Народны камісарыят унутраных спраў СССР (НКУС СССР) — цэнтральны орган дзяржаўнага кіравання СССР па барацьбе з злачыннасцю і падтрыманні грамадскага парадку ў 1934—1946 гадах. Пасля быў перайменаваны ў Міністэрства ўнутраных спраў СССР.
За перыяд свайго існавання НКУС СССР выконваў дзяржаўныя функцыі, як звязаныя з аховай парадку і дзяржаўнай бяспекі, так і ў сферы камунальнай гаспадаркі і эканомікі краіны. На тэрыторыі Беларусі функцыі НКУС ажыццяўляў Народны камісарыят унутраных спраў БССР (НКУС БССР).
Народны камісарыят унутраных спраў СССР створаны 10 ліпеня 1934 года. Наркамам унутраных спраў СССР быў прызначаны Генрых Ягода.
На НКУС былі ўскладзеныя наступныя задачы:
забеспячэнне грамадскага парадку і дзяржаўнай бяспекі,
ахова сацыялістычнай уласнасці,
запіс актаў грамадзянскага стану,
памежная ахова,
утрыманне і ахова папраўча-працоўных лагераў.
У верасні 1936 года наркамам унутраных спраў СССР прызначаны Мікалай Яжоў.
Са снежня 1938 года наркамам унутраных спраў СССР прызначаны Лаўрэнцій Берыя.
3 лютага 1941 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР НКУС быў падзелены на два самастойныя органы: НКУС (наркам — Лаўрэнцій Берыя) і наркамат дзяржаўнай бяспекі СССР (НКДБ) (наркам — Усевалад Мяркулаў). Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны 20 ліпеня 1941 года НКУС і НКДБ былі вернутыя да структуры адзінага наркамата — НКУС, наркамам унутраных спраў СССР застаўся Берыя, а былы наркам дзяржбяспекі СССР Мяркулаў быў прызначаны яго першым намеснікам. 14 красавіка 1943 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР шляхам выдзялення з НКУС аператыўна-чэкісцкіх упраўленняў і аддзелаў ізноў быў сфармаваны самастойны наркамат дзяржаўнай бяспекі СССР (НКДБ СССР) пад кіраўніцтвам Мяркулава.
У снежні 1945 года наркамам унутраных спраў СССР быў прызначаны Сяргей Круглоў.