Камсамо́л (скарачэнне ад Камуністычны саюз моладзі), поўная назва Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ) — палітычная моладзевая арганізацыя ў СССР.
УЛКСМ — моладзевая арганізацыя Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Створаны як Расійскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ)29 кастрычніка1918 года, у 1924 годзе РКСМ было прысвоена імя У. І. Леніна — Расійскі ленінскі камуністычны саюз моладзі (РЛКСМ), у сувязі з утварэннем Саюза ССР (1922) камсамол у сакавіку 1926 года быў пераназваны ва Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі (УЛКСМ).
У 1977 годзе ў камсамол уваходзілі звыш за 36 мільёнаў грамадзян СССР ва ўзросце 14—28 гадоў.
З распадам СССР камсамол самараспусціўся. З цягам часу на поставецкай прасторы паўстала шмат арганізацый, якія лічаць сябе правапераемніцамі камсамола.
Лютаўская рэвалюцыя 1917 года спрыяла павялічэнню грамадска-палітычнай актыўнасці моладзі. Пачалі з’яўляцца маладзёжныя арганізацыі працоўных «Праца і святло» і іншыя, сябры якіх арыентаваліся на сацыялістычныя партыі. У 1917 годзе ў Петраградзе арганізацыйна аформіўся арыентаваны на бальшавікоў Сацыялістычны саюз працоўнай моладзі (ССПМ). 29 кастрычніка — 4 лістапада 1918 года адбыўся I Усерасійскі з’езд саюзаў працоўнай і сялянскай моладзі, на якім было абвешчана стварэнне Расійскага камуністычнага саюза моладзі (РКСМ). Датай заснавання лічыцца 29 кастрычніка 1918.
Першыя камсамольскія значкі выдаваліся не ўсім, бо тыражы былі малымі, і хутчэй былі ўзнагародай для найлепшых камсамольцаў. Адзін з першых падобных значкоў уяўляў з сябе сцяжок з зоркай і чатырма літарамі «Р. К. С. М.» У кастрычніку 1922 года на V з’ездзе быў зацверджаны адзіны выгляд значка: на сцяжку ў цэнтры зоркі літары «КИМ» (руск.: Коммунистический интернационал молодёжи, Камуністычны інтэрнацыянал моладзі). Надпіс «ВЛКСМ» з’явіўся на значках толькі ў 1947 годзе, а канчатковы выгляд з профілем Леніна значкі УЛКСМ атрымалі толькі ў 1956 годзе.
У 1924 годзе арганізацыі прысвоена імя У. І. Леніна — Расійскі ленінскі камуністычны саюз моладзі (РЛКСМ). У сакавіку 1926 года ў сувязі з утварэннем у 1922 СССР РЛКСМ быў перайменаваны ва Усесаюзны ленінскі камуністычны саюз моладзі.
Неўзабаве камсамол застаўся адзінай у РСФСР, а пазней і ў СССР палітычнай маладзёжнай арганізацыяй. Праз яе структуру здзяйснялася ідэалагічнае выхаванне моладзі, рэалізоўвалі палітычныя і сацыяльныя праекты. Пад кіраўніцтвам камсамола ў 1922 годзе была створана дзіцячая палітычная арганізацыя: Усерасійская, пасля Усесаюзная піянерская арганізацыя імя Леніна.
У часе масавых рэпрэсій 1937—1939 гадоў былі арыштаваныя і растраляныя шматлікія заснавальнікі і кіраўнікі РКСМ/УЛКСМ: Оскар Рыўкін, Л. Шацкін, Яфім Цэйтлін, Аляксандр Косараў і інш. Генеральны сакратар ЦК УЛКСМ Аляксандр Мільчакоў (1928—1929) правёў 16 гадоў у лагерах.
У 1941 годзе налічвалася больш за 10 млн камсамольцаў. Каля 1 млн з іх сталі «варашылаўскімі стралкамі»[ru], тры з паловай тысячы сталі Героямі Савецкага Саюза, тры з паловай мільёны былі ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі.
З пачаткам перабудовы ў камсамольскім руху з’явіліся дэідэалагізаваныя і камерцыйныя плыні. У 1989 годзе пра сваю самастойнасць абвясцілі Камуністычныя саюзы моладзі Літвы і Эстоніі. 27—28 верасня 1991 адбыўся XXII Надзвычайны з’езд УЛКСМ, на якім адбыўся роспуск арганізацыі[3]. 29 дэлегатаў не ўхвалілі рашэнне пра самароспуск і пакінулі з’езд. Асобныя члены УЛКСМ, нязгодныя з рашэннем з’езда (сярод іх і беларус Сяргей Вазняк), стварылі аргкамітэт па адраджэнні УЛКСМ. У 1993 годзе іх намаганнямі ў Расіі быў створаны Расійскі камуністычны саюз моладзі.
Найвышэйшы кіроўны орган — з’езд дэлегатаў. Паміж з’ездамі кіраванне здзяйсняў цэнтральны камітэт (ЦК), абраны з’ездам; паміж пасяджэннямі цэнтральнага камітэта — бюро цэнтральнага камітэта, абранае ЦК. Найвышэйшая кіроўная пасада — першы сакратар цэнтральнага камітэта, выканаўчы орган — сакратарыят ЦК.
Пасля распаду СССР і самароспуску УЛКСМ адбыўся XXX З’езд ЛКСМБ (снежань 1991), дзе прынята рашэнне пра пераўтварэнне ў Саюз моладзі Беларусі (СМБ). На XXXVII з’ездзе ў 1995 годзе ён быў перайменаваны ў Беларускі саюз моладзі, а ў 2002 годзе аб’яднаны з Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (заснаваным у 1997) у адзіную арганізацыю, якая атрымала назву Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі[5]. БРСМ падтрымліваецца дзяржавай.
У Казахстане[6], Малдове[7], Расіі[8], Украіне[9] камсамольскія арганізацыі існуюць як маладзёжныя арганізацыі камуністычных партый. У балтыйскіх дзяржавах камсамольскія арганізацыі забароненыя нароўні з камуністычнымі.
Памятники героям-комсомольцам: иллюстрированное справочное издание, посвященное 65-летию Победы в Великой Отечественной войне / рук. авт. колл.: Б. А. Ручкин; сост. В. И. Десятерик, Б. А. Ручкин, В. Б. Арсентьев; отв. ред. В. И. Десятерик. — М.: Изд-во Моск. гуманит. ун-та, 2010. — 188 с. — 200 экз. — ISBN 978-5-98079-612-9.