Прававая ініцыятыва (Беларусь)

беларуская праваабарончая арганізацыя, цяпер зарэгістраваная ў Літве

Прававая ініцыятыва[1] — праваабарончая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі з 1996 года. Асноўныя кірункі дзейнасці — асвета ў галіне правоў чалавека і абарона пацярпелых ад парушэнняў правоў чалавека. У 2020 годзе «Прававая ініцыятыва» ініцыявала стварэнне спецпраекта «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі»[2].

Прававая ініцыятыва
Краіна
Тып арганізацыіправаабарончая арганізацыя[d]
КіраўнікВікторыя Фёдарава[d]
Заснаванне
Дата заснавання1996
legin.info

Мэты, задачы, кірункі дзейнасці

«Прававая ініцыятыва» вылучае два ключавыя кірункі сваёй працы — абарона ахвяраў парушэння правоў чалавека і асвета ў галіне правоў чалавека.

Задачы арганізацыі
  • Асвета. «Прававая ініцыятыва» імкнецца павысіць узровень ведаў пра правы чалавека ў беларускім грамадстве. З гэтай мэтай арганізацыя рэгулярна праводзіць праваабарончыя курсы[3], трэнінгі, адукацыйныя мерапрыемствы[4], распаўсюджвае адукацыйныя матэрыялы, папулярызуе правы чалавека праз квізы[5] і гульнявыя фільмы[6], а таксама вядзе YouTube-канал[7] і сацыяльныя сеткі, дзе распавядае пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
  • Абарона пацярпелых парушэнняў правоў чалавека. «Прававая ініцыятыва» дапамагае пацярпелым ад катаванняў і жорсткага абыходжання абараніць свае правы, дае кансультацыйную і прававую падтрымку, а таксама прадстаўляе інтарэсы пацярпелых у нацыянальных і міжнародных інстанцыях.
  • Інфармаванне міжнародных арганізацый пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. «Прававая ініцыятыва» ажыццяўляе маніторынг парушэнняў правоў чалавека на тэрыторыі Беларусі і інфармуе пра гэта міжнародную супольнасць. З 2010 года арганізацыя факусуецца на парушэнні свабоды ад катаванняў і жорсткага абыходжання.

Ва ўсіх аспектах сваёй працы «Прававая ініцыятыва» прытрымлівацца асноўных прынцыпаў праваабарончай дзейнасці, акцэнтуючы ўвагу на неад’емнасці, непадзельнасці і ўніверсальнасці правоў чалавека, а таксама на неабходнасці захавання законнасці і справядлівасці[8].

Храналогія

«Прававая ініцыятыва» была заснаваная ў 1996 годзе беларускім праваабаронцам і грамадскім дзеячам Барысам Звозскавым.

З 2017 года і па сённяшні дзень старшынёй Прававой ініцыятывы з’яўляецца праваабаронца і юрыстка Вікторыя Фёдарава.

Да 2021 года арганізацыя вяла актыўную дзейнасць у Беларусі. Сярод кірункаў працы былі: маніторынг судоў і арміі, навучальныя курсы і трэнінгі, напісанне скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека, папулярызацыя правоў чалавека праз арганізацыю квізаў, квэстаў, праваабарончыя фільмы і відэа.

У 2020 годзе «Прававая ініцыятыва» ініцыявала стварэнне Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. У заснаванні камітэта прынялі ўдзел беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі[9].

У сакавіку 2021 кіраўніцтва арганізацыі і частка актыўных чальцоў пакінулі Беларусь у сувязі з пераследам за праваабарончую дзейнасць. Арганізацыя працягнула сваю дзейнасць, а таксама дакументаванне гісторый пацярпелых ад масавых катаванняў. Нягледзячы на рэпрэсіі, арганізацыя працягвае працаваць.[10]

У чэрвені 2021 г. кіраўніцтва Прававой ініцыятывы зарэгістравала арганізацыю ў Літве VšĮ «Teisinė iniciatyva»[11].

У межах разгрому грамадскіх арганізацый у ліпені 2021 года прайшлі ператрусы ў шэрага сяброў кіраўніцтва Прававой ініцыятывы, у тым ліку па месцы рэгістрацыі старшыні Вікторыі Фёдаравай.

У ліпені 2021 года кіраўніцтва арганізацыі даведалася пра зварот Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь з пазовам пра прыпыненне дзейнасці арганізацыі. Кіраўніцтва арганізацыі выступіла з заявай пра пераслед урадам па палітычных матывах, а таксама што незалежна ад рашэння суда працягне праваабарончую дзейнасць.[10]

5 кастрычніка 2021 Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь ліквідаваў Прававую ініцыятыву[12].

Дзейнасць арганізацыі

Абарона правоў чалавека ў Беларусі

Да 2021 года арганізацыя вяла актыўную дзейнасць у межах Беларусі. Сярод кірункаў дзейнасці былі: маніторынг судоў і арміі, праваабарончыя курсы і трэнінгі, напісанне скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека, арганізацыя квізаў і квэстаў, здымка праваабарончых фільмаў і відэа. Візітнай карткай арганізацыі быў курс «Грамадзянін і следства» — пра тое, як паводзіць сябе на допыце[13].

Пасля 2020 года «Прававая ініцыятыва» выпускае справаздачу пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі. Так, у 2023 годзе была апублікаваная справаздача «Катаванні людзей ЛГБТК+ і гамафобная палітыка рэжыму», якая распавядае пра тое, як рэжым Лукашэнкі пераследуе прадстаўнікоў і прадстаўніц ЛГБТК+[14]. А таксама справаздача «Палітычныя забойствы і смерці праз віну рэжыму», якая сістэматызуе інфармацыю пра смерці праз віну рэжыму[15].

Супрацьдзеянне катаванням

З 2010 года арганізацыя сістэмна займалася абаронай пацярпелых ад катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання праз абскарджанне на нацыянальным і міжнародным узроўні. Да таго як рэжым Лукашэнкі скасаваў магчымасць для беларусаў і беларусак падачу скаргаў у Камітэт па правах чалавека, прававой ініцыятывай было выйграна 2 справы — Павел Баркоўскі супраць Беларусі[16] і Ягор Баброў супраць Беларусі[17].

У 2020 годзе пасля пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і далейшай хвалі беспрэцэдэнтнага гвалту, «Прававая ініцыятыва» ініцыявала стварэнне Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі — спецыяльнага праекта, мэтай якога з’яўляецца задакументаваць як мага больш выпадкаў катаванняў і захаваць доказы злачынстваў рэжыму[18].

Таксама «Прававая ініцыятыва» з’яўляецца ініцыятарам альтэрнатыўнай справаздачы НДА ў Камітэт супраць катаванняў ААН[19].

Тыдзень супраць катаванняў

«Тыдзень супраць катаванняў» — асветніцкая кампанія, якая рэалізуецца ў выглядзе штогадовага цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню ў падтрымку пацярпелых ад катаванняў (26 чэрвеня)[20]. Мэта кампаніі — прыцягнуць увагу да катаванняў у Беларусі[21].

Да 2020 года мерапрыемствы праходзілі ў Беларусі. Пасля таго як арганізацыя вымушаная была пакінуць краіну з-за палітычнага пераследу, кампанія атрымала міжнародны ўзровень і праводзіцца ў Літве, Польшчы і іншых краінах.

Навучанне правам чалавека

Адукацыя ў галіне правоў чалавека — адзін з ключавых кірункаў дзейнасці Прававой ініцыятывы. Арганізацыя рэгулярна праводзіць афлайн-курсы па правах чалавека, на якіх знаёміць праваабаронцаў, якія толькі пачынаюць, з базавымі прынцыпамі праваабарончай дзейнасці[22].

Акрамя гэтага, «Прававая ініцыятыва» ладзіць курсы і трэнінгі ў нестандартных фарматах, каб пашырыць аўдыторыю людзей, якія цікавяцца правамі чалавека. Так, напрыклад, арганізацыя ў 2023 годзе праводзіла «Кінатрэнінг», мэтай якога было навучыць удзельнікаў і ўдзельніц здымаць фільмы пра правы чалавека[23].

Папулярызацыя правоў чалавека

Акрамя непасрэднага навучання правам чалавека арганізацыя прыкладае ўсе намаганні, каб папулярызаваць правы чалавека. На YouTube-канале арганізацыі, вакладаюцца фільмы і відэаролікі пра правы чалавека, праводзіць прамыя эфіры з экспертамі і эксперткамі[24].

Акрамя гэтага арганізацыя здымае інтэрактыўныя гульнявыя фільмы, прысвечаныя правам чалавека[25]. А ў 2018 годзе «Прававая ініцыятыва» зняла праваабарончы серыял «Степаныч»[26].

«Прававая ініцыятыва» таксама спецыялізуецца на напісанні і правядзенні квізаў па правах чалавека[27].

Міжнародная адвакацыя

У межах міжнароднай адвакацыі «Прававая ініцыятыва» актыўна ўдзельнічае ў міжнародных форумах і мерапрыемствах для прыцягнення ўвагі да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

На 52-й сесіі Рады па правах чалавека ААН Вікторыя Фёдарава, займаючы пазіцыю старшыні Прававой ініцыятывы і з’яўляючыся прадстаўніцай Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, узняла пытанне пра крытычную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Нягледзячы на раней выказаныя асцярогі Рады ў 2020 годзе, беларускія ўлады не зрабілі эфектыўных крокаў для паляпшэння сітуацыі. У сваім выступе Фёдарава ўказала на пагаршэнне крызісу ў галіне правоў чалавека ў 2022 годзе, уключаючы нармалізацыю катаванняў, масавы пераслед апазіцыйна настроеных грамадзян і падтрымку Беларуссю расійскай агрэсіі супраць Украіны[28].

У кастрычніку 2023 года на Канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве Вікторыя Фёдарава выступіла з аналізам праблемы беспакаранасці ўладаў Лукашэнкі, што з’яўляецца перашкодай для спынення рэпрэсій, аднаўлення справядлівасці для ахвяраў і правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў[29].

На форуме «Будучыня дэмакратыі» ў Вільні, які праходзіў 9-10 лістапада, Фёдарава звярнула ўвагу на патрэбы дэмакратычна актыўных грамадзянаў, якія працуюць ва ўмовах абмежаванняў, і абмеркавала метады міжнароднай падтрымкі ў крытычных сітуацыях[30].

«Прававая ініцыятыва» таксама актыўна займаецца падрыхтоўкай і прадстаўленнем дакладаў для міжнародных арганізацый, уключаючы Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні правоў на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, Маскоўскі механізм АБСЕ[31] і Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні катаванняў. Гэтыя даклады ахопліваюць шырокі спектр праблемаў, у тым ліку парушэнне права на свабоду ад катаванняў, бесчалавечнае абыходжанне, парушэнні правоў чалавека ў кантэксце вайны ва Украіне і сістэмныя перашкоды для судовай абароны ў Беларусі.

Такім чынам, «Прававая ініцыятыва» выкарыстоўвае міжнародныя платформы і механізмы для асвятлення парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, імкнучыся прыцягнуць увагу сусветнай супольнасці да крызісу правоў чалавека ў Беларусі.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі

Дзейнасць Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі — спецпраект Прававой ініцыятывы, заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі[32].

Пасля выбараў 2020 года Беларусь сутыкнулася з рэкордным узроўнем гвалту. З 9 па 12 жніўня толькі афіцыйна затрымалі больш за 3000 мірных пратэстоўцаў[33]. Дакладных лічбаў пра колькасць рэпрэсаваных за 2021 і 2022 год няма да гэтага часу, але лік ідзе на тысячы. Рэпрэсіі працягваюцца і пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі быў заснаваны, каб фіксаваць выпадкі масавых катаванняў і не дапусціць беспакаранасці ў будучыні.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі працуе ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і ўваходзіць у Міжнародную платформу падсправаздачнасці Беларусі (IAPB) — кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі намаганні для збору, кансалідацыі, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы па міжнародным праве, учыненыя беларускім урадам пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе[34].

Асноўныя кірункі дзейнасці Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі
  • Дакументаванне выпадкаў катаванняў. Міжнародны камітэт імкнецца задакументаваць максімум выпадкаў катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, каб захаваць доказы міжнародных злачынстваў у Беларусі да моманту, калі ў Беларусі стануць магчымымі справядлівыя суды і прыцягненне вінаватых да адказнасці.
  • Справаздачы і расследаванні. На аснове задакументаваных гісторый Міжнародны камітэт складае справаздачы і праводзіць грамадскія расследаванні. Мэта гэтага — сістэматызацыя парушэнняў правоў чалавека, стварэнне хронікі развіцця падзей і фіксацыя патэнцыйных злачынцаў.
  • Універсальная юрысдыкцыя. Міжнародны камітэт дапамагае пацярпелым пачаць расследаванне па іх справе ў іншай краіне з дапамогай механізма ўніверсальнай юрысдыкцыі. Цяпер такое расследаванне вядзецца ў Літве.

Справаздачы і расследаванні Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

Справаздачы і даклады
  1. «Масавыя катаванні ў Беларусі. Першая прамежкавая справаздача». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд сітуацыі ў Беларусі пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе.[35]
  2. «Масавыя катаванні ў Беларусі. Другая прамежкавая справаздача». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд умоваў утрымання і абыходжання з затрыманымі па палітычных прычынах у верасні—лістападзе 2020 года.[36]
  3. «Масавыя катаванні ў Беларусі. Трэцяя прамежкавая справаздача». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да жанчын.[37]
  4. «Масавыя катаванні ў Беларусі 2020—2021». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд умоваў утрымання ў месцах несвабоды са жніўня 2020 года па травень 2021 года.[38]
  5. «Беларусь: злачынствы супраць чалавечнасці». У гэтай справаздачы даецца юрыдычная ацэнка злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі.[39]
  6. «Беларусь: скаардынаваная палітыка катаванняў». У гэтай справаздачы прыводзіцца судова-медыцынская экспертыза 50 выпадкаў катаванняў.[40]
  7. «Беларускі ўдзел у вайне ва Украіне: рэжым і народ». У гэтай справаздачы прыводзіцца агляд антываенных дзеянняў грамадзянаў Беларусі і рэакцыя рэжыму Лукашэнкі на падтрымку Украіны.[41]
  8. «ГУБАЗіК — карнае падраздзяленне рэжыму па барацьбе з іншадумствам». У аснову даклада легла інфармацыя пра масавыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы з боку сілавых органаў у Беларусі на працягу 2020—2022 гадоў.[42]
  9. «Катаванні ў Беларусі». У гэтым дакладзе даецца агляд сітуацыі крызісу правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прыняцця Камітэтам супраць катаванняў ААН спісу пытанняў да Рэспублікі Беларусь.[43]
Грамадскія расследаванні
  1. «Катаванні ў Фрунзенскім РУУС г. Мінска 9-12 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Фрунзенскім РУУС г. Мінска, якія адбываліся 9—12 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[44]
  2. «Катаванні ў ЦІП Акрэсціна 9-14 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў г. Мінску, якія адбываліся 9—14 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[45]
  3. «Катаванні ў Савецкім РУУС г. Мінска 9-13 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Савецкім РУУС г. Мінска, якія адбываліся 9—13 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[46]
  4. «Катаванні ў Цэнтральным РУУС г. Мінска 9-13 жніўня 2020 года». У расследаванні апісваецца храналогія падзеяў у Цэнтральным РУУС г. Мінска, якія адбываліся 9—13 жніўня 2020 года, прыводзіцца спіс патэнцыйных вінаватых і даецца прававая ацэнка іх дзеянням.[47]

Крыніцы