Мінскі НДІ радыёматэрыялаў

Адкрытае акцыянернае таварыства «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў» — навукова-даследчае прадпрыемства ў складзе Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі. Працуе ў галіне распрацоўкі і вытворчасці электроннай кампанентнай базы ЗВЧ-тэхнікі.

ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў»
(МНДІРМ)
Міжнародная назваMINSK RESEARCH INSTITUTE OF RADIOMATERIALS
Дата заснавання1982
Тыпадкрытае акцыянернае таварыства
ДырэктарЮрый Міхайлавіч Кернасоўскі
Юрыдычны адрас Беларусь, 220024, Мінск, вул. Лейтэнанта Кіжаватава, 86-2.
Сайтmniirm.by

Гісторыя

Інстытут створаны загадам Міністэрства прамысловасці сродкаў сувязі СССР ад 16 верасня 1982 года № 420 дсп «Аб арганізацыі Мінскага навукова-даследчага інстытута радыёматэрыялаў» для распрацоўкі і арганізацыі вытворчасці электроннай кампанентнай базы ЗВЧ-тэхнікі на аснове перспектыўных паўправадніковых матэрыялаў злучэнняў А3В5.

Датай стварэння Мінскага НДІ радыёматэрыялаў з правам юрыдычнай асобы лічыцца 01 кастрычніка 1982 года.

У адпаведнасці са Статутам МНДІРМ, зацверджаным 30 верасня 1982 года намеснікам Міністэрства прамысловасці сродкаў сувязі, асноўным напрамкам работ МНДІРМ з’яўляюцца распрацоўка, выраб вопытных партый і прамысловае ўкараненне спецыяльных матэрыялаў і тэхналогій, неабходных для вырабу элементаў, схем і прылад мікраэлектронікі, функцыянальнай электронікі ў апаратуры сродкаў сувязі.

У перыяд з 1983 па 1989 гады было ажыццёўлена будаўніцтва адміністрацыйнага і лабараторна-вытворчага карпусоў інстытута, аснашчэнне інстытута неабходным сучасным навукова-даследчым і тэхналагічным абсталяваннем, камплектаванне штата інстытута спецыялістамі неабходных спецыяльнасцей, разгорнуты навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы па накіраванні дзейнасці інстытута.

3 2001 па 2010 МНДІРМ — навукова-даследчае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства, з 14.12.2010 — адкрытае акцыянернае таварыства.[1]. З 2003 — у складзе Дзяржкамваенпрама, з 2020 — у складзе НАН Беларусі.[2]

Інстытут валодае адзінай у рэспубліцы базай для распрацоўкі і вытворчасці оптаэлектронных вырабаў і ЗВЧ-маналітных інтэгральных сістэм падвышанай ступені інтэграцыі, сэнсарнай тэхнікі на аснове мікрамеханікі.

27 траўня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць інстытута[3].

Напрамкі дзейнасці

  • распрацоўка і вытворчасць элементнай базы і функцыянальных вузлоў ЗВЧ-тэхнікі (цвёрдацельныя ЗВЧ маналітна-інтэгральныя схемы — малашумныя ўзмацняльнікі і ўзмацняльнікі магутнасці, ахоўныя прылады, перамыкачы, атэнюятары, пераўтваральнікі частаты ЗВЧ-модулі і інш.)
  • распрацоўка і вытворчасць оптаэлектронных кампанентаў і модуляў на іх аснове (фотадэтэктары, святловыпрамяняльныя дыёды, паўправадніковыя лазеры, аптычныя модулі прыёму і перадачы)
  • вытворчасць матэрыялаў для паўправадніковай вытворчасці — падкладкі арсеніду галію стандарту «epi-ready»
  • распрацоўка сэнсарнай тэхнікі, модуляў і сістэм (датчыкі кута нахілу, ціску, паскарэння, электронны компас і інш.)
  • распрацоўка і выраб медыцынскай тэхнікі

Зноскі

Спасылкі