Рэ́зэкнэ (лат.: Rēzekne, латг.: Rēzne, бел.: Рэжыца) — горад у Латвіі. Да 1917 і ў 1944—1945 г. афіцыйная назва Рэжыца. «Сэрца Латгаліі», пабудаваны на сямі пагорках. Знаходзіцца на ўсходзе Латвіі, за 238 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі. Адзін з самых буйных транспартных вузлоў ў Латвіі, а таксама эканамічны, культурны і адукацыйны цэнтр краіны.
Горад узнік на месцы латгальскага ўмацавання IX—XIII стагоддзяў пасля яго зруйнавання Лівонскім Ордэнам. Рыцары Ордэна пабудавалі новы замак, ад якога да цяперашняга часу засталіся толькі рэшткі. Упершыню Рэзэкнэ згадваецца ў 1285 годзе пад назвай Rositten (Розітэн).
У пачатку XX стагоддзя ў Рэжыцы развіваецца прамысловасць, горад расце. У 1914 годзе колькасць насельніцтва склала 23 тысячы чалавек. У 1917 годзе горад прымае Першы з’езд латышоў і латгалаў. З атрыманнем Латвіяй незалежнасці, Рэзэкнэ стаў цэнтрам латгальскай культуры.