Дзень сурка́ (англ.: Groundhog Day) — адна з найбольш папулярных традыцый ў ЗША і Канадзе, якая адзначаецца штогод 2 лютага. Традыцыя паходзіць ад павер'я пенсільванскіх галандцаў, паводле якога, калі сурок выйдзе ў гэты дзень са сваёй нары і ўбачыць свой цень, ён сыдзе ў сваё логава, і зіма працягнецца яшчэ шэсць тыдняў; калі ён не ўбачыць свайго ценю, вясна прыйдзе рана.
У некалькіх гарадах і паселішчах ЗША і Канады ў гэты дзень праводзяцца фестывалі, прысвечаныя мясцовым суркам-метэаролагам, якія прывабліваюць шматлікіх турыстаў.
Варажба Панксатонскага Філа (самы першы афіцыйны сурок-метэаролаг у ЗША) атрымала сусветную вядомасць дзякуючы рамантычнай камедыі «Дзень сурка» (1993). Гэты папулярны галівудскі фільм таксама паспрыяў папулярызацыі Дня сурка ў тых краінах, дзе гэтая традыцыя раней была невядомая.
Нягледзячы на тое, што традыцыя застаецца папулярнай у 21-м стагоддзі, даследаванні не выявілі сувязі паміж сурком, які бачыць свой цень, і часам надыходу вясны.[1]