Узяцце Сірта (2020)

Узяцце Сірта — штурм горада Сірта Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфа Хафтара падчас другой грамадзянскай вайны ў Лівіі. Аперацыя была праведзена 6 студзеня 2020 года ў рамках наступлення на Трыпалі.

Узяцце Сірта
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Лівіі (2014—2020)
     Пад кантролем ЛНА     Пад кантролем УНЗ
Дата6 студзеня 2020
МесцаСірт
Вынікперамога ЛНА
Праціўнікі
Лівійская нацыянальная арміяЛівія Урад нацыянальнай згоды
Камандуючыя
Халіфа ХафтарЛівія Фаіз Сарадж
Страты
невядоманевядома,
некаторая колькасць палонных[1]

Перадгісторыя

Падчас першай грамадзянскай вайны горад быў адным з апошніх, нароўні з Бені-Валідам, цэнтраў супраціву прыхільнікаў Муамара Кадафі. Абарона Сірта працягвалася цэлы месяц, але 20 кастрычніка лівійскія паўстанцы канчаткова разграмілі войскі праціўніка. У той жа дзень пры спробе ўцёкаў з горада Кадафі быў схоплены апазіцыянерамі і забіты[2][1].

У 2015 годзе, падчас другой грамадзянскай вайны, горад трапіў у рукі джыхадзістаў «Ісламскай дзяржавы»[2][1]. У маі 2016 года войскі, лаяльныя Ураду нацыянальнай згоды (УНЗ) Фаіза Сараджа, падтрыманыя заходнімі саюзнікамі, пачалі аперацыю па вызваленні горада ад баевікоў. У снежні, пасля некалькіх месяцаў цяжкіх гарадскіх баёў, Сірт быў цалкам заняты.

Пасля разгрому «Ісламскай дзяржавы» горад кантраляваўся брыгадай Місураты, якая ўваходзіла ў кааліцыю «Шчыт Лівіі», і 604-й брыгадай, апалчэннем салафітаў[2]. Усе гэтыя войскі былі аб’яднаны ў рамках «Сіл абароны Сірт»[1].

Дзеянні Хафтара

4 красавіка 2019 года фельдмаршал ЛНА Халіфа Хафтар, які з’яўляўся саюзнікам супрацьстаялых УНЗ уладаў Палаты прадстаўнікоў, абвясціў аб пачатку буйнамаштабнага наступлення на ўсім паўночным захадзе краіны (Трыпалітанія), мэтай чаго была сталічны Трыпалі[3].

20 снежня Лівійская нацыянальная армія запатрабавала ад узброеных фарміраванняў, што падтрымлівалі УНЗ, на працягу 72 гадзін пакінуць Трыпалі і Сірт. За гэты час ЛНА абавязвалася не атакаваць сілы, якія адыходзяць адтуль. Калі ж лаяльныя УНЗ фарміраванні не выканаюць умовы ўльтыматума, то атакі пачнуцца зноў[4]. Ужо 25 снежня брыгада Місураты прыняла ўльтыматум фельдмаршала і вывяла свае атрады як з Сірта, так і з Трыпалі[5].

4 студзеня 2020 Халіфа Хафтар абвясціў у краіне масавую мабілізацыю для «выгнання замежных сіл» у адказ на планы ўладаў Турцыі адправіць войскі ў Трыпалі. Ён заклікаў лівійцаў забыцца пра рознагалоссі, «аб’яднацца і ўзяцца за зброю», каб «абараніць зямлю і гонар». Камандуючы нацыянальнай арміяй абвінаваціў прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана ў імкненні адрадзіць «асманскае валадарства» ў Лівіі і назваў магчымае сутыкненне «бітвай з каланізатарамі»[6].

У той жа дзень яго байцы пачалі наступленне па кірунку да Сірту[2]. Неўзабаве на бок ЛНА перайшла 604-я брыгада. Яе камандаванне заявіла, што не прымае ні бок Сараджа, і ні бок Хафтара[7], а яе галоўнымі ворагамі з’яўляюцца «Браты-мусульмане» і салафіты-джыхадзісты[2]. Трэба адзначыць, што большасць яе байцоў была з ферджані, племя фельдмаршала Хафтара[2][1][8].

Узяцце Сірта

6 студзеня хафтараўцы ўвайшлі ў горад. Спачатку быў захоплены аэрапорт Гардабія, размешчаны на поўдзень ад Сірта. Абаронцы паветранай гавані здаліся[1][8][9]. Затым ЛНА атакавала горад з поўдзеня і ўсхода[2]. Спецназ захапіў марскі порт[9]. Адначасова 604-я брыгада з тылу атакавала рэшткі брыгады Місураты[2][1][8]. Пасля трох гадзін бою апошнія пакінулі горад[2]. Такім чынам, Сірт перайшоў у рукі сіл ЛНА, якія сустрэлі мінімальны супраціў[2][1][8]. Байцоў Хафтара з энтузіязмам сустрэлі мясцовымі жыхарамі, што размахвалі плакатамі з выявай Кадафі і зялёнымі сцягамі Лівійскай Арабскай Джамахірыі[2].

Прадстаўнік ЛНА генерал Ахмед аль-Місмары заявіў, што «Сірт цалкам вызвалены (...) ад тэрарыстычных груповак»[10], а наступленне на горад было прадметам «дбайнай падрыхтоўкі, якая доўжылася на працягу некалькіх месяцаў» з рэгулярнымі паветранымі налётамі на «Сілы абароны Сірта»[8][9].

Наступствы

З падзеннем Сірта ў ЛНА меркавалі працягнуць прасоўванне і ў рэшце рэшт узяць Місурату, размешчаную за 250 кіламетраў на паўночны захад[2][8]. Аднак актыўнае ўмяшанне Турцыі ў канфлікт у Лівіі на баку УНЗ значна аслабіла пазіцыі прыхільнікаў Хафтара. У красавіку—маі туркі і сараджысты аднавілі кантроль над мяжой з Тунісам, захапалі паветранную базу Аль-Ватыя, гарады Сабрат, Сурман і Эль-Аджайлат. Супраціў УНЗ стаў больш жорсткім, а само прасоўванне атрадаў ЛНА прыпынілася[11]. У чэрвені фронт стабілізаваўся па лініі Сірт—Джуфра. Меркавалася, што войскі УНЗ распачнуць спробу адваяваць горад, але баявыя дзеянні абмежаваліся асобнымі сутыкненнямі на захад ад населенага пункта. У гэты час бакі праяўлялі нізкую актыўнасць. «Стаянне ля Сірта» стала апошняй буйной кампаніяй грамадзянскай вайны[12].

Зноскі