У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Помнік (значэнні).
Помнік — твор мастацтва, створаны для ўшанавання памяці аб людзях і падзеях. Самыя распаўсюджаныя віды помнікаў — скульптурная група, статуя, бюст, мемарыяльная дошка, трыўмфальная арка, калона, абеліск і да т.п. Прататыпамі помнікаў былі пахавальныя збудаванні самых старажытных чалавечых грамадстваў — мегаліты і курганы, а таксама абеліскі, піраміды і г. д. У наступныя эпохі грабніцы і надмагіллі нярэдка выконвалі ролю помнікаў. Аднак звычайна пад помнікам у вузкім сэнсе разумеюць творы, у якіх мемарыяльная функцыя выразна пераважае над пахавальнай або культавай (хоць апошнія і не выключаюцца).
Распаўсюджванне адасобленых скульптурных помнікаў, якія праслаўляюць пэўную чалавечую асобу, пачынаецца ў Старажытнай Грэцыі; ў мастацтве элінізму і Старажытнага Рыма фігуры ў падобных манументах ўжо значна індывідуалізуюцца. Антычныя помнікі змяшчаліся спачатку на свяшчэнных участках, а з 6 стагоддзя да н.э. — у цэнтрах гарадскога жыцця, напрыклад, на агоры. Помнікі Старажытнага Рыма, асабліва трыўмфальныя аркі і калоны, сталі важнымі элементамі прасторавай кампазіцыі плошчаў-форумаў. Найбольш характэрныя віды помнікаў у сярэднявяковайЕўропе — крыжы, якія пазначалі тыя ці іншыя памятныя месцы, а таксама (пераважна на захадзе) скульптурныя выявы данатараў у цэрквах.