Першы Слуцкі полк

Пе́ршы Слу́цкі полк стральцо́ў — вайсковая часць Беларускай Народнай Рэспублікі, створаная ў лістападзе 1920 года ў Слуцку.

1-ы Слуцкі полк
Сцяг 1-га Слуцкага палка
Гады існавання1920
КраінаБеларуская Народная Рэспубліка
ПадпарадкаваннеУрад БНР
Уваходзіць уСлуцкая брыгада
Тыпполк
Складаецца з3 батальёны
Функцыяабарона Слуцкага павета
Колькасць2500 чал.
ДыслакацыяСемежава
ДэвізТым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына
Рыштунак300 карабінаў, вінтоўкі, 10 кулямётаў
Удзел уСлуцкі збройны чын
Вядомыя камандзірыПавел Пятровіч Чайка

Быў асноўнай ваеннай часткай Слуцкай брыгады, якая бараніла Слуцкі павет БНР ад расійскіх бальшавікоў у ходзе Слуцкага збройнага чыну 1920 года.

Гісторыя

У жніўні 1920 г. капітан Антон Самусевіч вярнуўся ў родны Слуцк, дзе сабраў у полк каля 2500 чалавек. Камандзір Асобнага аддзела войскаў БНР генерал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў Антона Самусевіча камандзірам 1-га Слуцкага палка і вылучыў 30 000 польскіх марак на закуп зброі і абмундзіравання. Спачатку на ўзбраенні налічвалася 300 карабінаў, якія дапоўнілі 500 вінтоўкамі[1].

21 лістапада 1920 года Рада Случчыны зацвердзіла Дэкларацыю, у якой заклікала «стаяць за незалежнасць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа». У выніку пачалася мабілізацыя ў Слуцкую брыгаду, якая ўключыла 2 палкі. 22 лістапада 1920 г. Рада Случчыны зацвердзіла стварэнне 1-ага Слуцкага палка стральцоў у складзе 3-х батальёнаў. Аднак сябры Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Радзе Случчыны адмовіліся ўхваліць прызначэнне Самусевіча камандзірам палка. Тады Самусевіч здаў камандаванне падпалкоўніку Паўлу Чайку. З Гродна даслалі сцяг 1-га Слуцкага палка з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Камандзірам 1-га батальёна быў прызначаны падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, 2-га — капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, 3-га — капітан Аляксей Колпак. Пасаду начальніка гаспадарчай часці заняў прапаршчык Кашкарэвіч. Паручнік Кахановіч выконваў абавязкі ад’ютанта. Роты ўзначалілі: 1-ю — паручнік Якуб Гузней; 4-ю — Аляксандр Савановіч; 5-ю — паручнік Павел Бранавіцкі, 6-ю — падпаручнік Нікадзім Кернажыцкі. Агулам налічвалася 9 ротаў. Кулямётную каманду склалі 10 чалавек. Аддзел разведкі ўзначаліў прапаршчык Шыманскі[1].

27 лістапада 1920 г. 1-ы Слуцкі полк займаў участак ад Семежава (цяпер Капыльскі раён) да Вызны (цяпер Салігорскі раён) працягласцю каля 20 км, калі пачаліся баі Слуцкага збройнага чыну. 6-я рота 1-га Слуцкага палка захапіла ў палон разведвальны атрад расійскіх бальшавікоў пад 4-ма вёскамі (цяпер Капыльскага раёна) Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава. У ходзе боя пад Васільчыцамі стралец Піліп Валодзька атрымаў цяжкае раненне і стаў першым памерлым удзельнікам слуцкага паўстання[2]. Расійскія чырвонаармейцы страцілі 3 чалавекі забітымі, 3 — параненымі і яшчэ 1 чырвонаармеец трапіў у беларускі палон. 5-я рота 1-га Слуцкага палка пасля бою вызваліла 2 вёскі (цяпер Капыльскага раёна) Лютовічы і Дашнава і паланіла 5 расійскіх чырвонаармейцаў. 7-я і 8-я роты 1-га Слуцкага палка адбілі напад расійскага войска на вёску Мацкевічы[1].

30 лістапада 1920 г. расійскія войскі падцягнулі новыя ваенныя часткі пад вёску Вужыца (Бабруйскі павет) на ўсход ад Слуцка, дзе спынілі наступ 1-га Слуцкага палка. 2 снежня начальнік разведкі Слуцкай брыгады Антон Мірановіч арыштаваў камандзіра 1-га Слуцкага палка Паўла Чайку, пасля перахопу яго ліста да расійскіх бальшавікоў. Новым камандзірам стаў падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч. 4 снежня 1920 г. часткі 8-й і 17-й дывізій 16-й арміі расійскіх бальшавікоў выціснулі 1-ы Слуцкі полк з Вызны. 7 снежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк адступіў з Семежава ў Подчыцы, адкуль у Грыцэвічы (цяпер Клецкі раён)[1].

12 снежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк вызваліў Семежава, дзе завалодаў запасам снарадаў. Істотную ролю ў наступе адыграла 2-я рота. 17 снежня 1-ы Слуцкі полк вызвалі Вызну, аднак адступіў з яе 19 снежня. Пры наступе на Слуцк расійскія войскі выкарыстоўвалі 6 браневікоў. Пагатоў 1-ы Слуцкі полк меў па 30-40 вінтовак на роту. 20 снежня полк зноў пакінуў Семежава, адкуль адступіў у Морач (Клецкі раён), а затым у Заастравечча. 28 снежня 1920 г. Найвышэйшая рада БНР на пасяджэнні ў Баранавічах пастанавіла распусціць Слуцкую брыгаду, у тым ліку 1-ы Слуцкі полк. У той дзень большасць (1500) стральцоў перайшла раку Лань, дзе іх інтэрнавала польскае войска. Астатнія 400 чалавек увайшлі ў склад падпольнай арганізацыі «Зялёны Дуб»[1].

Сцяг

Сцяг Першага Слуцкага палка стральцоў БНР. Вільня, 1921 год. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Любоў Зяневіч (вышывальшчыца), Антон Борык

У канцы снежня 1920 года паўстанцы Першага Слуцкага палка атрымалі свой сцяг. Яго вышылі беларускія жанчыны-патрыёткі з Гродна.

Сцяг быў залацістага колеру. 2 метры ў даўжыню і 1 метр у шырыню. Пасярэдзіне герб «Пагоня» памерам каля 45 сантыметраў, навокал якога надпіс «Першы Слуцкі полк стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі».

Случчакі атрымалі штандар ад Рады БНР за ўдзел у баях і захавалі падчас інтэрнавання ў Польшчы. Пасля яго з сабой у Вільню забраў камандзір палка Антон Сокал-Кутылоўскі.

Улетку 1921 года Сокал-Кутылоўскі звярнуўся да Пінскага і Навагрудскага епіскапа Панцеляймона, які на той час жыў у Навагрудку, з просьбай прыняць сцяг на захаванне ў Навагрудскі сабор, але ён у гэтым адмовіў.

Сцяг захоўваўся ў Сокал-Кутылоўскага да 1931 года, калі падчас вобшуку яго канфіскавала польская паліцыя.

Камандзіры

  • Антон Самусевіч (жнівень — 22 лістапада 1920), капітан
  • Павел Чайка (22 лістапада — 2 снежня 1920), падпалкоўнік
  • Ахрэм Гаўрыловіч (2—31 снежня 1920), падпалкоўнік

Зноскі

Спасылкі