Гебрыдскія астравы ўяўляюць сабой шырока раскіданую групу з каля 500 скалістых, па большай частцы высокіх астравоў, з якіх населена каля 100. Паверхня — каля 7,5 тыс. км², з якіх каля 1,6 тыс. км² занята азёрамі. Вялікая частка паверхні — камяністыя або забалочаныя раўніны. Маюцца нізкагор’і вышынёй да 1009 м (гара Кулін-Хілс на востраве Скай), сляды старажытнага абледзянення.
Вільготны марскі клімат, сярэдняя тэмпература студзеня складае 4-6 °C, ліпеня — 12-14 °C. Ападкаў шмат, да 2000 мм у год. З расліннасці — лугі на дзярнова-грубагумусных і дзярнова-тарфяных глебах, верасовыя пусткі, зрэдку гаі з нізкарослай бярозай.Жыхары ў асноўным займаюцца рыбалоўствам і жывёлагадоўляй. Наладжана вытворчасць ваўняных тканін, турызм. Найбуйнейшы горад — Сторнаўэй на востраве Льюіс.