Рыдэрх ап Іестын

Рыдэрх ап Іестын (вал.: Rhydderch ap Iestyn, памёр у 1033) — кароль Гвента з пачатку другога дзесяцігоддзя XI стагоддзя па 1033 год, фактычны кіраўнік усяго паўднёвага Уэльса на працягу апошняга дзесяцігоддзя свайго жыцця. Заснавальнік дынастыі, прадстаўнікі якой адыгрывалі важную ролю ў палітычных смутах XI стагоддзя ва Уэльсе[2].

Рыдэрх ап Іестын
вал.: Rhydderch ap Iestyn
Сцяг Кароль Гвента і Маргануга[1]
каля 1015 — 1033
ПапярэднікРыс ап Оўайн ап Морган,
Іестын ап Оўайн ап Морган,
Хівел ап Оўайн ап Морган
ПераемнікГрыфід ап Рыдэрх
Сцяг Кароль Дэхейбарта
1023 — 1033
ПапярэднікЛівелін ап Сейсіл
ПераемнікХівел ап Эдвін
НараджэннеX стагоддзе
Смерць1033(1033)
ДзеціГрыфід ап Рыдэрх

Біяграфія

Не захавалася звестак пра дакладны час нараджэння Рыдэрха, роўна як і пра яго паходжанне[3]. Меркавана, яго першапачатковыя ўладанні знаходзіліся ў Гвінлугу і верхнім Гвенце, а да 1020-х гадоў ужо можна было казаць пра яго дамінаванне ў паўднёва-ўсходнім Уэльсе. Пасля смерці ў 1023 годзе Лівеліна ап Сейсіла, які пяццю гадамі раней захапіў уладу ў Гвінедзе і Дэхейбарце, Рыдэрх ап Іестын падпарадкоўвае сабе апошні. Запіс у «Хроніцы прынцаў» за гэты год паведамляе, што Рыдэрх становіцца «кіраўніком поўдня»[4].

На працягу дзесяці гадоў ён кіраваў сваімі землямі. У даравальных граматах Рыдэрха, захаваных у «Кнізе з Ландава», сын Іестына называецца каралём Маргануга, аднак там жа зафіксаваны яго прэтэнзіі на ўладу над усім Уэльсам[5]. Ландаўскія запісы гавораць пра яго як пра «кіраўніка ўсяго Уэльса, акрамя вострава Мона, якім валодае Іяга ап Ідвал».

У 1033 годзе Рыдэрх ап Іестын загінуў, а пра акалічнасці яго смерці вядома толькі тое, што ён быў забіты ірландцамі. Уладанні Рыдэрха ў Гвенце, а таксама яго палітычныя амбіцыі на панаванне ў паўднёвым Уэльсе, перайшлі па спадчыне да яго сына — Грыфіда ап Рыдэрха.

Дзеці

  • Карадаг ап Рыдэрх ( ? - 1056)
  • Рыс ап Рыдэрх ( ? - 1053)
  • Грыфід ап Рыдэрх ( ? - 1055)

Зноскі