Жанчыны ў белым

«Жанчы́ны ў бе́лым» (ісп.: Damas de Blanco) — кубінскі грамадскі рух, заснаваны ў 2003 годзе пасля хвалі рэпрэсій, вядомай як «Чорная вясна». Пачынаўся як штотыднёвыя шэсці ў белых вопратках (сімвал чысціні і цноты) жонак і іншых сваякоў зняволеных кубінскіх дысідэнтаў. Рух пратэстуе супраць таталітарызму кубінскага рэжыму, пераследу праваабаронцаў, турэмнага зняволення шматлікай колькасці палітвязняў.

Дэманстрацыя «Жанчын у белым» у Гаване (красавік 2012)

У 2005 годзе Еўрапейскі парламент узнагародзіў рух «Жанчын у белым» прэміяй «За свабоду думкі» імя Сахарава.

Заснаванне

Падчас «Чорнай вясны» 2003 года кубінскія ўлады арыштавалі, безсудова катавалі і зняволілі 75 праваабаронцаў, незалежных журналістаў і бібліятэкараў на турэмныя тэрміны да 28 гадоў[1] за патрабаванне правядзення рэферэндума наконт увядзення свабодных выбараў, свабоды прэсы, слова і веравызнання. Дзяржава абвінаваціла ўсіх у «дзейнасці супраць незалежнасці ці тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы», у тым ліку прыналежнасці да «нелегальных арганізацый», прыняцці грошай ад аддзела інтарэсаў ЗША ў Гаване[en], «рабаўніцтвах», «тэрарыстычнай дзейнасці» і супрацоўніцтве з замежнымі СМІ.

На думку Камітэта па абароне журналістаў, «Чорная вясна» парушыла фундаментальныя нормы міжнароднага права, уключна з артыкулам 19 Міжнароднага пакта па грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на «пошук, атрыманне і распаўсюд інфармацыі і ідэй любых відаў, незалежна ад межаў, як вусна, так і пісьмова ці друкавана, у мастацкай форме альбо на любым іншым носьбіце па сваім выбары»[2].

Праз два тыдні пасля прысудаў сваякі зняволеных склалі ядро руху, лідаркай якога стала Лаўра Палан (памерла 14 кастрычніка 2011 года)[3]. Жанчыны пачалі штонядзельныя малітвы за вязняў ля касцёла святой Рыты ў Гаване. Пасля кожнай імшы яны ладзілі шэсце ад касцёла да найбліжэйшага парка, прычым кожная з жанчын несла фота свайго зняволенага сваяка з колькасцю гадоў турмы. Белую вопратку апраналі ў 1970-я гады аргенцінскія Маці з плошчы Мая, якія такім чынам дамагаліся ад хунты інфармацыі пра сваіх зніклых дзяцей.

Дзейнасць

Кубінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што рух «Жанчын у белым» фінансуецца з ЗША, а сапраўдныя намеры ўдзельніц — разбурэнне дасягненняў Кубінскай рэвалюцыі[4]. Якія-небудзь доказы датычнасці ЗША да стварэння «Жанчын у белым» адсутнічаюць, аднак існуюць прадстаўленыя WikiLeaks дакументы, якія сведчаць пра актыўнае супрацоўніцтва з імі Аддзела інтарэсаў ЗША ў Гаване і пра запыт сродкаў на дапамогу руху[5].

Акцыі руху рэгулярна скончваюцца разгонамі і арыштамі[6]. На Вербную нядзелю 2005 года адбыўся напад на пратэстоўцаў 150 удзельніц праўрадавай Федэрацыі кубінскіх жанчын.

У сакавіку 2010 года паліцыя затрымала каля 30 удзельніц руху, якія ішлі маршам у падтрымку маці зняволенага Арланда Сапаты Тамаё[d], які загінуў падчас галадавання[7].

30 лістапада 2010 года прадстаўніца руху Івона Мальеса Галана з мужам Ігнасіа Марцінесам Мантэхам былі арыштаваныя за тое, што трымалі плакат «Спыніць голад, пакуты і беднасць на Кубе»[8]. Разам з імі была затрыманая Ізабель Гайдзі Альварэс Маскеда, якая спрабавала перашкодзіць арышту. Іх змясцілі ў турму без прад’яўлення абвінавачванняў, што адразу асудзілі шматлікія праваабарончыя групы, у тым ліку і Кубінская камісія правоў чалавека і нацыянальнага прымірэння. 20 студзеня 2011 года, на 52-і дзень зняволення, усе трое былі вызваленыя праз некалькі гадзін пасля таго, як Міжнародная амністыя прызнала іх «вязнямі сумлення».

Да 2010 года камуністычныя ўлады вызвалілі 23 з 75 зняволеных, асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення пасля «Чорнай вясны» — пераважна з прычыны кепскага стану здароўя. 4 мая 2010 года ў акцыі пратэсту «Жанчын у белым» узяў удзел архіепіскап Гаваны кардынал Хаймэ Лукас Артэга і Аламіна. У гэтым жа месяцы дзякуючы пасярэдніцтву каталіцкай царквы былі вызваленыя яшчэ 52 вязні, большасць з якіх былі вымушаныя эміграваць.

У сакавіку 2011 года кубінскія ўлады вызвалілі апошніх з 75 палітвязняў[9]. Аднак рух жанчын працягнуў праваабарончую дзейнасць, нягледзячы на затрыманні, дыскрымінацыю дзяцей, праблемы з працай.

У студзені 2012 года «Жанчыны ў белым» удзельнічалі ў посце салідарнасці са зняволеным дысідэнтам Вільмарам Вільярам Мендосай, які абвясціў галадаванне і пазней памёр ад знясілення[10].

16—17 сакавіка 2012 года каля 70 удзельніц руху на чале з лідаркай Бертай Солер былі арыштаваныя па дарозе ў касцёл ці пасля імшы. 19 сакавіка ўсе былі вызваленыя без прад’яўлення абвінавачванняў[4], аднак з папярэджаннямі ад таемнай паліцыі пра цяжэйшыя наступствы ў выпадку далейшых пратэстаў. Такім чынам улады ізалявалі «Жанчын у белым» на час візіту папы рымскага Бенедыкта XVI[11].

21 сакавіка Міжнародная амністыя прызнала вязнямі сумлення ўдзельніцу руху Ясмін Канеда Рыверон і яе мужа Юсмані Рафаэля Альварэса Эсморы, арыштаваных у студзені пасля канфлікту з прадстаўніком камуністычнай партыі і абвінавачаных у «гвалце з службовай асобы». 5 красавіка сямейная пара была вызваленая пад заклад[10][12].

9 снежня 2012 года кубінская паліцыя ізноў арыштавала з прымяненнем гвалту каля 100 «Жанчын у белым», сарваўшы святкаванне Дня правоў чалавека[13].

У студзені 2015 года дзякуючы дзейнасці «Жанчын у белым» былі вызваленыя 53 палітвязні[14].

19 сакавіка 2016 года перад прыездам на Кубу прэзідэнта ЗША Барака Абамы кубінскія ўлады арыштавалі на шэсці больш як 50 «Жанчын у белым».

Прэмія Сахарава

У 2005 прэмія Сахарава за свабоду думкі была ўручана некалькім лаўрэатам: «Рэпарцёрам без межаў», нігерыйскай праваабаронцы Хауве Ібрагім і «Жанчынам у белым». Для атрымання ўзнагароды былі выбраныя пяць прадстаўніц руху: Лаўра Палан, муж якой Эктар Маседа атрымаў 20-гадовы вырак; Мірыям Лейва, муж якой Оскар Эспіноза Чэпэ быў вызвалены датэрмінова з прычыны цяжкай хваробы; Берта Солер, муж якой Анхель Моя Акоста атрымаў 20-гадовы вырак; Лёйда Вальдэс, муж якой Альфрэда Феліпэ Фуэнтэс атрымаў 26-гадовы вырак; Хулія Нуньес, муж якой Адольфа Фернандэс Сайнс атрымаў 15-гадовы вырак. Аднак кубінскі ўрад не выпусціў лідарак руху на цырымонію ўзнагароджання прэміі ў Страсбуры[15]. У 2013 годзе Берта Солер змагла выехаць за мяжу і атрымаць узнагароду.

Гл. таксама

Зноскі

Спасылкі