Атмасфера Венеры

Атмасфера Венеры нашмат шчыльнейшая і гарачэйшая за атмасферу Зямлі: тэмпература ла паверхні складае 740 К (467 °C) з ціскам каля 93 бар[1]. Атмасфера Венеры змяшчае непразрыстыя аблокі з сернай кіслаты, што робіць немагчымым правядзенне аптычных назіранняў паверхні. З гэтай прычыны тапаграфічная інфармацыя аб паверхні атрымліваецца дзякуючы радыёлакацыйным даследаванням[1]. Асноўнымі газамі, складнікамі атмасферы, з’яўляюцца двухвокіс вугляроду і азот. Іншыя хімічныя злучэнні прысутнічаюць толькі ў следавых колькасцях[1].

Атмасфера Венеры
Выява
На астранамічным целеПланета Венера
Матэрыялдыяксід вугляроду, азот і sulfur dioxide[d]
Ціск92 бар
Схематычная ілюстрацыя
Максімальная тэмпература770 K і 497 °C
Мінімальная тэмпература710 K і 437 °C
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Атмасфера планеты знаходзіцца ў стане моцнай цыркуляцыі і кручэння[2]. Поўны цыкл кручэння атмасферы складае ўсяго чатыры зямныя дні, што ў шмат разоў хутчэй за перыяд кручэння планеты (243 дні)[3]. Ветры пры такім хуткім кручэнні маюць хуткасць да 100 м/с (~360 км/гадз)[2], што перавышае хуткасць кручэння пунктаў на экватары планеты ў 60 разоў. Для параўнання, на Зямлі самыя моцныя ветры маюць ад 10 % да 20 % хуткасці кручэння пунктаў на экватары[4]. З іншага боку, хуткасць ветру зніжаецца па меры памяншэння вышыні, дасягаючы 10 км/гадз каля паверхні[5]. Недалёка ад палюсоў існуюць антыцыкланічныя структуры, званыя палярнымі віхрамі. Кожны віхар мае двайное вока і характэрны S-падобны малюнак аблокаў[6].

У адрозненне ад Зямлі, Венера не мае магнітнага поля, і яе іанасфера аддзяляе атмасферу ад касмічнай прасторы і сонечнага ветру. Іанізаваны пласт не прапускае сонечнае магнітнае поле, надаючы Венеры асаблівае магнітнае асяроддзе. Яно разглядаецца як індукаваная магнітасфера Венеры. Лёгкія газы, у тым ліку вадзяная пара, пастаянна здзімаюцца сонечным ветрам праз індукаваны хвост магнітасферы[2]. Мяркуецца, што атмасфера Венеры каля 4 мільярдаў гадоў таму была больш падобная да зямной, з вадкай вадой на паверхні. Незваротны парніковы эфект, магчыма, быў выкліканы выпарэннем паверхневай вады і наступным павышэннем узроўняў іншых парніковых газаў[7][8].

Нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы на паверхні планеты, атмасферны ціск і тэмпература на вышыні 50-65 км маюць практычна такія ж значэння, як і на паверхні Зямлі, што робіць верхнія слаі атмасферы Венеры найбольш падобнымі да зямных у Сонечнай сістэме (прычым нават больш, чым на паверхні Марса). Праз падабенства ціску і тэмпературы, а таксама з-за таго факта, што паветра для дыхання (21 % кіслароду, 78 % азоту) уздымаецца ў атмасферы Венеры (гэтак жа, як гелій уздымаецца на Зямлі), верхнія слаі атмасферы былі прапанаваны навукоўцамі ў якасці прыдатнага месца для даследавання і каланізацыі[9].

Зноскі