Мурава (Бярэзінскі раён)
Му́рава[1] (трансліт.: Murava, руск.: Мурово) — вёска ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Бярэзінскага сельсавета.
Вёска Мурава
|
Геаграфія
Знаходзіцца за 36 км на паўночны захад ад Беразіно, 136 км ад Мінска, на ўсходзе цячэ р. Бярэзіна (прыток р. Днепр), на паўночным захадзе і паўночным усходзе мяжуе з лесам. Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Калюжыца і далей па шашы Барысаў—Беразіно.
Планіровачна складаецца з трох вуліц: працяглай дугападобнай, арыентаванай амаль мерыдыянальна, прамалінейнай кароткай і злучанай з імі крывалінейнай кароткай вуліцы, трасіраванай з паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход. Забудавана пераважна двухбакова, няшчыльна, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Геалагічнае агаленне на правым беразе ракі Бярэзіна паміж вёсамі Мурава і Пабярэжжа з’яўляецца стрататыпам апошняга муравінскага міжледавікоўя, помнік прыроды. Лінзы міжледавіковых адкладаў ускрываюцца ў двух ярах на ўскраіне вёскі[2].
Гісторыя
На беразе р. Бярэзіна, ва ўрочышчы Замак (яно ж Пагулянка) размешчана гарадзішча 7 ст. да н.э. — 5. ст. н.э. і 6—8 ст. н.э., за 1 км на поўдзень ад вёскі — курган. Гэтыя археалагічныя помнікі сведчаць аб засяленні гэтых мясцін у далёкай старажытнасці.
У 1800 г. вёска Мураўка ўласнасць М. Валовіча, знаходзілася у Ігуменскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Па інвентарах 1845 г. Мураўка ў маёмасці графіні Ваньковіч. У сярэдзіне 19 ст. ў складзе маёнтка Калюжаны, уладанне К. Ваньковіча. У 1870 г. вёска ў Белічанскай воласці, 42 жыхары мужчынскага полу. Побач быў аднайменны маёнтак памешчыка Нядзведскага. Паводле перапісу 1897 г. ў вёсцы 28 двароў, 213 жыхароў, у фальварку 5 двароў, 20 жыхароў, у маёнтку 2 двары, 14 жыхароў. У 1908 г. ў вёсцы 33 двары, 243 жыхары, у фальварку 5 двароў, 37 жыхароў.
З 1919 года ў БССР. З 20.8.1924 г. ў Чарневіцкім сельсавеце Барысаўскага раёна, потым з 2.10.1928 г. ў Машчаніцкім сельсавеце Бярэзінскага раёна, Барысаўскай, з 9.6.1927 г. да 26.7.1930 г. Мінскай акруг БССР. У 1933 г. разам з в. Снуя ўвайшла ў калгас імя Кірава. З 20.2.1938 г. ў Магілёўскай вобласці.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскай барацьбе загінулі 15 вяскоўцаў.
З 20.9.1944 г. ў Мінскай вобласці. У 1954 г. далучана да Чарневіцкага сельсавета Барысаўскага раёна, з 1960 г. ва Ушанскім сельсавеце Бярэзінскага раёна. З 25.12.1962 г. ў Чэрвеньскім, з 6.1.1965 г. зноў у Бярэзінскім раёнах. У 1980 г. ў саўгасе «Уша» (цэнтр — в. Котава), магазін.
Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Ушанскага сельсавета[3].
Насельніцтва
- 1800 год — 26 жыхароў, 6 гаспадарак.
- 1845 год — 204 жыхары.
- 1917 год — у вёсцы 248 жыхароў, 37 двароў, у фальварку 88 жыхароў, 11 двароў.
- 1960 год — 188 жыхароў.
- 2003 год — 29 жыхароў, 12 гаспадарак.
- 2008 год — 19 жыхароў, 14 гаспадарак.
Зноскі
Літаратура
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. — 736 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0520-1.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх