Віленска-Радамская унія

Віленска-радамская унія — дзяржаўная і палітычная дамова ВКЛ і Польскага каралеўства, заключаная ў Вільні і ратыфікаваная Кароннай Радай у Радаме ў 1401 годзе. Па ўмовах уніі ВКЛ заставалася самастойнай дзяржавай у саюзе з Польшчай. Пажыццёва перадавала кіраўніцтва ВКЛ вялікаму князю Вітаўту з захаваннем вярхоўнай улады Ягайлы. Пасля смерці Вітаўта ўлада пераходзіла да Ягайлы ці яго законных нашчадкаў.

Унія ацэньваецца як узмацненне літоўска-польскіх стасункаў[1].

Перадумовы

У 1399 годзе падчас родаў памерла каралева польская Ядвіга, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў[2]. Калі б польскія шляхцічы прымусілі Ягайлу адмовіцца ад трону, яму б давялося спрабаваць вярнуць сабе княжацкую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вітаўт, у сваю чаргу, мусіў бы ці вярнуцца ў Трокскае княства, ці распачаць чарговую грамадзянскую вайну[3].

На сходзе ў 1398 годзе літоўскія і рускія князі і баяры абвясцілі Вітаўта самастойным кіраўніком дзяржавы, якая стала называцца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Аднак у наступным годзе Вітаўт пацярпеў трагічную паразу ад татараў на Ворскле[4]. Акрамя таго, выбухнулі паўстанні ў Смаленскім княстве, Ноўгарадскай і Пскоўскай рэспубліках[5]. Гэтыя чыннікі таксама прымушалі яго да заключэння пагаднення з Ягайлам.

Заключэнне

Перамовы пачаліся ў снежні 1400 года ў Гродна. Унія была падпісаная ў трох асобніках: першы акт падпісаны Ягайлам (арыгінал не захаваўся), другі Вітаўтам і літоўскай шляхтай (18 студзеня 1401 года ў Вільні). Віленскую дамову 11 сакавіка 1401 года пацвердзіла каронная рада ў Радаме[2], прызнаючы пажыццёвы тытул вялікага князя літоўскага за Вітаўтам.

Вялікі князь Вітаўт прызнаваў уладу Ягайлы (які атрымаў тытул найвышэйшага князя Літвы, што падкрэслівала яго верхавенства) і абавязваўся разам з літоўскімі баярамі далучыць Літву да Каралеўства Польскага. Літоўская і польская шляхта дамовіліся не абіраць новага польскага караля без згоды абодвух бакоў[6]. На момант падпісання уніі ні Вітаўт, ні Ягайла не мелі нашчадкаў, аднак кожны спадзяваўся, што яго будучаму сыну дастанецца ў спадчыну Вялікае Княства і Карона[7].

Значэнне і наступствы

Беручы пад увагу смерць каралевы Ядвігі ў 1399 і брак патомства ад яе шлюбу з Ягайлай, літоўскія баяры атрымалі магчымасць у выпадку смерці караля супольна з польскімі панамі абіраць новага манарха.

Бакі дамовіліся пра супольны саюз для ўзаемнай абароны, што дазволіла Вітаўту зладзіць наступ супраць крыжакоў і ініцыяваць першае жамойцкае паўстанне[4]. У канчатковым выніку супольныя дзеянні літоўска-польскага хаўрусу дазволілі атрымаць вырашальную перамогу над Тэўтонскім Ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Ацэнкі

Падпісанне дамовы па-рознаму трактуецца літоўскімі і польскімі гісторыкамі. Некаторыя называюць гэта Вітаўтавай памылкай, бо гэта пазбавіла яго магчымасці атрымаць тытул караля Літвы[2]. Іншыя сцвярджаюць, што гэта была саступка Польшчы, планы якой пра інкарпарацыю Вялікага Княства ў яе склад праваліліся[2]. Больш познія даследванні не надаюць асаблівай значнасці пагадненню, называючы яго звычайнай мадыфікацыяй літоўска-польскіх стасункаў, паўсталых у 1392 годзе[2].

Зноскі

Літаратура

  • Бардах Ю., Леснодорский Б., Пиетрчак М. История гос-ва и права Польши. — М., 1980.
  • Sebastian Piątkowski. = Radom - zarys dziejów miasta. — Radom, 2000. — ISBN 83-914912-0-X.