Напады ў Дзербенце і Махачкале (2024)
23 чэрвеня 2024 года былі здзейснены ўзброеныя напады ў Дзербенце і Махачкале, гарадах у Рэспубліцы Дагестан, Расія[1]. Мэтамі сталі два праваслаўныя храмы, дзве сінагогі і пост ДПС[2]. Загінула 16 супрацоўнікаў праваахоўных органаў[3], 4 грамадзянскіх асоб[4][5], 5 нападнікаў. У рэгіёне ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. СК РФ паведаміў аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкуле «тэрарыстычны акт» (артыкул 205 КК РФ)[6].
Напады ў Дзербенце і Махачкале | |
---|---|
Месца нападу | Дзербент і Махачкала |
Мэта нападу | праваслаўныя храмы, сінагогі, пост ДПС |
Дата | 23 чэрвеня 2024 |
Зброя | запальныя сумесі, агнястрэльная зброя |
Загінулыя | 20 (+5 тэрарыстаў) |
Параненыя | 46 |
Перадгісторыя
Паўночна-Каўказскі рэгіён на поўдні Расіі ахоплены канфліктам з 1990-х гадоў. Пасля чачэнскіх войнаў у 2010-я гады працягвалася серыя тэрарыстычных нападаў і сутыкненняў паміж расійскімі і ісламісцкімі сіламі[7].
Дзербент і Махачкала — гарады ў Рэспубліцы Дагестан на расійскім Паўночным Каўказе, у якіх большасць насельніцтва складаюць прадстаўнікі мусульманскіх народаў Каўказа (каля 92% у Дзербенце і 84% у Махачкале, па даных перапісу 2021 года). Адначасова, у гэтых гарадах таксама гістарычна пражываюць меншасці этнічных рускіх і горскіх яўрэяў.
У 2019 годзе ў цэнтры Дзербента ўзвялі помнік дружбы трох рэлігій у кампазіцыі якога: равін, праваслаўны святар і імам. Прататыпам праваслаўнага святара з гэтай тройцы стаў настаяцель дзербенцкага праваслаўнага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Мікалай Кацельнікаў[8][9].
У 2023 годзе ў Дагестане, Карачаева-Чаркесіі і Кабардзіна-Балкарыі прайшоў шэраг антысеміцкіх акцый. Рост у рэгіёне ісламскага антысемітызму адбыўся на фоне абвастрэння палесціна-ізраільскага канфлікту.
Храналогія падзей
Падрыхтоўка
Баевікі рыхтавалі тэракты каля месяца — з сярэдзіны мая. У дзень атак свае дзеянні яны каардынавалі ў закрытым чаце на шэсць чалавек. Фотаздымак настаяцеля дзербенцкага храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Мікалая Кацельнікава быў замацаваны ў чаце, мяркуецца, што ён быў першай і канкрэтнай мэтай нападнікаў[10].
Дзербент
Сінагога Келе-Нумаз
У Дзербенце 23 чэрвеня каля 17:50[11] быў здзейснены напад на сінагогу Келе-Нумаз, заснаваную ў 1914 годзе на вуліцы Тагі-Задэ[12].
Пасля антысеміцкіх хваляванняў на Паўночным Каўказе ў 2023 годзе сінагога знаходзілася пад вонкавай аховай паліцыі і ўнутранай аховай прыватнага ахоўнага прадпрыемства.
Баевікі спісалі сцены спасылкамі на цытаты з Карана, якія могуць лічыцца антысеміцкімі, такімі як аят 2:120 «Юдэі і хрысціяне не будуць задаволеныя табой, пакуль ты не станеш прытрымлівацца іх рэлігіі» і аят 8:39 «Змагайцеся з імі, пакуль у іх не знікне спакуса і іх пакланенне не будзе цалкам прысвечана Алаху»[13].
Саму сінагогу нападнікі падпалілі[14], кінуўшы бутэлькі з запальнай сумессю[15]. Будынак быў цалкам знішчаны тэрарыстамі[16]. Да 1:00 пажар патушылі[17].
Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы
Telegram-канал Baza паведаміў, што праваслаўны храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы на вуліцы Леніна таксама падвергнуўся нападу з ужываннем аўтаматаў і бутэлек з запальнай сумессю[18]. Гэта адзіны праваслаўны храм у горадзе[19], пабудаваны ў 1899 годзе. Паведамлялася, што 66-гадоваму пробашчу Мікалаю Кацельнікаву перарэзалі горла[20], а ахоўніка храма Міхаіла застрэлілі. Дачка святара паведаміла, што нападнікі падпалілі абраз у храме, а пробашча забілі стрэлам у галаву ў яго доме[21].
Наступныя падзеі
Баевікоў заблакавалі ў памяшканні паблізу рэстарана «Хаял». Пасля 21:00 цэнтр горада абясточылі[22]. Да 22:06 яны затрыманы[22].
Махачкала
Сінагога на вуліцы Ярмошкіна
У Махачкале група людзей а 18:00 абстраляла сінагогу на вуліцы Ярмошкіна, 111, пачаўся пажар, адзін чалавек у сінагозе быў забіты. Будынак тушыць забаранілі з-за тэрарыстычнай пагрозы[23]. Па даных МЗС Ізраіля баевікі забілі двух ахоўнікаў (не яўрэяў), а яўрэяў або ізраільцян сярод пацярпелых няма[24].
Сярод баевікоў былі Асман — сын Магамеда Амарава (кіраўніка Сергакалінскага раёна Дагестана) і яго пляменнік, усіх ліквідавалі[25][26]. Частку нападнікаў затрымалі на пляжы[27].
Свята-Успенскі кафедральны сабор
Быў здзейснены напад і на Свята-Успенскі кафедральны сабор 1906 года — аб’ект культурнай спадчыны народаў Расіі, які знаходзіцца на вуліцы Арджанікідзэ[25].
У 19:50 Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт заявіў пра забойства двух баевікоў, а яшчэ двое былі затрыманыя[28]. Прыкладна а 21:00 у горад увялі бранятэхніку[22][29].
Пост ДПС
На вуліцы Ярмошкіна нападнікі абстралялі пост ДПС. Было апублікавана відэа, на якім бачна, як трое баевікоў, якія захапілі машыну патрульнай службы, вядуць перастрэлку. Двое з іх адкрылі агонь у бок паліцэйскіх, а яшчэ адзін знаходзіцца ў машыне[30].
Нападнікі (падазраваныя)
Паводле папярэдняй інфармацыі, трое з нападнікаў — сыны і пляменнік Магамеда Амарава, кіраўніка Сергакалінскага раёна Дагестана. Усе трое былі забітыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў[31]. Сам Амараў затрыманы для допытаў ФСБ[32]. Партыя «Адзіная Расія», членам якой ён з’яўляўся, паспяшалася выдаліць згадкі пра чыноўніка са свайго сайта[33], неўзабаве прэс-служба «Адзінай Расіі» паведаміла аб выключэнні Магамеда Амарава з партыі: «Пастанова прынятая ў адпаведнасці са Статутам — за дзеянні, якія дыскрэдытуюць „Адзіную Расію“»[34][35].
Забітыя:
- Асман Амараў, 31 год[36], сын Магамеда Амарава[37];
- Абдусамад Амадзіеў, 32 гады[36], пляменнік Магамеда Амарава[37];
- Меркавана — Гаджымурад Кагіраў, 28 гадоў[36], баец UFC у клубе Хабіба Нурмагомедава і выхаванец Абдулманапа Нурмагомедава[38].
- Алі Закарыгаеў, 35 гадоў, былы старшыня (да 2022) сергакалінскага аддзялення партыі «Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду»[39][40].
Першы час паведамлялася, што ў нападах загінуў і Адыль Амараў, яшчэ адзін сын Магамеда Амарава. Але, як высветлілася, ён не ўдзельнічаў у тэрактах і быў жывы[41][42].
Шэраг нападнікаў (усе жыхары рэспублікі) прысутнічаюць у базах даных МУС (адзначаны сувязямі з вахабітамі)[43]. Па даных сілавікоў Дагестана: «Мяркуючы па дзеяннях нападнікаў, іх выкрыках і вонкавым выглядзе, тэрарысты належаць да ісламісцкай тэрарыстычнай арганізацыі»[44]. Ёсць звесткі, што ўсе пяць забітых тэрарыстаў былі членамі тэрарыстычнай групы аднаго з сыноў Магамеда Амарава[45].
Член праўлення Нацыянальнай асацыяцыі юрыстаў Расіі Руслан Нагіеў заявіў, што браты Амаравы былі прыхільнікамі такфірызма — радыкальнага і забароненага ў Расіі ісламісцкай плыні, якая выступае супраць хрысціян і іудэяў, а таксама тых мусульман, якія ўступілі ў змову з «нявернымі». Праз свае погляды браты зладзілі год таму канфлікт з муфтыятам Дагестана[46].
Ахвяры
Па ўдакладненых даных, якія раніцай 24 чэрвеня паведаміў Следчы камітэт Расіі, загінулі 15 супрацоўнікаў праваахоўных органаў (на наступны дзень паведамлялася пра 16[47]) і чацвёра грамадзянскіх асоб, было забіта пяць тэрарыстаў[48].
Некаторыя загінулыя:
- начальнік аддзела паліцыі Дагестанскіх Агнёў Мавлудзін Хідзірнабіеў[49];
- протаіерэй Мікалай Кацельнікаў, найстарэйшы клірык Махачкалінскай епархіі РПЦ[50];
- ахоўнік храма Міхаіл Вавілін[51][52].
46 чалавек былі параненыя[53]
Па даных інтэрнэт-газеты «Взгляд», протаіерэй Мікалай стаў сёмым праваслаўным святаром у Расіі, якія загінулі[54] ад рук вахабітаў[55].
Наступствы
Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт (НАК) абвясціў аб увядзенні рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі ў Дагестане[56].
У Дагестане 24—26 чэрвеня абвясцілі днямі жалобы[57].
Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна ад 25 чэрвеня 2024 года ордэнам Мужнасці пасмяротна былі ўзнагароджаны святар Мікалай Кацельнікаў і загінулыя ў тэрактах супрацоўнікі паліцыі Дагестана. Медалём «За адвагу» быў пасмяротна ўзнагароджаны ахоўнік Свята-Успенскага кафедральнага сабора ў Махачкале Міхаіл Вавілін. Яшчэ 10 паліцэйскіх былі ўзнагароджаны медалём «За адвагу» II ступені з фармулёўкай «За мужнасць, адвагу і вернасць службоваму абавязку, праяўленыя пры адбіцці тэрарыстычнай атакі»[51][58].