пра беларускую лаянку і кляцьбоны» (2019)[15].
  • фемінізацыі беларускай мовы: гл. Кнігі

Культура старавераў Беларусі

У 2002—2005 гадах разам з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы пры Акадэміі навук Беларусі, а потым — з польскім праектам OBTA Архівавана 14 лютага 2021. даследаваў стараверскую культуру Беларусі, найперш Віцебшчыны. У 2002—2016 гадах ажыццявіў шэраг этналагічных экспедыцый па Віцебшчыне: Віцебск, Полацк, Лёзеншчына, Аршаншчына, Шуміліншчына, Браслаўшчына, Пастаўшчына, Мёршчына, — з мэтай даследавання культуры беларускіх старавераў. Вынікі экспедыцый часткова прадстаўлены ў артыкулах у перыядычных выданнях і зборніках: «Мясцовыя назвы віцебскіх старавераў» (2006)[16], «Пра беларускі ўплыў на віцебскіх старавераў» (2008)[17], «Эвалюцыя тоеснасці і культуры старавераў паўночнай Беларусі, канец XIX — пачатак XXI стагоддзя» (2010)[18], «Аб кабетах, якія „папуюць“: аб ролі і месцы жанчын у рэлігійным жыцці стараверства Віцебшчыны» (2013)[19], «Двухсэнсоўныя вобраз і роля стараверства Беларусі ў паўстанні 1863-64 гг. і ў беларускім нацыятворчым працэсе другой паловы 19-га ст. (спроба гістарычнай і этналагічнай рэканструкцыі)» (2014)[20], «Стараверы і злябы» (2018)[21].

Гісторыя франкамоўнай беларусістыкі

Інтарэс да тэмы франкамоўнай беларусікі праявіўся падчас навучання ў Францыі. Штуршком да даследчай дзейнасці ў гэтай сферы стала праца ў Скарынаўскай бібліятэцы[22], дзе захаваліся рэдкія франкамоўныя матэрыялы па беларусіцы пачатку XX ст.[23][24][25][26] і друкапіс першага беларускага рамана, напісанага па-французску невядомым аўтарам[27]. Уладзіслаў Гарбацкі апісаў таксама ўнёсак ранніх французскіх і франкамоўных даследчыкаў, якія цікавіліся беларускімі тэмамі: Рэнэ Мартэль[28][29], Антуан Мартэль, Амбруаз Жабер,[30] — і беларускай дыяспары ў Францыі, Бельгіі і Англіі[31][32].

Фемінісцкія і ЛГБТК+ даследаванні

Да гендарных, фемінісцкіх і ЛГБТК+ даследаванняў далучыўся падчас навучання ў гендарнай магістратуры ў Францыі. Першыя артыкулы на тэму гей- і лесбі- даследаванняў апублікаваў у ARCHE на пачатку 2000-х гадоў: «Развагі аб гейскім пытанні»[33] і «Пераадоленне гамафобіі»[34]. Рэгулярна публікуе артыкулы і агляды на фемінісцкую і гендарную тэмы ў іншых беларускіх СМІ: Радыё Свабода, «Новы час», Makeout.

Літаратурная творчасць

Першыя літаратурныя творы апублікаваны ў «Нашай Ніве» і ARCHE. Пазней — у газеце «Новы час» і інтэрнэт-часопісе «ПрайдзіСвет».

Пісьменнік збольшага працуе ў стылі аўтабіяграфічнай сацыяльнай ці сацыялагічнай прозы: робіць акцэнт на прыватнай, інтымнай гісторыі, якая дапамагае выкрываць калектыўную гісторыю і памяць.

Першы зборнік прозы выдаў у 2016 годзе — «Песні тралейбусных рагуляў». Ён быў названы першым у беларускай літаратуры творам гей-прозы[35]. Брытанскі даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін так ахарактарызаваў зборнік:

«Гэты смелы і вельмі чытэльны дэбютны зборнік прозы пераказвае ў розных формах і інтымных дэталях досведы Адрознага ў варожым яму асяроддзі. Пра тры плыні, што ахопліваюць дарослае жыццё аўтара, ён апавядае мовай казачных гісторый: глыбокую веру ў беларускую мову, усведамленне і гонар за сваю гейскасць, і перакананасць у тым, што рэлігія — толькі міф. Элегантна напісаная сучаснай беларускай мовай і шчодра запраўленая дыялектызмамі, гэтая кніга паўстае як песня і свята роднаму Віцебску. Кранальныя, захапляльныя і, часта, брутальна-рэалістычныя тэксты атрымаліся цудоўным, глыбока асабістым дэбютам».

Пераклады

Уладзіслаў Гарбацкі перакладае навуковыя і мастацкія тэксты з французскай, украінскай, літоўскай, рускай і славенскай моў. Спецыялізуецца на перакладах франкамоўных аўтараў і аўтарак: Жорж Экгаўт, Сімона дэ Бавуар[36], Анні Эрно, Рэймон Арон[37], Эрык Нёвё[38], Маргерыт Юрсенар, Вілье дэ ліль-Адан. Таксама перакладае паэзію з літоўскай (Гедрэ Казлаўскайце,[39] Нерынга Дангвідзе) і славенскай (Ураш Прах)[40] моў.

Кнігі

  • Аб фэмінізацыі беларускай мовы: Фэмінізацыя nomina agentis і пэўных іншых катэгорыяў у сучаснай беларускай мове. Эсэ / Уладзіслаў Гарбацкі. — Leicester: belarusians.co.uk, 2012. — ISBN 978-0-9567951-0-6.
  • Песьні тралейбусных рагуляў: Казкі і проза жыцьця / Уладзь Гарбацкі. — Leicester: belarusians.co.uk, 2016. — ISBN 978-0-9567951-4-4 (друк) і 978-0-9567951-5-1 (электронная).
  • Гід па фэмінізацыі беларускай мовы (Nomina agentis і некаторых іншых асабовых намінацыяў) / Уладзіслаў Гарбацкі. — London: belarusians.co.uk, 2016. — ISBN 978-0-9567951-6-8 (друк) і 978-0-9567951-7-5 (электронная).
  • Творы / Палута Бадунова. [Прадмова і ўкладаньне: Уладзіслаў Гарбацкі]. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2018. — ISBN 978-9955-578-19-2 (друк) і 978-9955-578-18-5 (электронная).
  • Фэмінізацыя беларускай мовы. Сацыялінгвістычнае дасьледваньне. — Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2019. — ISBN 978-9955-578-21-5.

Зноскі

🔥 Top keywords: Галоўная старонкаАдмысловае:RecentChangesАдмысловае:SearchКарлес ПучдэмонВасіль БыкаўКупаллеВалерый Станіслававіч МянжынскіФелікс Эдмундавіч ДзяржынскіУННВУдзельнік:ZlyiLev/Парламенцкія выбары ў Італіі (2022)o67n9Марат Сяргеевіч МаркаўДругая сусветная вайнаБеларусьВікіпедыя:ФорумПравы чалавека ў БеларусіSpecial:SearchСправы па абвінавачванню ў тэрарызме ў Беларусі ў 2020—2021 гадахУладзімір КараткевічВікіпедыяВікіпедыя:СупольнасцьМайк ПампеаСпіс беларускіх імёнРыгор БарадулінЛюдзі на балоце (раман)Шаблон:РэвалюцыяЛіцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэтаШаблон:Выбраны зместНародная дэмакратыяБеларуская моваЯкуб КоласМікалай Багданавіч ЭнгельгартМодуль:NavboxФранцыск СкарынаВялікае Княства ЛітоўскаеІван НавуменкаВікіпедыя:ДаведкаМАЗ-5335 (сямейства)Вікіпедыя:Адмова ад адказнасці