Сяргей Аляксандравіч Гусачэнка

Сярге́й Аляксандравіч Гусачэ́нка (нар. 5 лістапада 1983, Мінск, БССР, СССР[2]) — прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, тэлевядучы, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі.

Сяргей Аляксандравіч Гусачэнка
Род дзейнасціпрапаганда
Дата нараджэння5 лістапада 1983(1983-11-05) (40 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
ЖонкаВольга Макей
Месца працы
Альма-матар
Узнагароды і прэміі

Прыз «Тэлевяршыня» ў розных намінацыях[1]

Біяграфія

Нарадзіўся ў Мінску. У 2006 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

Падчас вучобы стажыраваўся ў Швецыі[3], супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, у тым ліку з «Нашай Нівай»[4].

З 2005 года працаваў рэдактарам агенцтва тэленавін  (руск.) Белтэлерадыёкампаніі. У 2007—2013 гадах працаваў спецыяльным карэспандэнтам і палітычным аглядальнікам, з 2013 года — загадчыкам аддзела палітычных аглядальнікаў, з 2015 года — намеснікам галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі, з 2017 года — дырэктарам галоўнай дырэкцыі агенцтва тэленавін  (руск.)[5].

З 2018 года — намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі[4].

Прапагандысцкая дзейнасць

Займаў пасаду намесніка Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь падчас масавых мірных пратэстаў, якія адбываліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года і суправаджаліся беспрэцэдэнтным гвалтам прадстаўнікоў сілавых органаў супраць дэманстрантаў, у тым ліку забойствамі.

Займаўся дыскрэдытацыяй і ачарненнем праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі[6][7][8], ачарненнем беларускай дыяспары[9][10], ачарненнем украінскага Еўрамайдана 2013—2014 гадоў[4] і антыўкраінскай прапагандай[10], распаўсюдам ілжывай інфармацыі пра дзейнасць пасольства Швецыі ў Беларусі на чале з паслом Стэфанам Эрыксанам[4].

Міжнародныя санкцыі

21 чэрвеня 2021 года ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза. Паводле рашэння Савета Еўрапейскага саюза, Гусачэнка «на пасадзе намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі, дзяржаўнага тэлебачання, аўтара і вядучага штотыднёвага прапагандысцкага тэлешоу „Галоўны эфір“ ахвотна даваў беларускай грамадскасці ілжывую інфармацыю пра вынікі выбараў, пратэстаў і рэпрэсій, якія здзяйсняюцца дзяржаўнымі ўладамі. Ён нясе непасрэдную адказнасць за тое, як дзяржаўнае тэлебачанне прадстаўляе інфармацыю пра сітуацыю ў краіне, аказваючы падтрымку ўладам, у тым ліку Лукашэнку»[2]. 6 ліпеня да санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[11]. 7 ліпеня 2021 года Гусачэнка трапіў у санкцыйны спіс Швейцарыі[12][13], а 2 снежня — і ў санкцыйны спіс Вялікабрытаніі[14].

У маі 2023 года Еўрапейскі суд адхіліў пазоў Гусачэнкі, які патрабаваў зняцця санкцый ЕС[15].

Асабістае жыццё

Жонка — Вольга Макей, палітычная аглядальніца БТ[16]. Аляксандр Лукашэнка падараваў на вяселле Гусачэнкі і Макей мех бульбы[17].

Зноскі