Аперацыя «Арго»
«Апера́цыя „Арго́“» (англ.: Argo) — палітычны трылер рэжысёра Бена Афлека. Сюжэт карціны заснаваны на рэальных падзеях — аперацыі спецслужбаў па выратаванню шасці амерыканскіх дыпламатаў з Тэгерана. Сцэнарый напісаны па матывах артыкула Джошуа Бермана «Як ЦРУ выратавала амерыканцаў з Тэгерана фальшывым фантастычным фільмам»[~ 1] і кнігі Тоні Мендэса «Майстар маскіроўкі». Прэм’ера карціны адбылася 31 жніўня 2012 года (фестываль у Тэлурыдзе). У шырокі пракат яна выйшла 12 кастрычніка 2012 года.[5]
Стужка паказала нядрэнныя вынікі ў пракаце — сусветныя зборы склалі больш за $ 229,6 млн, з іх $ 135,8 млн у амерыканскім пракаце, нягледзячы на рэйтынг R, прысвоены з-за ўжывання ў дыялогах ненарматыўнай лексікі. Трэці рэжысёрскі вопыт Бена Афлека атрымаў неадназначную ацэнку крытыкаў. Пахвальных водгукаў заслужыў баланс дакументальнага падыходу да адлюстравання падзей і трылера, які трымае гледачоў у напружанні, хоць канцоўка вядома з самага пачатку. Падбор выканаўцаў і гульня акцёраў другога плана таксама атрымалі высокую ацэнку. Апраўдаўшы прагнозы, карціна выйграла тры статуэткі «Оскара» ў сямі намінацыях, заваяваўшы ў 2013 годзе ўзнагароду акадэміі ў галоўнай намінацыі «Лепшы фільм». Таксама карціна заслужыла мноства іншых кінематаграфічных узнагарод, у тым ліку «Залаты глобус» і BAFTA ў некалькіх намінацыях.
Сур’ёзныя дыскусіі выклікала гістарычная дакладнасць падзей, паказаных у фільме, і яго палітычны кантэкст. Стваральнікаў карціны абвінавачвалі ў прыніжэнні ролі канадскіх спецслужбаў, празмернай палітычнай ангажаванасці і занадта вольнай трактоўцы падзей. Карціна была забаронена да паказу ў Іране, бо ў ёй, на думку кіруючых колаў, гісторыя была перакручана і паднесена з праамерыканскага пункту гледжання.
Сюжэт
4 лістапада 1979 г. рэвалюцыя ў Іране дасягае свайго апагею. Натоўпы ісламістаў штурмуюць пасольства ЗША ў Тэгеране і ўрываюцца на яго тэрыторыю. Персанал спешна знішчае пячаткі, сакрэтныя дакументы і іншыя матэрыялы. 52 супрацоўніка застаюцца ў палоне, але шасцярым удаецца пакінуць пасольства і знайсці прытулак у доме канадскага пасла Кена Тэйлара. Праходзіць 74 дні з моманту іх уцёкаў. Супрацоўнікі Дзяржаўнага дэпартамента шукаюць шляхі вырашэння сітуацыі. Яны прапануюць дачакацца вясны, раздаць дыпламатам веласіпеды і пашпарты, каб тыя даехалі да турэцкай мяжы. Эксперт ЦРУ па пытаннях эксфільтрацыі Тоні Мендэс сумняваецца ў разумнасці такога падыходу. На наступны дзень ён прапануе новы варыянт, які прыйшоў яму ў галаву пасля прагляду фільма «Бітва за планету малпаў». Ён прапануе выдаць супрацоўнікаў пасольства за скаўтаў — членаў здымачнай групы канадскага фільма, якія шукаюць натуру[~ 2]. Дзёрзкі план ухвалены кіраўніцтвам ЦРУ. Кіруючыся ім, Мендэс звяртаецца за дапамогай да свайго знаёмага — вядомага грымёра Джона Чэмберса. Праз яго ён выходзіць на аўтарытэтнага галівудскага прадзюсара Лестэра Сігэла, і пачынаецца падрыхтоўка да здымак. Мендэс знаходзіць у архівах прыдатны сцэнар фантастычнага фільма «Арго», які па стылю нагадвае «Зорныя войны»[6][~ 3]. У гульню ўступае некалькі вопытных спецыялістаў, у тым ліку рэдактар коміксаў Джэк Кірбі. Адкрываецца офіс фіктыўнай кампаніі «Studio 6 Productions», размяшчаецца рэклама ў профільных выданнях, праводзіцца прэс-канферэнцыя.
Тым часам іранцы збіраюць папяровыя абрэзкі з дакументаў, якія прайшлі праз здрабніцелі паперы , і паступова аднаўляюць цэлыя фатаграфіі персаналу пасольства. Адсутнасць шасцярых супрацоўнікаў вось-вось раскрыецца. Тоні Мендэс прылятае ў Іран і пераконвае дыпламатаў даверыцца яму. Ён дапамагае ім трохі змяніць аблічча і навучае легендзе — яны канадцы і члены здымачнай групы. Дзеля верагоднасці дыпламаты ажыццяўляюць вылазку на гарадскі базар, што ледзь не прыводзіць да катастрофы. Адзін з прадаўцоў, сын якога загінуў на вайне, накідваецца на «кіношнікаў». Збіраецца натоўп, іранскі агент употай фатаграфуе ўсю «здымачную групу». Між тым вартавыя ісламскай рэвалюцыі, якія абыходзяць усе дамы ў горадзе, пачынаюць цікавіцца «гасцямі пасла», але яго служанка, якая ўжо здагадалася, што гэта збеглыя амерыканцы, рассейвае іх падазрэнні.
На наступны дзень група рыхтуецца пакінуць краіну. У апошні момант Мендэс атрымлівае загад аб адмене аперацыі «Арго», але вырашае на свой страх і рызыку яе завяршыць. Уцекачы паспяхова праходзяць візавы кантроль у мэхрабадскім аэрапорце, заявіўшы, што запаўнялі ўязныя візы. На апошнім рубяжы іх затрымлівае кантроль вартавых ісламскай рэвалюцыі, яны абураюцца распуснасцю афіш фільма. Адзін з дыпламатаў, які валодае фарсі, эмацыйна пераказвае сюжэт фільма, робячы яго падобным да падзей іранскай рэвалюцыі. Кіраўнік варты тэлефануе для праверкі ў «офіс кампаніі» у Галівудзе, Чэмберс у апошнюю секунду паспявае адказаць на званок. Вартавыя даюць дазвол на вылет. Тым часам аднаго з шасці дыпламатаў апазнаюць па адноўленых пасольскіх анкетах. Вартавыя выязджаюць прама на ўзлётнае поле, спрабуючы затрымаць самалёт, але той паспявае ўзляцець і пакінуць паветраную прастору Ірана. Пасол і яго людзі таксама пакідаюць Іран, служанка пераходзіць іракскую мяжу.
Сакрэтнасць аперацыі захоўваецца да канца. Роля спецслужбаў ЗША ніяк не раскрываецца, і ўсе лаўры дастаюцца канадскаму боку. У канцоўцы кіраўніцтва ЦРУ збіраецца адзначыць заслугі Тоні Мендэса вышэйшай узнагародай ЦРУ на закрытай цырымоніі.
У ролях
Акцёр | Роля |
---|---|
Бен Афлек | агент ЦРУ Тоні Мендэс |
Браян Крэнстан | шэф Мендэса Джэк О’Донел |
Алан Аркін | прадзюсар Лестэр Сігэл |
Джон Гудмен | грымёр Гамільтан Джордан |
Кайл Чэндлер | кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Гамільтан Джордан |
Віктар Гарбер | пасол Канады ў Іране Кен Тэйлар |
Керы Бішэ | выратаваны супрацоўнік пасольства Кэці Стэфард |
Тэйт Донаван | выратаваны супрацоўнік пасольства Боб Андэрс |
Клеа Дзювал | выратаваны супрацоўнік пасольства Кора Лайджэк |
Крыстафер Дэнем | выратаваны супрацоўнік пасольства Марк Лайджэк |
Роры Какрэйн | выратаваны супрацоўнік пасольства Генры Лі Шац |
Скут Мак-Нэйры | выратаваны супрацоўнік пасольства Джой Стэфард |
Кіц Шарабайка | супрацоўнік ЦРУ Адам Энгель |
Крыс Месіна | супрацоўнік ЦРУ ў аддзеле О’Донела Малінаў |
Жэлька Іванек | супрацоўнік дзярждэпартамента Роберт Пендэр |
Цітус Уэлівер | супрацоўнік ЦРУ Джон Бейтс |
Боб Гантан | дзяржаўны сакратар Сайрус Венс |
Піліп Бейкер Хол | дырэктар ЦРУ Стэнсфілд Цёрнер |
Рычард Кайнд | агент WGA Джон Бейтс |
Майкл Паркс | мастак Джэк Кербі |
Том Ленк | карэспандэнт Род |
Рычард Дзілейн | агент брытанскай разведкі Піцер Нікалс |
Крыстафер Стэнлі | супрацоўнік пасольства Том Ахерн |
Пейдж Леонг | жонка Кена Тэйлара Пат Тэйлар |
Тэйлар Шылінг | жонка Тоні Мендэса Крысціна Мендэс |
Шэйла Венд | служанка ў доме канадскага пасла Сахар |
Эдрыён Барба | былая жонка Сігэла Ніна |
Стварэнне
Сцэнарый
Захоп заложнікаў у пасольстве ў Тэгеране стаў адным самых трагічных момантаў крызісу ірана-амерыканскіх адносін у часы праўлення адміністрацыі Джымі Картэра. Доўгі час дэталі паспяховай місіі канадскіх і амерыканскіх спецслужбаў 1980 заставаліся пад грыфам «сакрэтна». У 1997 годзе доступ да матэрыялаў быў адкрыты, але асаблівай цікавасці грамадскасці яны тады не прыцягнулі[7][8]. У 2007 годзе прадстаўнікі прадзюсарскай кампаніі Smokehouse Pictures (en) Джордж Клуні і Грант Хеслаў звярнулі ўвагу на артыкул Джошуа Бермана «Як ЦРУ выратавала амерыканцаў з Тэгерана фальшывым фантастычным фільмам» ("How the CIA Used a Fake Sci-Fi Flick to Rescue Americans from Tehran "), апублікаваны ў часопісе Wired[9]. Пазней Хеслаў і Клуні пазнаёміліся з кнігай Тоні Мендэса «Майстар маскіроўкі» («The Master of Disguise») і сустрэліся з ім самім[10][11]. Матэрыял, на думку крытыка Манолы Даргіс, быў нібы створаны для фільма — знарок такое не прыдумаеш[12]. Ідэя здалася шматабяцальнай, і яны вырашылі пачаць працу над сцэнарыем[7]. Smokehouse Pictures выкупіла правы на экранізацыю, вытрымаўшы канкурэнцыю з боку кампаніі Plan B (en). Дагавор на вытворчасць быў заключаны са студыяй Warner Bros[8].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3a/Robert_Anders_with_his_fake_Studio_6_business_card.jpg/220px-Robert_Anders_with_his_fake_Studio_6_business_card.jpg)
У чэрвені 2009 года прадстаўнікі Smokehouse Pictures выбралі ў якасці сцэнарыста Крыса Тэры. У яго партфоліа на той момант быў усяго адзін поўнаметражны фільм. Спачатку аперацыя выратавання дыпламатаў здалася настолькі неверагоднай, што Крыс не мог прыдумаць, з якога боку падысці да будучага сцэнарыя. Пісьменнік адправіўся вывучаць архіўныя матэрыялы ў бібліятэкі. Крыс паспрабаваў уявіць, як бы сцэны будучага фільма выканалі любімыя акцёры Сідні Люмета, зоркі экрана 1970-х, такія як Джэк Уорд і Фэй Данаўэй. Затым Тэры прыняў вымушанае рашэнне некалькі спрасціць сюжэт і надаць яму больш напружаную канцоўку. У рэальнасці паслядоўнасць дзеянняў спецслужбаў была досыць складанай. Дыпламаты не сядзелі бязвылазна ў доме канадскага пасла, а хаваліся ў некалькіх розных дамах і пераязджалі з месца на месца. Паляцелі яны з Тэгерана некалькімі рэйсамі. Герой карціны Лестэр Сігэл, па волі сцэнарыста, стаў зборным вобразам некалькіх дзеячаў кінабізнесу. Пасля адпаведных паправак сцэнарый паступова стаў складацца ў адзінае цэлае [13].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/92/Argo_poster.gif/140px-Argo_poster.gif)
Па патрабаванню студыі Warner Bros Тэры дадаў у пачатку вялізны маналог Мендэса, які распавядае аб яго перадгісторыі (і нават працы ў СССР), які тлумачыць гледачу сэнс тэрміна эксфільтрацыя. Зрэшты, пазней ад гэтага маналога адмовіліся — атрымлівалася, што фільм меў два ўступы [14]. Тэкст шліфаваўся да пачатку 2011 года, пакуль ён не дасягнуў патрэбнай ступені гатоўнасці. Толькі тады прадзюсары пачалі шукаць рэжысёра. Джордж Клуні збіраўся быў асабіста ўзначаліць здымкі і стаць выканаўцам галоўнай ролі, але ён захапіўся праектам «Сакавіцкія Іды». Warner Bros. даслалі рабочую прапанову кампаніі Бена Афлека і Мэта Дэймана «Pearl Streets Film»[8]. «Пазнаёміўшыся з „Арго“, я быў проста ўражаны і адразу ж згадзіўся ўзначаліць здымкі» — распавядаў Бен, залпам прачытаўшы сцэнарый, як займальную кнігу[15]. Пры першым жа азнаямленні са сцэнарыем Бен вырашыў, што камедыйны пачатак у карціне трэба будзе скараціць («прыкладна на чвэрць»), пра што адразу папярэдзіў прадзюсараў[16]. У лютым 2011 года яго ўдзел у праекце быў канчаткова пацверджаны[17].
Карціна мела рабочую назву «Уцёкі з Тэгерана» («Escape From Tehran»), але ў ходзе работы стваральнікі адмовіліся ад яе, з-за сугучнасці з фантастычным «Уцёкі з Нью-Ёрка». У рэальнай аперацыі 1980 назва сцэнарыя супадала з назвай кнігі, па якой планавалася экранізацыя — «Lord of Light» («Бог святла») Роджэра Жэлязны. Тоні Мендэс памяняў яе на Argo, абыграўшы адзін непрыстойны англійскі жарт[18][19][20]. Гэтую ж назву i было вырашана выкарыстоўваць для фільма 2012 года. У карціне ў эпізодзе першай чыткі тэксту ў гасцініцы Beverly Hilton абыгрываецца сугучнасць слова Argo з міфічным караблём, што надае сцэне адценне чорнага гумару[9][21]. Персанажы па сюжэту неаднаразова паўтараюць вульгарны жарт нібы лозунг, з-за чаго карціна пасля атрымала рэйтынг R ў амерыканскім пракаце[22][23][~ 4].
Падбор акцёраў
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3e/Kyle_Chandler.jpg/126px-Kyle_Chandler.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/6/67/HamiltonJordan.jpg/126px-HamiltonJordan.jpg)
У траўні-чэрвені 2011 года прайшоў падбор акцёраў для карціны[24]. Асістэнт па кастынгу Лора Кенэдзі дапамагла рэжысёру адабраць каля 130 выканаўцаў з прыкладна 3000 анкет. 120 персанажаў у карціне маюць ролю са словамі[25]. Бен Афлек, праглядаючы кандыдатаў, арыентаваўся не столькі на статус, колькі на прафесійныя дадзеныя і адпаведнасць ролі, аддаючы перавагу асобам, якія не засвяціліся на экранах[26]. Рэжысёр загадзя папярэдзіў, што перад здымкамі будзе праводзіць рэпетыцыі з акцёрамі па сістэме Станіслаўскага (як ён яе сабе ўяўляў)[27]. Адным з першых запрашэнне ўвасобіць вобраз галівудскага варацілы атрымаў Алан Аркін. Пасля прагляду карціны «Чырвоны штат» Афлек падабраў з яго некалькіх акцёраў: Джона Гудмена, Майкла Паркса, Керы Бішэ[28]. Гудмен і Аркін — акцёры вядомыя, але галоўным чынам па ролях у аўтарскім кінематографе. Вельмі старанна падбіраліся на тыпаж «асобы з 1970-х» акцёры для шасцёркі выратаваных супрацоўнікаў пасольства. Сярод тых, хто прайшоў на гэтыя ролі, толькі Тэйт Донаван быў добра вядомы публіцы, бо выконваў вядучыя ролі на тэлебачанні. Астатнія: Клеа Дзювал, Скут Мак-Нэйры, Роры Кахрэйн, Керы Бішэ і Крыстафер Дэнем — былі параўнальна мала знаёмыя аўдыторыі[29]. На ролі іранцаў падбіраліся не проста акцёры з усходнімі рысамі, а іменна этнічныя іранцы. Прыдзірлівасць у дэталях даходзіла да таго, што для дыялогаў стваральнікі падбіралі носьбітаў іменна тэгеранскага дыялекту фарсі і ніякага іншага[25].
Ацэньваючы вынікі падбору акцёраў, гледачы і спецыялісты адзначылі тое, наколькі дакладна знешнасць выканаўцаў супадала з іх прататыпамі. Між тым, Лора Кенэдзі прызналася, што не ставіла перад сабой задачы дамагчыся пры выбары знешнасці поўнага падабенства. Гэта адбылося ў асноўным дзякуючы майстэрскай працы грымёра[25]. Ролю галоўнага героя Бен Афлек без прынцыповых дыскусій пакінуў за сабой[30]. Калі з іншымі персанажамі мела месца даволі блізкая адпаведнасць прататыпу, то тут паміж лацінаамерыканцам Мендэсам і белым Афлекам яе не назіраецца зусім. Зблытаныя доўгія валасы і барада змянілі акцёра настолькі, што ён не падобны і сам на сябе[26]. Знешнасць Афлека ў карціне стала для крытыкаў прадметам практыкаванняў у дасціпнасці, шавялюру акцёра Рычард Корліс назваў самай горшай прычоскай дзесяцігоддзя[31].
У эпоху CGI Афлек не захацеў выкарыстоўваць згенераваную пры дапамозе камп’ютара масоўку і прыцягнуў жывых людзей для здымак у Каліфорніі і ў Турцыі. Праца з вялікай масай людзей, ва ўмовах не самага вялікага бюджэту, запатрабавала, па выразу стваральнікаў, «ваеннай дакладнасці»[32]. Статысты ў Каліфорніі набіраліся ў асноўным з этнічных персаў, якія пражывалі ў ваколіцах Лос-Анджэлеса, у асобных сцэнах было задзейнічана да 800 чалавек. Няцяжка было знайсці персаў і ў Стамбуле. Самастойнай задачай было правільна апрануць герояў. Адных толькі жаночых накідак хіджаб было пашыта каля 500 камплектаў[33]. Яшчэ адна праблема адкрылася пасля здымак. Як высветлілася ўжо пры мантажы, у набранай масоўцы пераважалі людзі ва ўзросце за 40 гадоў — моладзь днём была занята на працы. У рэальнай гісторыі іранскай рэвалюцыі аснову тых, хто нападаў на пасольства складалі студэнты, але з гэтым ужо нічога нельга было зрабіць[32][34].
Здымкі
Вытворчасць карціны пачалася 30 жніўня 2011 года і працягвалася 14 тыдняў. Агульны бюджэт карціны склаў каля $ 44 500 000, з якіх каля $ 13 млн было выдаткавана непасрэдна на вытворчасць і $ 18 млн на зарплату персаналу і акцёрам[35]. Большая частка здымак праходзіла ў Лос-Анджэлесе. Кампанія Smokehouse Pictures ўзяла для здымак крэдыт каля $ 6 млн і пры ўмове правядзення ўсіх работ у штаце Каліфорнія атрымлівала падатковыя льготы[36].
На жаль для стваральнікаў, правесці здымкі ў Іране не ўяўлялася магчымым. Вуліцы і дамы Тэгерана былі часткова ўзноўлены ў павільёнах студыі Warner Bros ў Бербанку. У якасці аэрапорта Мэхрабад быў выкарыстаны адзін са старых тэрміналаў лос-анджэлескага аэрапорта Антарыё (en), якія ішлі пад знос. Знешні выгляд пасольства ЗША аднаўлялі па фатаграфіях, а яго ролю сыграў, вонкава вельмі падобны, медыцынскі цэнтр для ветэранаў у мястэчку Норз Хілз (англ.: North Hills у даліне Сан-Фернанда)[36][37]. Канторай Лэнглі стаў адміністрацыйны будынак Los Angeles Times (en). Яго інтэр’еры выкарыстоўваліся для аднаўлення офісаў пасольстваў і спецслужбаў. Мастак-пастаноўшчык быў прыемна здзіўлены тым, што ўбранне пакояў будынка мала змянілася за апошнія 30 гадоў і амаль нічога не прыйшлося змяняць[35]. Асобныя эпізоды, на працягу чатырох тыдняў, былі зняты ў Стамбуле: у раёне Вялікага базару, Блакітнай мячэці, Ая-Сафія. У адным з гарадскіх кварталаў Стамбула былі зняты эпізоды дэманстрацыі, якая перагарадзіла шлях фургону, у якім ехалі дыпламаты. Асобныя эпізоды былі зняты ў Вашынгтоне — у штаб-кватэры ЦРУ[24][33].
Увядзенне гледача ў атмасферу пачынаецца з застаўкі, у якой выкарыстаны лагатып Warner Bros. 1970-х гадоў[26]. Рэдактар Уільям Голдэнберг успамінаў, як яны з Афлекам натхняліся палітычнымі трылерамі эпохі Ніксана і Картэра: «Уся прэзідэнцкая раць», «Тры дні Кондара» і іншымі[38]. Першыя тыдні Крыс Тэры пастаянна знаходзіўся на здымачнай пляцоўцы [13]. У сцэнарыі была заключана вядомая супярэчнасць — ён утрымліваў камедыйны пачатак, звязаны з «галівудскай» сюжэтнай лініяй, хоць, у цэлым, фільм блізкі да палітычнага трылера. Не варта было ператвараць карціну ў фарс і празмерна захапляцца іранічным настроем, таму Бен папрасіў сцэнарыста быць у тэме і дапрацоўваць матэрыял па меры неабходнасці[16][39]. Крыс прапаноўваў пачаць карціну без усякага ўступлення — штурмам пасольства з першых секунд, у духу «Крывавай нядзелі». Рэжысёр застаўся пры сваім меркаванні. Ён вырашыў уступленне ў духу комікса, пазнаёміўшы гледача з гістарычнай канвой іранскай рэвалюцыі [40].
Пры падрыхтоўцы шырока выкарыстоўваліся архіўныя тэлевізійныя і кінаматэрыялы. У эпізодах карціны можна заўважыць футаж з вядомымі амерыканскімі тэлевядучымі: Пітэрам Джэнінгсам, Томам Броўкай (en), Тэдам Копелем (en). Сур’ёзнай дапамогай для стваральнікаў сталі архіўныя выпускі навіннай перадачы Nightline (en), якая пачала выходзіць якраз у момант ірана-амерыканскага крызісу. Усе выпускі перадачы ўтрымлівалі часавыя пазнакі (73-ы дзень крызісу, 74-ы дзень), што дапамагала арыентавацца ў часе[41]. Былі прыцягнуты матэрыялы рэальнай аперацыі ЦРУ 1979—1980 гадоў, якія захаваліся ў архіве: постары, разкадроўка, сцэнарый, рэклама ў друку, дакументы і нават адзенне[42]. Кансультантам карціны па яе «іранскай» частцы стаў друг Афлека рэжысёр Рафі Пітс. Ён жа сыграў у карціне эпізадычную ролю чыноўніка пасольства[43]. Перад здымкамі рэжысёр, успомніўшы ўласны вопыт працы ў «Пёрл-Харбары», пакінуў акцёраў дыпламатаў-уцекачоў на два тыдні ў ізаляваным памяшканні ў духу 1970-х гадоў. Пазбаўленыя электронных аксесуараў, у вопратцы сваіх герояў, яны ўжываліся ў той час і становішча[39][44].
Пастаянны рэтраспектыўны зварот па ходу стужкі да дакументальных кадраў прымушаў стваральнікаў быць вельмі дакладнымі ў дэталях. Значныя намаганні былі прыложаны мастаком-пастаноўшчыкам Шэран Сеймур і касцюмерам Жаклін Уэст. Эпоха узнаўлялася да самых дробных дэталей: піджакоў і гальштукаў, попельніц, наручных гадзіннікаў, акуляраў, плакатаў на сценах[45]. У офісах, па-мастацку заваленых паперамі, можна ўбачыць знакамітыя пішучыя машынкі IBM (en) і тэрміналы пнеўмапошты[46]. У кватэры галоўнага героя спачатку «па звычцы» пакінулі тэлефон-аўтаадказчык сучаснага выгляду, але своечасова спахапіліся — тады такіх яшчэ не існавала. Асобны кансультант (Тэд Мозер) адказваў за падбор аўтамабіляў тых марак, што ездзілі па вуліцах Вашынгтона і Тэгерана ў той час. Так, напрыклад, ён падабраў мадэль AMC Matador ў якасці паліцэйскай машыны для сцэны пагоні на аэрадроме[24][45]. На паказ у карціне эпізодаў, а таксама постараў і фігурак персанажаў з серый «Зорныя войны», «Зорны шлях», «Планета малпаў» трэба было атрымаць дазвол у праваўладальнікаў і пайсці на пэўныя выдаткі. Бен Афлек палічыў гэтыя затраты апраўданымі, бо яны былі важнымі дэталямі для стварэння атмасферы[45].
У асноўным карціна здымалася камерай на плёнку Kodak 5263. Здымка на лічбавую камеру выкарыстоўвалася вельмі абмежавана, у сцэнах са слабым асвятленнем. Шырока выкарыстоўвалася стылізацыя. Аператар нярэдка звяртаўся да прыёмаў часоў Роберта Олтмена — нечаканага наезду камеры на другарадныя дэталі кадра[24]. Эфекту якасці 1970-х аператар і рэжысёр дамагаліся ў тым ліку штучным павелічэннем зярністасці. Здымаючы на 35 мм плёнку, аператар выкарыстоўваў палову кадра. Затым палова кадра расцягвалася да поўнага памеру пры дапамозе фотапавялічэння[15]. У асобных выпадках (напрыклад, сцэны дэманстрацый) выкарыстоўваліся плёнка 16 мм і Super 8 мм (en) і здымка з рук, якія давалі эфект дэградацыі якасці карцінкі, характэрны для архіўных кінаматэрыялаў[24].
Стадыя пост-прадакшн стужкі заняла каля 6 месяцаў. Першасная рэдактарская праўка адбывалася непасрэдна ў ходзе здымак. Раз у тыдзень Афлек і рэдактар Уільям Голдэнберг збіраліся, праглядалі матэрыял, ажыццяўляючы папярэднюю адборку сцэн, ужо ўяўляючы сабе, як яны будуць глядзецца ў канчатковым мантажы[41]. Голдэнберг скараціў прыкладна 185 гадзін сырога матэрыялу да двух гадзін канчатковага мантажу, скараціўшы звыш 30 тыс. метраў плёнкі[38]. Лічбавы негатыў быў выраблены пры ўдзеле студыі EFilm. Запіс музыкі і звядзенне гуку адбывалася ў студыі Capitol Records ў Лос-Анджэлесе[47]. У карціне выкарыстаны спецэфекты (каля 600 кадраў) пры ўдзеле студыі Method studios (en). Выгляд Тэгерана з паветра і абрыс самалёта над ім былі зроблены на камп’ютары[34][47]. Сцэна пагоні на аэрадроме была створана такім жа чынам. Зрэшты, большая частка візуальных эфектаў з разраду непрыкметных. Менавіта дзякуючы ім удалося, у значнай ступені, дакладна ўзнавіць абстаноўку вуліц сталіцы Ірана, некаторыя рэдкія старыя маркі аўтамабіляў, якія нялёгка было знайсці[36]. Асобнай задачай рэдактара было сабраць разам усе эпізоды карціны, знятыя ў рознай тэхніцы і з розным якасцю: 8 мм, 16 мм, 35 мм і лічбавую здымку, рэтраспектыўныя кадры — так каб не было прыкметна швоў[24].
Выхад у пракат і прызнанне
З мэтай прасоўвання карціны на рынак стваральнікі правялі агрэсіўную рэкламную кампанію. У яе рамках здымачная група аб’ездзіла ўсю краіну, даўшы мноства інтэрв’ю. Першы трэйлер карціны стаў даступны ў сетцы ў маі 2012 года. Прэм’ера карціны адбылася на кінафестывалі ў Тэлурыдзе (en) 31 жніўня 2012 г., дзе публіка ў захапленні прымаля здымачную групу[48]. У Таронта здымачная група ўдастоілася 10-хвілінных апладысментаў. У шырокі пракат карціна выйшла 12 кастрычнікa 2012[1][49].
Яшчэ на ранняй стадыі пракату «Аперацыя „Арго“» атрымала выдатныя водгукі «сарафаннага радыё» і вышэйшы рэйтынг A+ агенцтва CinemaScore (en). У першыя выхадныя карціна сабрала досыць сціплыя $ 19 500 000 (3232 экрана), але затым яна атрымала поспех дзякуючы стабільным паказчыкам[1][50]. «Аперацыя „Арго“» працягнула тэндэнцыю павелічэння ў амерыканскім пракаце колькасці карцін з рэйтынгам R[~ 5]. Гэта адмоўна адбілася на пракаце фільма, але яму ўсё роўна ўдалося пераадолець важны рубеж у $ 100 млн хатніх збораў[51]. Дапамагло тут тое, што стужка арыентавана на старэйшую ўзроставую катэгорыю. Увагу аўдыторыі прыцягнула і ўзросшая калекцыя заваяваных кінаўзнагарод[52]. Да моманту адкрыцця цырымоніі ўручэння «Оскараў» карціна ўжо 18 тыдняў была ў пракаце, але ішла на 1405 экранах краіны — вельмі паспяховы паказчык. У выніку, з бюджэтам у $ 44 500 000, яна сабрала ў свеце ўсяго $ 219 млн. ($ 133 млн ЗША + $ 85 млн астатні свет)[1][37][52].
Сезон 2013 стаў часам кінематаграфічнага асэнсавання гісторыі краіны вядучымі рэжысёрамі. У адрозненне ад мінулага года, за перамогу ў гонцы за «Оскарамі» чакалася вельмі вострая канкурэнцыя. На вышэйшыя ўзнагароды прэтэндавалі: «Лінкольн» Спілберга, «Мэта нумар адзін» Бігелоў, «Джанга вызвалены» Таранціна. Каб павысіць шанцы «Аперацыі „Арго“» у барацьбе за «Оскар», была праведзена асобная рэкламная кампанія коштам каля $ 10 млн. У яе рамках былі паказаны тэлевізійныя ролікі, арганізавана вонкавая рэклама, у падарунак крытыкам былі разасланы DVD-копіі фільма, а таксама многае іншае[53][54]. Задоўга да цырымоніі, 10 верасня 2012 года, Роджэр Эберт ў сваім блогу прадказаў, што менавіта «Аперацыя „Арго“» пераможа ў галоўнай намінацыі ўручэння ўзнагарод амерыканскай кінаакадэміі[55]. Прагноз практычна аднадушна падтрымалі вядучыя кінакрытыкі краіны[19]. Залогам будучага поспеху сталі цырымонія ўзнагароджання прызамі PGA і ўручэнне прэміі «Залаты глобус», дзе карціна перамагла ў двух галоўных намінацыях: за лепшы фільм і лепшую рэжысуру. Спаборніцтва паміж фільмамі прыцягнула пільную ўвагу букмекераў, стаўкі найбуйнейшых кантор ЗША і Вялікабрытаніі, пасля цырымоніі «Залатога глобуса», прымаліся ўжо не на перамогу «Лінкальна», а на карысць «Аперацыі „Арго“»[56]. На цырымоніі ўручэння прэмій кінаакадэміі «Аперацыю „Арго“» чакаў поспех — яна атрымала тры статуэткі, уключаючы прыз лепшаму фільму, і адзначылася яшчэ ў чатырох намінацыях. Аналітыкі адзначылі, што ўпершыню з 1989 года (а ўсяго ў гісторыі кінаакадэміі было толькі тры такія фільмы) карціна-пераможца ў намінацыі «лепшы фільм» не была нават намінавана ў катэгорыі «лепшы рэжысёр»[19][32].
Для прадзюсарскага дуэта Хеслаў-Клуні «Аперацыя „Арго“» стала доўгачаканым шырокім прызнаннем[7]. Карціна стала прарывам да новых вышынь для Бена Афлека. Як пісалі пра яго — гэты неадменны лаўрэат «Залатой маліны», герой ганебна праваленай «Джыльі» — раптам стаў элітным рэжысёрам[57][58]. На думку самога рэжысёра карціны — ільвіная доля поспеху належыць добраму сцэнарыю Крыса Тэры і добраму падбору акцёраў[43].
Ацэнка
Крытыка
Рэйтынгі | |
---|---|
Выданне | Ацэнка |
Роджэр Эберт | 4 з 4 |
Джэймс Берардынелі | 3,5 з 4 |
Boston Globe | 3 з 4 |
Washington Post | 3,5 з 4 |
Rolling Stone | 3,5 з 4 |
Guardian | 3 з 5 |
Трэці рэжысёрскі вопыт Бена Афлека атрымаў у цэлым станоўчыя водгукі ў вядучых спецыялістаў, хоць хапала і жорсткай крытыкі. Практычна ўсе адзначылі спелы сцэнарый з нетрывіяльнай задумкай у аснове[6][12][46], умелае спалучэнне дакументальнага падыходу з нагнятаннем бліжэй к канцоўцы відовішчнай атмасферы трылера[44][46][59]. Немалыя намаганні, затрачаныя здымачнай групай на аднаўленне духу 1970-х, апраўдаліся[12][26][46]. Афлек вучыцца лепш працаваць з аператарам і з рэдактарам. Яго кадр цяпер візуальна запоўнены і тым падкупляе гледача, выклікаючы давер да таго, што адбываецца[60]. Вельмі ўражваюць фінальныя цітры, якія паказваюць, наколькі дакладна стваральнікі фільма перадалі гістарычныя дэталі[46][59]. Вінтажная аператарская праца Радрыга Прыеты з талкова расстаўленымі візуальнымі акцэнтамі таксама дадае настрою[61]. Добры трылер якраз і адрозніваецца не эфектнымі перастрэлкамі, а дакладным маніпуляваннем часам і месцам дзеяння. Толькі так можна пераканаць гледачоў у тым, што іранцы сапраўды выпусцілі амерыканскіх дыпламатаў літаральна ў апошнюю секунду, і нават веданне канцоўкі не перашкаджае спаўна атрымаць задавальненне ад прагляду[46]. Валерый Кічын даў высокую ацэнку карціне, адзначыўшы выразна вытрыманую прапорцыю паміж дакументальнасцю апавядання і чыстым трылерам[44]. «Аперацыя „Арго“» атрымала найвышэйшую ацэнку ў Роджэра Эберта за «рэдкае кінематаграфічнае майстэрства»[6].
Эн Хорнадэй (Washington Post) параўнала завязку трылера з вядомай карцінай «Хвост віляе сабакай», адзначыўшы, што бліжэй к канцоўцы іранічны пасыл сцэнарыя «Аперацыі „Арго“» губляецца, і яна становіцца падобнай на чарговую «невыканальную місію»[46]. Крытык Уэслі Морыс (en) (The Boston Globe), згаджаючыся з калегай, невысока адазваўся аб якасцях фільма, адзначыўшы бліскучую завязку і цалкам непераканаўчую канцоўку, у духу таннага баевіка[62]. Ладны ідэалагічны пачатак, які прысутнічае ў сюжэце, аказаў свой уплыў на ўспрыманне фільма крытыкамі. Ларыса Малюкова (Новая газета) вылучыла «Аперацыю „Арго“» як узор патрыятычнага фільма і прыклад для пераймання ў гэтым жанры. У фільме прысутнічае і крытыка ўрада, і спецслужбаў, і непрыкметны подзвіг радавога грамадзяніна, у духу амерыканскага кінематаграфічнага авантурызму[63]. Генры Барнс (The Guardian) назваў карціну патрыятычнай галівудскай прынадай для «Оскара», у якой градус самаўсхвалення робіць драму недакладнай[59]. На думку Лідзіі Маславай (КоммерсантЪ) карціна ідэалагізавана настолькі, што цяжка суперажываць драме герояў. Глядзець такую карціну пажадана тым, хто ведае гістарычны кантэкст усіх адлюстраваных там падзей[64]. «Выдатная ідэя яшчэ не робіць карціну геніяльнай, — заўважыў Рычард Корліс. — Фільм, увогуле, так сабе»[31].
Сюжэтная лінія, звязаная з Галівудам, гучыць эфектным кантрапунктам астатняй частцы сюжэту, узбагачаючы трылер іранічным гучаннем[12][46]. Мабыць, Тоні Мендэс нават не ўяўляў, у якую сумесь фарсу і драмы можна пераплавіць падзеі, звязаныя з выратаваннем дыпламатаў[12]. Спецыялісты амаль аднадушна высока ацанілі гульню акцёраў другога плана Алана Аркіна і Джона Гудмена, якія па-майстэрску перадалі тыпажы галівудскіх вараціл[12][61][62]. З густам напісаны сцэнарый з афарыстычнымі рэплікамі надаў вобразам жыццёвасць і выразнасць. Зрэшты, ўвасабленне Бенам Афлекам цэнтральнага персанажа, і знешняе, і ўнутранае, зусім не ўразіла крытыкаў. Мендэс, у выкананні Афлека, тым больш непераканаўчы, калі з’яўляецца на фоне добра падабранага ансамбля. Гэта акалічнасць асабліва кідаецца ў вочы ў сцэне нарады ў ЦРУ (са словаў: «эвакуацыі, як аборты — яны вам не патрэбныя…»). Акцёр, па задуме, павінен ствараць вобраз мацёрага прафесіянала, да меркавання якога прыслухоўваюцца калегі, але пераканаўча сыграць такога персанажа ў яго не атрымліваецца[65]. На думку Эмі Бьянколі (SF Gate), ён яўна недапрацаваў практычна ва ўсіх сцэнах, і з ёю згаджаецца большасць яе калег[61]. Джэймс Берардынелі выказаўся пра тое, што рэжысёр з Афлека выйшаў лепшы, чым акцёр[26]. Пітэр Трэверс (Rolling Stone) іранічна напісаў пра тое, што Афлек, вядома, не Хічкок, але справіўся нядрэнна — у рамках галівудскага кодэкса на выкладанне гістарычных фактаў[66].
Сацыяльны кантэкст і дакладнасць
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a1/First_Lady_Michelle_Obama_announces_the_Best_Picture_Oscar_to_Argo.jpg/220px-First_Lady_Michelle_Obama_announces_the_Best_Picture_Oscar_to_Argo.jpg)
Вострую дыскусію выклікаў сацыяльны і палітычны кантэкст карціны, а таксама вольная трактоўка місіі 1980 года. Стваральнікі карціны прыклалі нямала намаганняў для аднаўлення дэталей і старанна прытрымліваліся дакументальнасці ў падыходзе. Бен Афлек заўважыў у інтэрв’ю: «Калі б карціна не была праўдай, то была б правалам»[23]. Тым не менш, гістарычная дакладнасць «Аперацыі „Арго“», якую Міхаіл Трафіменка назваў карцінай, што пакрыўдзіла ўсіх, выклікала шмат пытанняў і нараканняў[67]. Найбольш жорсткіх ацэнак заслужыла сцэнарная трактоўка ўкладу канадскіх спецслужбаў, якім сюжэтам была наканавана дапаможная роля ў рызыкоўнай аперацыі выратавання[67][68]. Джымі Картэр, каменціруючы сюжэт карціны, унёс наступную папраўку: «90 % ўкладу ў ідэю і ў давядзенне аперацыі да канца належыць канадскім спецслужбам». Былы прэзідэнт ЗША таксама нагадаў, што галоўным героем быў канадскі пасол Кен Тэйлар, а зусім не Тоні Мендэс[69][~ 6]. Ацэньваючы дакладнасць карціны, Тоні Мендэс звярнуў увагу на тое, што ў рэальнай гісторыі не было ні паходу на базар, ні неверагоднай пагоні за самалётам у канцоўцы[10]. У рэальнасці ўцекачы пакінулі Іран без асаблівых эксцэсаў, і трактоўка падзей у духу галівудскага баевіка не выглядае апраўданай[15]. СМІ адзначылі цэлы шэраг іншых недакладнасцей і дзіўнасцей у трактоўцы. Лацінаамерыканскія крыніцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што Тоні Мендэс па паходжанню — мексіканец, тады як стваральнікі карціны вырашылі адлюстраваць яго белым амерыканцам[70].
Пасля нечаканага поспеху іранскага кіно, праз год, цырымонія ў тэатры «Долбі» зноў была ў цэнтры ўвагі іранскіх тэлегледачоў. «Аперацыя „Арго“» была забаронена да афіцыйнага пракату ў Іране, папаўшы пад шквал крытыкі. Мясцовыя СМІ назвалі яе абразай і «рэкламай ЦРУ» [71]. Прадстаўнікі дзяржаўных структур завастрылі ўвагу на тым, што гвалт, паказаны ў карціне, быў празмерным, і сцэнарная трактоўка не адпавядала гістарычнай рэчаіснасці[72][73]. Намеснік міністра замежных спраў Ірана Махамад Хасейні заявіў, што гісторыя ў карціне была перакручана. Канадскі пісьменнік, этнічны іранец Жыён Гомеш назваў паказ іранцаў у карціне перабольшана жорсткімі глыбокай памылкай.
«Аперацыя „Арго“», гэтакая ваяўнічая казка, што дае недасведчанай заходняй публіцы зусім няправільныя ўяўленні аб характары іранскага народа. Не проста рэжыму, а іменна народа.
Арыгінальны тэкст (англ.)Argo provides the uninitiated Westerner with a crash course in the nature of the Iranian people as if out of some kind of hawkish fairy tale. Not just the regime, the people.
— [74]
Зрэшты, гледачы Ірана маглі скласці ўласнае ўяўленне пра фільм. Пірацкія DVD дыскі з фільмам даступныя на чорным рынку Ірана, і ён ішоў у падпольным пракаце[74].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/cf/Ben_Affleck_TIFF_2%2C_2012.jpg/140px-Ben_Affleck_TIFF_2%2C_2012.jpg)
год
Факт таго, што пераможцу узнагарод кінаакадэміі ў барацьбе за самы лепшы фільм аб’яўляла Першая лэдзі ЗША Мішэль Абама, толькі ўзмацніў падазрэнні ў палітычным заказе[72]. Газета Washington Post правяла паралель паміж часам поспеху «Аперацыі „Арго“» і чарговым вітком напружанасці ў ірана-амерыканскіх адносінах[73]. Дзіўным выглядаў і сам выбар у якасці сюжэта толькі адной, найбольш паспяховай, часткі гісторыі, звязанай з іранскім крызісам[67][75]. Як вядома, вызваленне астатніх 52 заложнікаў пацягнула за сабой страту мільярдаў долараў, правал аперацыі «Арліны кіпцюр» (ru) і страту рэпутацыі спецслужбаў ЗША[67][76]. У студзені 2013 года стала вядома, што Іран плануе пачаць здымкі ўласнай версіі гісторыі, звязанай з падзеямі 1979—1980 гадоў у Тэгеране. Рэжысёр Атаола Салманян публічна выказаўся пра намер зняць патрыятычны фільм «Генеральны штаб», як адказ на карціну Афлека[77][78][~ 7]. Палемізуючы з крытыкамі, Афлек заявіў: «Мы адзначылі, што фільм зняты на аснове рэальных падзей, але ніколі не казалі, што экранныя падзеі рэальныя»[67]. Абвінавачванні ў палітычнай матывацыі рэжысёр таксама назваў цалкам надуманымі: «Я толькі расказаў цікавую гісторыю», — заявіў стваральнік карціны[79]. Уільям Голдэнберг лічыў, што здымачная група пастаралася па магчымасці захаваць нейтральны погляд на сітуацыю, не блытаючы напружанне трылера з палітычнай напружанасцю[41]. Пітэр Дзебруж знайшоў своеасаблівае тлумачэнне празмернай вольнасці ў трактоўцы гістарычных падзей і ксенафобіі: іранцы ў карціне яўна не дурнейшыя за Тоні Мендэса, раз змаглі здагадацца пра тое, што іх водзяць за нос (не ў прыклад рэальным супрацоўнікам аэрапорта ў 1980 годзе)[65].
Абражаным аказаўся і сапраўдны аўтар сцэнарыя нязнятага фільма «Бог святла»/«Арго» 1979 года — Бары Гелер. Пасля поспеху фільма 2012 года ён выказаў на сваім сайце здзіўленне з нагоды тэглайна фільма Афлека: «Фільм фальшывы. Місія сапраўдная» («The movie was fake. The mission was real»). Гелер заявіў аб тым, што трыццаць гадоў таму планы зняць фільм не ажыццявіліся толькі з-за непаразумення — на жаль, не ўсім сцэнарыям ў Галівудзе наканавана дайсці да стадыі рэалізацыі. Аднак гэта зусім не повад называць фільм «фальшывым». Хоць, нечаканым чынам, той стары сцэнарый стаў вядомы ўсяму свету і цяпер, магчыма, атрымае другі шанц[80][81].
Прэміі і намінацыі
Узнагарода | Каму прысуджана |
---|---|
2013 Лаўрэат: прэмія «Оскар» | |
Самы лепшы фільм | Джордж Клуні, Грант Хеслаў, Бен Афлек |
Самы лепшы адаптаваны сцэнарый | Крыс Терыа (en) |
Самы лепшы мантаж | Уільям Голдэнберг (en) |
Намінацыя: | |
Найлепшая мужчынская роля другога плана | Алан Аркін |
Найлепшая музыка | Аляксандр Дэспла |
Найлепшы гук | Джон Райтц (en), Грэг Рудлаф (en), Хасэ Антоніо Гарсія |
Найлепшы гукавы мантаж | Эрык Одаль, Ітан ван дэр Рын |
2013 Лаўрэат: прэмія BAFTA | |
Самая лепшая рэжысура | Бен Афлек |
Самы лепшы фільм | Джордж Клуні, Грант Хеслаў, Бен Афлек |
Самы лепшы мантаж | Уільям Голдэнберг |
Намінацыя: | |
Самая лепшая мужчынская роля | Бен Афлек |
Самая лепшая мужчынская роля другога плана | Алан Аркін |
Найлепшая музыка | Аляксандр Дэспла |
Найлепшы адаптаваны сцэнарый | Крыс Терыа |
2013 Лаўрэат: прэмія «Залаты глобус» | |
Самая лепшая рэжысура | Бен Афлек |
Самы лепшы фільм | Бен Афлек |
Намінацыя: | |
Самы лепшы адаптаваны сцэнарый | Крыс Терыа |
Самы лепшы акцёр другога плана | Алан Аркін |
Самая лепшая музыка да фільма | Аляксандр Дэспла |
2013 Лаўрэат: прэмія «Сезар» | |
Найлепшы замежны фільм | Бен Афлек |
Узнагарода | Каму прысуджана |
---|---|
2013 Лаўрэат: прэмія Нацыянальнага савета кінакрытыкаў ЗША | |
Spotlight Award | Джон Гудмен |
За асаблівы ўклад у кінематограф | Бен Афлек |
Top Films | |
2013 Лаўрэат: прэмія Гільдыі сцэнарыстаў ЗША | |
Самая лепшая драма па адаптаванаму сцэнарыю | Крыс Терыа |
2013 Намінацыя: прэмія Выбар народу | |
Самая лепшая драма | |
2013 Лаўрэат: прэмія Амерыканскага інстытута кінамастацтва | |
Фільм года | Джордж Клуні, Грант Хеслаў, Бен Афлек |
2013 Лаўрэат: прэмія Гільдыі кінаакцёраў ЗША | |
прэмія Гільдыі кінаакцёраў ЗША за самы лепшы акцёрскі склад у ігравым кіно | акцёрскі склад фільма |
Намінацыя: | |
Прэмія Гільдыі кінаакцёраў ЗША за самую лепшую мужчынскую ролю другога плана | Алан Аркін |
2013 Лаўрэат: прэмія Гільдыі прадзюсараў Амерыкі | |
Самы лепшы прадзюсар кінастужкі | Джордж Клуні, Грант Хеслаў, Бен Афлек |
2013 Лаўрэат: прэмія Гільдыі рэжысёраў Амерыкі | |
Самая лепшая рэжысёрская праца | група асістэнтаў рэжысёра |
2013 Лаўрэат: прэмія «Спадарожнік» | |
Самая лепшая музыка | Аляксандр Дэспла |
Намінацыя: | |
Самы лепшы фільм | |
Самы лепшы рэжысёр | Бен Афлек |
Самы лепшы сцэнарый | Крыс Терыа |
Інфармацыя па прэміях і намінацыях прадстаўлена па дадзеных сайта imdb.com[82].
Музыка
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/af/Alexandre_Desplat_2013.jpg/150px-Alexandre_Desplat_2013.jpg)
Для працы над карцінай прадзюсары прыцягнулі вядомага французскага кампазітара Аляксандра Дэспла. Ён меў рэпутацыю кампазітара з нешаблонным падыходам да творчасці і ўжо працаваў сумесна з Smokehouse Pictures (en) над карцінай «Сакавіцкія Іды»[83]. Дэспла напісаў музыку і для аднаго з канкурэнтаў «Аперацыі „Арго“» — карціны «Мэта нумар адзін», якая сюжэтна пераклікаецца з працай Афлека. Пры стварэнні саўндтрэка карціны Дэспла натхняўся блізкаўсходнімі матывамі і іх сюжэтным супрацьпастаўленнем класічнай заходняй музыцы. Для стварэння этнічнага фону кампазітар выкарыстаў прыдатныя ўсходнія інструменты і галасы спевакоў з Блізкага Усходу. Так, у кампазіцыі, якая выконваецца ў момант прыбыцця Тоні Мендэса ў Тэгеран, гучыць голас вядомай іранскай спявачкі Сусанны Дэйхім (en). Акцэнтаванае выкарыстанне ўдарных дапамагае развіццю напружанай атмасферы карціны, асабліва бліжэй да развязкі. У карціне прыкметны зварот да папулярнай музыкі 1970-х, якая таксама стварае настрой часу. Кампазіцыі «Little T & A» Rolling Stones, «Sultans of Swing» Dire Straits, «Dream On» Aerosmith, «When the Levee Breaks» Led Zeppelin вяртаюць гледача ў эпоху росквіту рок-музыкі 1970-х[84]. У інтэрв’ю Бен Афлек выказваўся пра тое, што не асабліва любіць падкрэсліваць настрой у карціне музыкай і часта абыходзіцца без музычнага суправаджэння, лічачы яго штучным. Яму больш даспадобы гукавыя і шумавыя эфекты. Таму ў ключавой сцэне штурму пасольства музычнае суправаджэнне не выкарыстоўваецца зусім — чуваць толькі натуральныя гукі[79].
Праца Дэспла была адзначана намінацыямі на ўсіх вядучых кінапрэміях: «Оскар», «Залаты глобус» і BAFTA. Ацэнка спецыялістамі музыкі да карціны была, зрэшты, стрыманай. Рэсурс Scoretrackinenglish адзначыў, што этнічны падыход не вельмі сябе апраўдаў, а Афлеку лепш было б звярнуцца да Гары Грегсан-Уільямса. Дэн Галвасэр (soundtrack.net) заўважыў толькі, што музыка не моцна перашкаджае ўспрыманню фільма[85][86]. CD з саўндтрэкам карціны выйшаў на лэйбле WaterTower Music і на рэсурсах лічбавай дыстрыбуцыі 9 кастрычніка 2012 г[83][86].
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
- Antonio J. Mendez. The Master of Disguise: My Secret Life in the CIA (англ.). — HarperCollins, 2009. — P. 29. — ISBN 9780061865305.
- Lisa Rosen You can’t make this stuff up(англ.). — 2013. — № Jan. — P. 60. — ISSN 1092-468X.
Спасылкі
- Афіцыйны сайт фільма «Аперацыя „Арго“»
- Падборка фатаграфій са здымачнай пляцоўкі фільма