Лучай

вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі

Лу́чай[1] (трансліт.: Lučaj, руск.: Лучай) — вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Навасёлкаўскага сельсавета. Размешчана каля возера Лучай. Насельніцтва 280 чал. (2001). Знаходзіцца за 18 км ад горада і чыгуначнай станцыі Паставы.

Вёска
Лучай
Касцёл Святога Тадэвуша
Касцёл Святога Тадэвуша
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
280 чалавек (2001)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2155
Паштовыя індэксы
211852
Аўтамабільны код
2
Лучай на карце Беларусі ±
Лучай (Беларусь)
Лучай
Лучай (Віцебская вобласць)
Лучай

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў Лучай у складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У канцы XVI ст. атрымаў статус мястэчка.

Першымі вядомымі ўладальнікамі ў 1-й палове XVI ст. быў род Забярэзінскіх, «які хутка стаў адным з самых заможных у краі, але таксама хутка і згас» (Ч. Янкоўскі), росквіт гэтага дому прыпаў на мяжу XV—XVI стагоддзяў. Са згасаннем роду Забярэзінскіх па мужчынскай лініі і звязаная першая згадка Лучая. Пасля смерці Барбары Забярэзінскай Лучай разам з возерам Нарач пераходзяць ва ўладанне яе брата, жамойцкага старосты Станіслава Станіслававіча Забярэзінскага. Станіслаў Забярэзінскі, які меў толькі адну дачку Ганну, аддаў Лучай у 1542 годзе як залог Войцеху Юндзілу, віленскаму цівуну і гараднічаму. Пасля смерці Станіслава Забярэзінскага кароль Жыгімонт Аўгуст апекуном асірацелай Ганны прызначыў Станіслава Кезгайлу, які ў сваю чаргу апякунства над ёю аддаў віленскаму ваяводзе Яну Глябовічу. Той выкупіў у Юндзіла закладзены Лучай і па сваёй жонцы, крэўнай Забярэзінскім, стаў яго гаспадаром. У 1550 годзе дачка Яна, Альжбета Глябовіч, узяўшы шлюб з біржайскім цівуном Мельхіёрам Шэметам, прынесла яму Лучай як пасаг. Пасля смерці бацькі Лучай успадкаваў смаленскі кашталян Вацлаў Шэмет. Яго сын Юры Шэмет 18 жніўня 1617 года прадаў уладанні ксяндзу-езуіту Андрэю Рудаміне-Дусяцкаму, які праз год перапрадаў іх свайму стрыечнаму брату Пятру Рудаміне-Дусяцкаму, пазнейшаму смаленскаму кашталяну. Пасля яго смерці Лучай атрымаў у спадчыну яго сын Мікалай, браслаўскі маршалак. Пасля яго бяздзетнай смерці Лучай быў падзелены паміж шасцю стрыечнымі братамі з роду Рудамінаў, у 1655 годзе Лучай у сваіх братоў выкупляе Крыштаф Рудаміна. У валоданні Рудамінаў Лучай быў да 1731 года, калі ўдава радуньскага старасты Пятра Рудаміны (сына Крыштафа) Кацярына прадала маёмасць за 90 000 злотых Альжбеце з Агінскіх Пузыне, жонцы князя Антонія Пузыны, літоўскага надворнага харунжага[2].

Тым часам, частка Лучая разам з Маркавічамі належала Дамініцы Копць, якая прадала іх за 1000 коп Андрэю і Крыштофу Сапегам, у 1604 годзе Леў Сапега прымусіў іх здаць частку маёнтка ў арэнду Гальшцы (Сафіі Кмітавай) з Хадкевічаў.


Альжбета Пузына была вельмі адукаванай жанчынай, прыхільніцай навук, заснавала астранамічную лабараторыю пры Віленскай езуіцкай акадэміі і падтрымлівала яе матэрыяльна. У яе Лучайскім маёнтку праводзіліся астранамічныя назіранні дзеля вызначэння геаграфічнага становішча.

Касцёл, фота пач. XX ст.

У 1766 г. А. Пузына заснавала пры касцёле ў Лучаі дом для місіі езуітаў. Акрамя таго, яна адпісала езуіцкай місіі 160 000 злотых і перадала манахам два пляцы для будаўніцтва дома і новага касцёла ў гонар Святога Тадэвуша Апостала.

У 1755 г. А. Пузына падаравала Лучай свайму роднаму брату, троцкаму ваяводзе Тадэвушу Агінскаму. Той дабудаваў да 1776 г. касцёл святога Тадэвуша.

Тадэвуш Агінскі аддае ў заклад Лучай за 400 000 злотах Тадэвушу Ваньковічу, лоўчаму мінскага ваяводства, і яго жонцы, Ганне са Святарэцкіх. Сыны Тадэвуша Агінскага, Андрэй і Францішак Касверы, не змаглі аддаць закладзеныя грошы і таму вырашылі прадаць Лучай Ваньковічам у 1786 г.[2]

Расійская імперыя

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лучай апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Вілейскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губерні.

Каля 1820 года дачка мінскага маршалка Антонія Ваньковіча і Ганны з Солтанаў Клемянціна выходзіць замуж за Эдварда Мастоўскага, уласніка Цэрклішак, і як пасаг Лучай пераходзіць да сям'і Мастоўскіх. У Лучайскім маёнтку графа Мастоўскага наліваўся 91 двор, 495 рэвізскіх душ. У 1861 г. супраціўленне жыхароў Лучая прыгонніцкім парадкам і намерам расійскіх уладаў скасаваць мястэчка прывяло да Лучайскага бунту. Пасля другога бунту ў 1863 г. маёмаць яго ўдзельнікаў была канфіскавана ў казну.

Старэйшы сын Багдан, жанаты на Соф'і Хамінскай, атрымаў у спадчыну Лучай. Яго сын Эдвард у 1893 г. прадаў Лучай расіяніну Юліяну Юліянавічу Зэндраву за 366 000 рублёў срэбрам, той, аднак, праз некалькі месяцаў прадаў Лучай княгіні Кантакузен-Сперанскай[3]. Пазней Лучай належаў барону Клейгельсу, які на касцёльных землях пабудаваў лютэранскую кірху. Рэлігійныя пачуцці жыхароў былі зняважаны, і ў 1905 г. яны разбурылі кірху, удзельнікі акцыі былі арыштаваны. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў народнай паэме невядомага аўтара "Кірха" (напісана на мясцовым дыялекце ў 1906-07 гадах). Пасля гэтага бунту вялікую частку зямель Лучая (у т.л. палац, пабудовы для службы і гаспадаркі, 2 рыбныя сажалкі, парк) купіла група старавераў. Стараверы ўзвялі новы культавы драўляны будынак з франтальнай вежай[4].

Станам на 1886 год у мястэчку была валасная ўправа, багадзельня, заезны дом. На 1905 год працавала народнае вучылішча і крама.

Міжваенная польская дзяржава

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лучай апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. За польскім часам у мястэчку ў будынку палаца дзейнічала дзяржаўная сельскагаспадарчая школа[5]. У 1933 г. школу наведаў міністр сельскай гаспадаркі Польшчы.

БССР і Рэспубліка Беларусь

У 1939 годзе Лучай увайшоў у БССР, дзе ў 1941 годзе стаў цэнтрам Лучайкаўскага сельсавета Пастаўскага, потым Дунілавіцкага раёнаў. Станам на 1947 год у вёсцы было 47 гаспадарак. 27 сакавіка 1959 года Лучайкаўскі сельсавет расфарміравалі, само паселішча ўвайшло ў склад Дунілавіцкага сельсавета. 20 мая 1960 года Лучай перададзены ў Варапаеўскі пассавет[6]. На 1972 год у Лучаі працавалі 8-гадовая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка, пошта, крама. Да 27 снежня 1985 года вёска знаходзілася ў адміністрацыйным падпарадкаванні Варапаеўскага пассавета[7], да 27 верасня 1991 года ўваходзіла ў склад Юнкаўскага сельсавета.

Насельніцтва

Інфраструктура

У Лучаі працуюць базавая школа, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка, пошта.

Турыстычная інфармацыя

Палац Мастоўскіх

Славутасці

Страчаная спадчына

  • Палацава-паркавы комплекс Мастоўскіх (XIX ст.)

Галерэя

Зноскі

Літаратура

Спасылкі