Табулятар
Табуля́тар[1][2] — электрамеханічная машына, прызначаная для аўтаматычнай апрацоўкі (сумавання і катэгарызацыі) лічбавай і літарнай інфармацыі, запісанай на перфакартах, з выдачай вынікаў на папяровую стужку ці спецыяльныя бланкі. Таксама прыстасаванне ў пішучых машынках для друкавання табліц[1][2].
Ужываліся для апрацоўкі масіваў інфармацыі да таго, як сталі шырока распаўсюджаны электронна-вылічальныя машыны. У СССР з’яўляліся асноўным тэхналагічным абсталяваннем машыналічыльных станцый. Таксама выкарыстоўваліся ў вылічальных цэнтрах як дапаможнае абсталяванне для апрацоўкі параўнальна невялікіх масіваў інфармацыі, якія не патрабуючць выканання лагічных аперацый.
Табулятары маглі досыць эфектыўна выконваць дзеянні складання і адніманні. Множанне і дзяленне выконваліся метадам паслядоўнага шматразовага складання і аднімання. Праца табулятара здзяйснялася ў адпаведнасці з набранай на камутацыйнай панэлі праграмай.
Гісторыя стварэння
Першы статыстычны табулятар быў пабудаваны амерыканцам Германам Холерытам, з мэтай паскорыць апрацоўку вынікаў перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў ЗША ў 1890 годзе. Ідэя магчымасці выкарыстання для гэтых мэт перфакарт належала высокапастаўленаму чыноўніку бюро перапісу Джону Шоу Білінгсу (будучаму цесцю Холерыта). Холерыт скончыў працу над табулятарам да 1890 года. Затым у бюро перапісу былі праведзены выпрабаванні, і табулятар Холерыта ў спаборніцтве з некалькімі іншымі сістэмамі быў прызнаны лепшым. З вынаходнікам быў заключаны кантракт. Пасля правядзення перапісу Холерыт быў узнагароджаны некалькімі прэміямі, і атрымаў званне прафесара ў Калумбійскім універсітэце.
Холерыт арганізаваў фірму па вытворчасці табуляцыйных машын TMC (Tabulating Machine Company), прадаючы іх чыгуначным упраўленням і ўрадавым установам. Гэтаму прадпрыемству спадарожнічаў поспех. З гадамі яно зведала шэраг змен — зліццяў і пераназванняў. З 1924 года фірма Холерыта стала называцца IBM.
Зноскі
Літаратура
- Табуля́тар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 368. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Табуля́тар // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1: С — Улагодзіць / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 456. — 663 с.
- Табуля́тор / Румянцев Г. С. // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 163. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Табуля́тор // Большая политехническая энциклопедия (руск.) / Авт.-сост. В. Д. Рязанцев. — М.: Мир и образование, 2011. — С. 518. — 704 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-5-94666-621-3.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Табулятар
- Табулятары(недаступная спасылка) у музеі гісторыі айчынных камп’ютараў Архівавана 1 верасня 2007.
- Гісторыя камп’ютара. Табулятар Холерыта
- Г. В. Электрическая машина Голлерита для подсчета статистических данных В. О. Ф. Э. М. 1895 г. № 225. Стр. 193—201.