А-100 (кампанія)

найбуйнейшая прыватная сетка аўтазаправачных станцый Беларусі

«А-100» — беларускае прадпрыемства, заснаванае ў жніўні 1994 года ў Мінску[2]. На 2015 г. мела найбуйнешую ў краіне прыватную сетку з 35 аўтазаправачных станцый, што належала беларускім уладальнікам. З 1 студзеня 2015 г. сетка АЗС перайшла да абслугоўвання на беларускай мове пасля 4-месячнай падрыхтоўкі супрацоўнікаў на курсах «Мова Нанова»[3]. Таксама перакладчыкі «Мова Нанова» бясплатна пераклалі шыльды і абвесткі на запраўках, звыш 3000 цэтлікаў для тавараў і стварылі размоўнікі для супрацоўнікаў[4]. У выніку ўдалося павялічыць продажы за кошт росту дзелі беларускамоўных пакупнікоў[5], асабліва моладзі[6]. На 2015 г. даччынае будаўнічае прадпрыемства «А-100 Дэвелапмент» ўключала УП «Дамаан», ТДА «Этэрыка», ЗП «АСтоМакс» і УП «Алмары». «А-100 Дэвелапмент» узвяло 22 з 35 заправак «А-100», бізнес-цэнтр «А-100» у Мінску, жылы квартал «Зялёны Бор» (пас. Лясны, Мінскі раён) і шматлікія прыдарожныя і сталічныя крамы.

«А-100»
ТыпТаварыства з абмежаванай адказнасцю
Заснаванне16 жніўня 1994 (29 гадоў таму) (1994-08-16)[1]
РазмяшчэннеМінскі раён, вёска Баравая, д. 7
Ключавыя постаціАляксандр Цэнцер, Ірына Валадзько
ГалінаБудаўніцтва, гандаль
ПрадукцыяЖыллё, крама, склад; збыт бензіну, дызельнага паліва
Колькасць супрацоўнікаў700 (2014)
ДэвізМы стараемся
Даччыныя кампаніі«АСтоТрэйдынг» (А-100 АЗС), «А-100 Дэвелапмент», «Авія-100», «АСтоРэс» (страўні «Sun Café»)
Сайтwww.a-100.by

Сетка аўтазаправак

На 2015 г. «А-100» мела 35 аўтазаправак: 17 у Мінску, 5 у Мінскім раёне, 4 у Брэсце, 2 у Магілёве (газазаправачныя), па 1 у Віцебску (газ), Брэсцкім, Віцебскім (газ), Маларыцкім і Смалявіцкім раёнах.

Гісторыя

У жніўні 1994 г. былы інжынер канструктарскага бюро Аляксандр Цэнцер за кошт прададзенага аўтамабіля «Масквіч 2141» набыў бензавоз «ГАЗ-53» (4620 літраў) і адчыніў першую ў Мінску кантэйнерную аўтазаправачную станцыю. У 1995 г. адчынілі першую стацыянарную АЗС і павялічылі аўтапарк да 9 бензавозаў. Назву «А-100» прадпрыемства атрымала ад актанавага ліку 100, які мае авіяцыйнае паліва[7]. У 1996 г. «А-100» пачало прымаць да аплаты электронныя карты «Берліо» і выпускаць уласныя паліўныя талоны. У 1997 г. запраўкі «А-100» першымі ў Беларусі абзавяліся пыласосамі для вадзіцелей. У 2000 г. таксама ўпершыню ў краіне «А-100» узвяла газазаправачную станцыю і пачала прапаноўваць паслугі аўтаматычнай мыйкі самаходаў. У 2001 г. АЗС пачалі абсталёўваць аўтаматычнымі мыйнямі, кампрэсарамі для падпампоўвання шынаў і шматхуткаснымі палівараздатачнымі калонкамі. Адначасна стварылі даччынае будаўнічае прадпрыемства «А-100 Дэвелапмент». У 2003 г. на АЗС увялі электронны нагляд за колькасцю паліва ў рэзервуарах. У 2004 г. пачалася разбудова сеткі хуткага харчавання «Sun Café» (бел. Сонечная кавярня), якая на 2009 г. налічвала 7 страўняў з пераважным размяшчэннем пры АЗС. У канцы 2005 г. пачалося будаўніцтва новай галоўнай сядзібы прадпрыемства ў в. Баравая (Мінскі раён), якую ўзвялі ў 2007 годзе. У 2006 г. пачалося ўзвядзенне 15 шматпавярховых дамоў у квартале «Зялёны Бор» (пасёлак Лясны, Мінскі раён), дзе прадалі 4064 кватэры. Тамсама рассялілі 15% супрацоўнікаў. 21% кватэр збылі за першы месяц ад пачатку продажаў.

У 2007 г. на АЗС з’явілася паслуга арэнды прычэпа. У 2008 г. — паслуга афармлення аўтастрахоўкі. У 2009 г. сетка АЗС займела ўласную бонусную карту «А-100+» і запусціла платны пракат ровараў[8]. За 2010—2014 гг. на АЗС «А-100» прадалі 492,4 млн літраў бензіну. У 2011 г. 175 тыс. аўтамабілістаў Мінска з 600 тыс. (29%) карысталіся аўтамыйкамі на АЗС «А-100». У 2013 г. колькасць карыстальнікаў аўтамыек у Мінску вырасла да 350 тыс. з 1 млн аўтамабілістаў (35%). У красавіку «А-100» набыў брэсцкую сетку «Галон» у складзе 4 АЗС. На 2014 г. сетка АЗС мела 4 млн пакупнікоў (42% ад насельніцтва Беларусі). Тады ж адчынілі ўласны верталётны клуб «Авія-100» і прадставілі першы ў Беларусі электрамабіль. На 2014 г. 90% плошчаў будынкаў, якія толькі будаваліся «А-100 Дэвелапмент», ужо загадзя выкупілі ў арэнду. 98% плошчаў узведзеных будынкаў здаваліся ў арэнду. Агулам на 2014 г. узвялі 7 гандлёвых і бізнес-цэнтраў, з іх 2 найбольшыя ў сталіцы (пад назвай All) на 10,8 тыс кв.м (верасень 2012 г.; Даўгінаўскі тракт, д. 178; 500 месцаў стаянкі, гіпермаркет і 30 крамаў) і 12,8 тыс. кв.м. (Даўгінаўскі тракт, 178) былі ў складзе «А-100» праз даччыннае таварыства з дадатковай адказнасцю «Этэрыка». 30 студзеня «А-100» падарыла Выканаўчаму камітэту Мінскага раёна ўзведзены ў жылым квартале «Зялёны Бор» (пас. Лясны) за 3 млн дзіцячы сад № 4 на 150 выхаванцаў і 23 выхавальнікі[9]. Улетку пачалася забудова аэрадрома «Баравая» (146 га) жытлом на 12 тыс. кватэр (1 млн кв.м., 12 кварталаў) разам з 12 дзіцячымі садамі і 4 школамі[10]. 9 кастрычніка 2014 г. адбыўся запуск першай у Беларусі станцыі зарадкі электрамабіляў. Таксама ў 2014 г. «А-100 АЗС» набыў уласны склад захоўвання нафтапрадуктаў.

Зноскі

Спасылкі