Іракезы

Іраке́зы (саманазва: Haudenosaunee, літаральна «людзі доўгай хаціны») — група індзейскіх народаў Паўночнай Амерыкі. Сфарміравалася як канфедэрацыя (ліга) пяці народаў: магаўкаў, анандага, анейда, каюга, сенека. Пазней да яе далучыліся тускарора.

Воін-іракез. Малюнак канца XVIII ст.

Карэннымі тэрыторыямі іракезаў лічыцца паўночны захад сучаснага штата Нью-Ёрк у ЗША. У нашы дні большасць іракезаў стала жыве ў ЗША і Канадзе.

Акрамя таго, іракезамі называюць індзейскія народы Паўночнай Амерыкі, якія размаўляюць на іракезскіх мовах.

Паходжанне

Згодна міфалагічным паданням іракезаў, яны былі створаны непасрэдна Трымальнікам Неба. Прычым, кожны народ быў ашчасліўлены пэўнай тэрыторыяй з адметнымі багаццямі[1]. Магаўкі атрымалі землі на вялікай рацэ і кукурузу. Анейда пасяліліся каля камянёў і маглі карыстацца арэхамі і драўнянымі пладамі. Анандага мелі высокія пагоркі, вінаград, кабачкі і тытунь. Каюга — балоты і карані раслін. Сенека дасталіся ўзвышшы і фасоля. Тускарора, што прыйшлі ў XVIII ст. з поўдню, лічылі, што ў іх землях знаходзіўся дом Трымальніка Неба.

Лінгвісты сцвярджаюць блізкасць іракезскай сям’і моў да сіўанскай і кадаанскай груп моў[2], што сведчыць пра тое, што продкі іракезамоўных народаў здаўна жылі на ўсходзе Паўночнай Амерыкі. Археолагі лакалізуюць старажытныя паселішчы іракезаў і іх блізкіх моўных сваякоў (гуронаў, мехерын, натавэй, нейтраль, саскуэханцаў, тыанантаты, чэрокі, эры) раёнам усходу Вялікіх азёр, часткі Агая і землямі на захад да ўзбярэжжа Атлантыкі[3].

З’яўленне непасрэдна іракезаў звязваецца з археалагічнай культурай земляробаў Аваска на тэрыторыі сучаснага штата Нью-Ёрк[4]. Для носьбітаў Аваска былі характэрны добра ўмацаваныя драўлянымі платамі паселішчы з доўгімі хацінамі. Мяркуецца, што ў ранні перыяд яны вялі частыя войны. Пранікненне іракезамоўных народаў на паўночнае ўзбярэжжа Вялікіх азёр датуецца не раней за сярэдзіну XIII ст.[5]

Упершыню назву іракезы ў 1603 г. выкарыстаў Самюэль дэ Шамплейн[6]. Высоўваюцца версіі аб яе паходжанні з моў гуронаў (ierokwa — «тыя, хто кураць»), каюга (iakwai — «мядзведзь»), алганкінаў (Iriⁿakhoiw — «сапраўдныя змеі»), баскаў (hilokoa— «забойцы») і г. д. Самі іракезы называюць сваё аб’яднанне Haudenosaunee (ад hodensote — доўгая хаціна). Хаціна як агульны сімвал паходзіць ад традыцыі сваяцкіх матрылакальных сямей мець у адным жытле некалькі агменяў[7]. Кожны народ, што ўваходзіў у лігу, таксама меў свой агмень, каля якога збіралася рада правадыроў. Такім чынам ліга атаесамлялася з пашыранай матрылакальнай сям’ёй.

Фарміраванне лігі

Вампум і дрэва міру на сцягу лігі іракезаў

Дакладны час фарміравання лігі іракезаў не вядомы, паколькі падзеі перадаваліся толькі праз вусную традыцыю. Мяркуюць, што гэта адбылося ў XIV — XVI стст. Паколькі ў легендах сенека пачатак першай рады лігі звязаны з сонечным зацьменнем, то верагодным годам заснавання з’яўляецца 1451.

Згодна паданням, магаўкі, анандага, анейда, каюга і сенека доўгі час вялі ўзаемныя крывавыя войны, пакуль да іх не прыбыў вялікі міратворац Дэганавайда з краіны гуронаў на поўнач ад возера Антарыа. Ён вандраваў на ўсход і заклікаў ваяроў аб’яднацца і жыць у міры[8]. Адным з найбольш амбітных паслядоўнікаў Дэганавайды стаў Гаявата[9], правадыр племені магаўкаў, які выступаў ад імя міратворцы з планам аб’яднання.

Супраць міру быў правадыр анандага, чараўнік Тададаха. Дзякуючы яго чарадзейству Гаявата згубіў тры дачкі. Разам з Дэганавайдам правадыр магаўкаў пранік у пячору, дзе жыў Тададаха. Там яны ўбачылі пачварнага монстра са змеямі, ўплеценымі ў валасы. Аднак Тададаха пагадзіўся выслухаць прыхільнікаў міру і ў выніку прыняў іх план. Яго твар пры гэтым стаў чалавечым. Гаявата вычасаў змей з яго валасоў[10].

Дэганавайда ў знак іх пагаднення пасадзіў на тэрыторыі анандага дрэва міру і сфармуляваў асноўны законы іракезаў Gayanashagowa[11]. Ён рэгламентаваў узаемаадносіны паміж чальцамі лігі. Усе спрэчныя пытанні павінны былі вырашацца радай з 13 прадстаўнікоў. Галоўную ролю пры вырашэнні адыгрывалі прадстаўнікі магаўкаў як «трымальнікі закону». Прадстаўнікі анандага не ўдзельнічалі ў прыняцці рашэнняў, аднак мелі правы склікаць раду і накласці на ніх вета. У радзе не маглі ўдзельнічаць прадстаўнікі народаў, якія не ўваходзілі ў лігу.

Gayanashagowa не забараняў пашырэнне лігі за лік новых добраахвотнікаў. Пасля паражэння ў вайне 17111715 гг. ад англійскіх каланістаў з Паўночнай Караліны на тэрыторыю штата Нью-Ёрк прыбылі тускарора[12]. Яны пажадалі стаць шостым чальцом лігі.

Бабровыя войны

Піктаграмы-подпісы індзейцаў пад дагаворам у Манрэалі, 1701 г.

У пачатку XVII ст. ліга іракезаў налічвала ўсяго каля 20 тысяч чалавек, але адыгрывала значную ролю ў палітычным жыцці індзейскіх плямён усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. З пачатку XVII ст. у Паўночнай Амерыцы з’явіліся галандскія, французскія і англійскія каланісты. Іх прыбыццё змяніла расстаноўку сіл, пачалося распаўсюджванне тавараў з металаў і агнястрэльнай зброі. Наўзамен еўрапейскія гандляры куплялі мясцовыя тавары. Іх асабліва цікавілі скуры баброў. Іракезы традыцыйна падтрымлівалі сувязі з галандскімі, а потым англійскімі калоніямі, іх праціўнікі, гуроны і алганкіны, — з французскімі. 29 ліпеня 1609 г. 10 французаў, узброеных аркебузамі, на чале Самуэля дэ Шамплейна прынялі ўдзел у бітве іну супраць магаўкаў[13][14]. 2 правадыра магаўкаў былі забіты, астатнія збеглі з поля бою.

Наступныя перамогі французаў, а таксама заключэнне імі ў 1614 г. пагаднення з магутнай канфедэрацыяй гуронаў на некаторы час спынілі экспансію іракезаў на поўнач, але не перапынілі ваенныя дзеянні паміж варожымі індзейцамі. У першай палове XVII ст. назіралася хуткае пераўзбраенне індзейскіх плямён, выкарыстанне імі агнястрэльнай зброі. У 16361637 гг. у іракезаў, якія набылі стрэльбы ў галандцаў, атрымалася выціснуць саюзных французам амамівініні на поўнач[15]. Аднак гандлёвыя кантакты з еўрапейцамі, што садзейнічалі ўзбраенню, таксама вялі да вынішчэння баброў. У выніку, ужо да 1650 г. іракезы сутыкнуліся з нястачай бабровага футра. Іх паляўнічыя былі вымушаны асвойваць даліну ракі Агая на ўсходзе[16], а таксама весьці перамовы з паўночнымі плямёнамі. Апошнія не прывялі да істотных зрухаў, таму з 1642 г. іракезы пачалі наступ у раёне ракі Святога Лаўрэнція. У 16491675 гг. яны здолелі разграміць канфедэрацыі гуронаў, нейтраль, тыанантаты, эры, саскуэханцаў, нанесці жорсткае паражэнне ілінойс.

З самога пачатку 1650-х гг. у канфлікт паміж індзейцамі была ўцягнута Новая Францыя[17]. Чарага ваенных сутычак паміж французамі і іх саюзнікамі з аднаго боку і іракезамі з другога атрымала назву Бабровых войн. У 1665 г., 1684 г., 1687 г., 1696 г. французы арганізоўвалі ваенныя экспедыцыі супраць іракезаў, але ўсе яны мелі часовы поспех. Толькі ваеннае паражэнне анандага і анейда ў 1696 г. дапамагло французам пазбавіцца ад рэйдаў на каланіяльныя паселішчы. Францыя несла вялізныя страты з-за перапынення гандлёвых адносін уздоўж Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція.

У 1700 г. правадыры анандага, анейда, каюга і сенека сустрэліся з губернатарам Манрэаля і дамовіліся працягнуць перагаворы ў наступным годзе. У 1701 г. у Манрэалі сустрэліся прадстаўнікі 13 розных народаў (усяго 1300 чалавек)[18], каб заключыць мір з іракезамі. Іракезы абавязваліся захоўваць нейтралітэт у канфліктах паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Французскія каланіяльныя ўлады станавіліся пасрэднікамі ў спрэчках іракезаў з іншымі плямёнамі.

Бабровыя войны былі адным з найбольш працяглых і жорсткіх канфліктаў паміж еўрапейскімі каланістамі і карэннымі народамі Паўночнай Амерыкі.

Палітыка лігі ў XVIII ст

Гандаль з еўрапейцамі, 1722 г.

Бабровыя войны і ў большай ступені эпідэмічныя захворванні, завезеныя еўрапейцамі, прывялі да скарачэння насельніцтва і саслаблення лігі. У 1768 г. агульная колькасць іракезаў была каля 12 000 чалавек[19]. Пры гэтым, іракезы імкнуліся скараціць свае чалавечыя страты з дапамогай традыцыі прыняцця ў свой склад ваеннапалонных. У першай палове XVIII ст. яны давалі дазвол на пасяленне на бязлюдных землях, што заставаліся пад іх кантролем, прадстаўнікам іншых плямён, у тым ліку раней варожым гуронам і алганкінам. Перасяленцы лічыліся падначаленымі і не праводзілі актыўную асабістую палітыку. У 1722 г. у склад лігі былі прыняты тускарора[20]. Фармальна яны лічыліся роўнымі з іншымі народамі, што складалі лігу, аднак атрымалі вельмі абмежаваныя правы ў агульным кіраванні.

У 1710 г. чатыры правадыры магаўкаў (на самой справе, адзін з іх прадстаўляў магіканаў) па ініцыятыве брытанцаў наведалі Лондан. Падчас сустрэчы з каралевай Ганнай 19 красавіка 1710 г. яны фактычна заявілі пра імкненне да нейтралітэту ў адносінах да Францыі, але спадзяваліся на далейшае развіццё адносін з Вялікабрытаніяй[21]. Брытанская грамадскасць уважліва сачыла за прыбыццём правадыроў. Ім прысвячаліся літаратурныя і тэатральныя творы, якія скажалі рэчаісны стан спраў, але спрыялі цікавасці еўрапейскіх інтэлектуалаў да культуры індзейцаў.

У 17211722 гг. і ў 1744 г. іракезы заключылі мірныя пагадненні з брытанскімі калоніямі ў Паўночнай Амерыцы[22][23]. Лічыцца, што Канасатэга, правадыр анандага, які вёў перагаворы ў 1744 г., параіў каланістам скласці канфедэрацыю па прыкладу іракезаў. Падчас Сямігадовай вайны і паўстання Пантыяка, іракезы фармальна падтрымалі Вялікабрытанію, але актыўнага ўдзелу у ваенных дзеяннях не прымалі. У 1768 г. яны пагадзіліся на пашырэнне каланіяльных паселішчаў на незанятыя землі ў Пенсільваніі[24], каб саслабіць ціск на свае тэрыторыі ў Нью-Ёрку. Адначасова адбываліся значныя змены ва ўнутраным эканамічным жыцці, мадэрнізацыя традыцыйнай гаспадаркі. Так, у 1779 г. амерыканскія салдаты выявілі, што сенека ўжо будавалі хаціны еўрапейскага тыпу і вялі інтэнсіўную сельскую гаспадарку.

У пачатку Амерыканскай рэвалюцыі іракезы імкнуліся захаваць нейтралітэт. У лісце правадыроў анейда губернатару Нью-Ёрка паведамлялася, што яны не падрыхтаваны да таго, каб прыняць пэўную пазіцыю, бо любяць Старую і Новую Англіі аднолькава[25]. Але брытанскі і амерыканскі бакі аказвалі ціск на лігу. У выніку ў стане іракезаў адбыўся раскол. Анейда і тускарора падтрымалі амерыканцаў, а астатнія іракезы — брытанцаў. Амерыканская даследчыцца Барбара Грэймант тлумачыць падтрымку брытанцаў больш шчыльнымі эканамічнымі сувязямі і пашырэннем паставак брытанскіх тавараў[26]. Кантынентальная армія выкарыстоўвала саюзнікаў-іракезаў пераважна як праводнікаў і выведвальнікаў. Іракезы, што падтрымалі Вялікабрытанію, здзяйснялі спусташальныя рэйды супраць каланістаў.

У 1779 г. па ініцыятыве Джорджа Вашынгтона часткі Кантынентальнай арміі (4469 салдат і прадстаўнікоў анейда) арганізавалі ваенную кампанію супраць іракезаў[27]. Мэтай кампаніі былі разгром асноўных ваенных сіл сенека і каюга, а таксама спусташэнне іх вёсак. Амерыканцы знішчылі больш за 40 паселішчаў, але ня здолелі нанесці істотную шкоду ваенным сілам і нават захапіць ваеннапалонных. Іракезы ратаваліся ў гарнізонах лаялістаў, і з 1780 г. працягвалі рэйды супраць праціўніка.

Паражэнне Вялікабрытаніі вымусіла іракезаў падпісаць шэраг дагавораў з ЗША. У 1784 г. быў падпісаны агульны дагавор, які прывёў да скарачэння індзейскіх тэрыторый. У 1788 г. штат Нью-Ёрк падпісаў асобны дагавор з анейда, у 1788 г. і 1790 г. — з анандага, у 1790 г. — з каюга[28]. Анейда і тускарора атрымалі пэўную зямельную кампенсацыю, у той час як іншыя народы страцілі частку сваіх зямель. Пасля вайны частка іракезаў, паслядоўнікаў Джозефа Бранта, перасялілася ў Канаду.

Іракезы ў ЗША

Пасля заканчэння вайны за незалежнасць ЗША правадыры іракезаў імкнуліся ўзнавіць лігу. З гэтай мэтай была адроджана рада з 13 прадстаўнкоў. У 1794 г. яна падпісала пагадненне з ЗША аб прызнанні зямельных правоў іракезаў на тэрыторыі штата Нью-Ёрк[29]. Асаблівую ролю ва ўзнаўленні лігі адыгралі правадыры сенека Джон Эбіл III, Сагаевата і Хэндсам Лэйк, якія выступалі за мірнае супрацоўніцтва з белымі людзьмі, захаванне культурных і рэлігійных традыцый, паляпшэнне адукацыі, вялі перагаворы з палітыкамі ЗША. Аднак доўгі час захоўваўся раскол паміж іракезамі ЗША і Канады, адчуваўся ціск з боку амерыканскіх зямельных махляроў.

У 1831 г. іракезы даліны Агая перасяліліся ў Аклахому[30]. У 1838 г. група пратэстантаў-анейда атрымала правы на землі ў Вісконсіне[31]. Многія іракезы ўдзельнічалі ў асваенні Захаду ЗША і Канады ў якасці гандляроў і перасяленцаў.

З сярэдзіны XIX ст. у ЗША вялося актыўнае навуковае вывучэнне іракезаў, пачаліся сістэматычныя публікацыі іракезскага фальклора. Адным з найбольш выбітных даследчыкаў гісторыі і этнаграфіі іракезаў быў Льюіс Генры Морган.

У нашы дні сістэма прадстаўнічага кіравання лігай мае фармальны характар. Федэральныя ўлады ЗША прызнаюць насельнікаў кожнай рэзервацыі як аўтаномную нацыю паасобку. У кожнай рэзервацыі ёсць свае заканадаўствы, органы кіравання і суд[32].

Іракезы ў Канадзе

Іракезы, што перасяліліся пасля Амерыканскай рэвалюцыі ў Канаду, былі заахвочаны брытанскімі ўладамі. 25 кастрычніка 1784 г. Фрэдэрык Халдыманд, губернатар Квебека, абвясціў дэкларацыю[33], паводле якой каля Вялікай ракі ствараўся зямельны калідор, што пераходзіў у маёмасць іракезаў. Хаця дэкларацыя Ф. Халдыманда пазней аспрэчвалася канадскім ўрадам, на Вялікай рацэ была створана аўтаномная рэзервацыя для ўсіх шасці народаў лігі. Джозеф Брант заахвочваў для перасялення ў рэзервацыю белых лаялістаў. Яны арэндавалі зямлю іракезаў і прымалі ўдзел у стварэнні эфектыўнай гаспадаркі, медыцынскім абслугоўванні індзейцаў, іх адукацыі. Сярод перасяленцаў у рэзервацыю таксама былі прадстаўнікі іншых залежных ад іракезаў плямён.

Канадскія іракезы ўдзельнічалі ў вайне 1812—1814 гг. на баку Вялікабрытаніі. Джон Брант, сын Джозефа Бранта, удзельнічаў у баях супраць амерыканцаў у 1812 г. і ў 1830 г. быў абраны ў Заканадаўчы сход Верхняй Канады[34]. Іракезскія правадыры імкнуліся захаваць традыцыйнае прадстаўнічае кіраванне лігай, у 1920-я гг. звярталіся ў Лігу Нацый для прызнання свайго суверынітэта[35]. У 1924 г. канадскія ўлады прынялі акт, які прадпісваў стварэнне агульнавыбарчых органаў кіравання[36]. Гэта прывяло да з’яўлення дваістай сістэмы, калі адначасова існуюць рада правадыроў, што прытрымліваецца старой сістэмы выбараў, і органы ўлады, абраныя прамым галасаваннем[37].

У нашы дні іракезы маюць у Канадзе статус першаснай нацыі. Рэзервацыя на Вялікай рацэ складае плошчу каля 183,20 км² з насельніцтвам 13 389 чалавек (2013 г.). Яшчэ 12 271 чалец селяцца па-за межамі рэзервацыі[38]. Акрамя іракезаў, у ёй жывуць ленапэ. У радзе правадыроў іх інтарэсы прадстаўляюць каюга.

Культура

Эканоміка

Іракезскія жанчыны падчас працы, 1664 г.

Ужо да з’яўлення еўрапейцаў іракезы вялі комплексную гаспадарку. Сведчанні пра наяўнасць земляробства прасочваюцца ў археалагічных знаходках часоў культуры Аваска (з другой паловы 1 тысячагоддзя н. э.). Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі былі кукуруза, гарбузы і бабовыя[39]. Тытунь вырошчвалі для сакральных мэтаў. Зямлю апрацоўвалі ўручную. Мужчыны расшчышчалі ад лесу будучыя палеткі, але далейшы клопат пра атрыманне ўраджаю клаўся на жанчын. Зямля перадавалася па жаночай спадчыне, што ў выніку абумовіла высокі статус жанчын у грамадстве. Жанчыны і дзеці таксама забяспечвалі сем’і прадуктамі збіральніцтва — ядомымі карэннем і травамі, арэхамі і ягадамі.

Галоўнымі мужчынскімі гаспадарчымі заняткамі лічыліся паляванне, рыбалоўства і гандаль. Палявалі на аленяў, барыбалаў, увесну — на пералётных галубоў. Здабыча рыбы мела важнае сезоннае значэнне. Для лову выкарыстоўвалі самыя розныя прылады, у тым ліку пасткі на берагах рэк і азёр[40]. У XVII — XVIII стст. вызначальнае месца заняла здабыча баброў[41], скуры якіх выменьвалі ў еўрапейцаў на агнястрэльную зброю, прылады працы, металы. Хуткае знішчэнне баброў на землях іракезаў прывяло да іх экспансіі на поўнач і на захад, у выніку — да Бабровых войн.

Рамяство не вылучылася ў самастойны від дзейнасці. Мужчыны ладзілі зброю, будавалі хаціны і лодкі. Жанчыны плялі кошыкі, рабілі кераміку, вопратку і хатняе начынне. Іракезы былі выдатнымі апрацоўшчыкамі драўніны, шырока выкарыстоўвалі крэмень. Апошні здабывалі і прывозілі з земляў нейтраль[42]. Традыцыйнае рамяство моцна пацярпела ад гандлю з еўрапейцамі, паколькі пакупныя тавары хутка выцеснілі традыцыйныя. Даволі складаная сістэма менавага гандлю склалася на ўсходзе Паўночнай Амерыкі ўжо да XVII ст., прычым іракезы ўдзельнічалі ў ім як пасрэднікі[43]. Прыход еўрапейцаў змяніў традыцыйныя гандлёвыя маршруты, што таксама стала важнай прычынай Бабровых войн.

З XVIII ст. эканоміка іракезаў перажыла моцныя змены. Галоўнай галіной стала сучасная фермерская гаспадарка[44]. Іракезы актыўна пераймалі вопыт еўрапейскіх каланістаў.

Кухня

Традыцыйная кухня іракезаў уключала разнастайныя прадукты земляробства, палявання і рыбалоўства. Для забеспячэння захаванасці мяса і рыбу вэндзілі на агменях у доўгіх хацінах. Кукурузныя катахі падвешвалі на вяроўкі і сушылі. Харч доўгатэрмінова захоўваўся ў керамічным посудзе[45]. Гатавалі на плоскіх камянях, над агнём, у керамічных катлах. Звычайнай ежай была кукурузная каша, што цэлы дзень знаходзілася над агменем, так што кожны мог у любы момант паесці. З кукурузы таксама рабілі плоскія перапечкі[46]. Мяса, рыбу і гародніну смажылі, ужывалі самастойна або з кукурузнай кашай.

Вопратка

Выраб вопраткі лічыўся справай жанчын. Яны ўжывалі тканіны з раслінных валокнаў, скуру дзікіх жывёл, галоўным чынам аленяў, для ўпрыгожванняў — бісер, пер’е птушак, іглы дзікабразаў і г. д. Мужчынская вопратка ўключала кавалак тканіны, які абгортвалі вакол стану накшталт саронга, і доўгія вузкія штаны. У якасці абутку выкарыстоўвалі скураныя макасіны, адрозныя па крою і ўпрыгожванню ў кожнага народа. Зімовыя макасіны часцяком шылі з футра барыбала. Важны элемент мужчынскай вопраткі — галаўное ўпрыгожванне з пер’я gustoweh. Яно разглядалася як частка асобы, таму было абавязковым. У розных народаў і нават родаў gustoweh меў свае асаблівасці. Так, сенека насілі только адно пяро, накіраванае ўгару, а анандага — два пяра (адно накіравана ўгару, другое — да долу)[47].

Жанчыны насілі спадніцы, кашулі ці сукенкі накшталт понча, кароткія вузкія нагавіцы. У дрэннае надвор’е апраналі капялюш[48].

Жытло

Іракезы жылі ў вялікіх паселішчах ад 300 да 600 чалавек[49]. Паселішчы будавалі на сухіх пагорках і прыпаднятых тэрасах каля рэк і азёр у непасрэднай блізкасці ад сельскагаспадарчых зямель і лесу з запасам дроў. Вакол паселішчаў узводзілі частакол. Ён нагадваў вялізарны плецены кошык[50]. Знутры будаваліся жытлы.

Асноўным жытлом з’яўлялася драўляная доўгая хаціна, што стала распаўсюджанай ужо да XII ст. Яна была каля 12 м у шырыню, рознай даўжыні. На поўдні правінцыі Антарыа археолагамі была знойдзена хаціна 94 м у даўжыню. Французскіе езуіты XVII ст. апісвалі значна меней доўгія дамы[51]. Асновай каркаса былі слупы, да якіх палоскамі кары гарызантальна прымацоўвалі доўгія тычкі. Са знешняга боку крылі шырокімі лустамі кары. Знутры прастора падзялялася на камеры, разлічаныя на 1 — 2 сям’і і злучаныя праходам. У цэнтры камеры памяшчаўся агмень. Над ім рабілася адтуліна для выхаду дыму і пранікнення святла. Паабапал праходу месцілі лавы, на якіх спалі, і паміж якімі захоўвалі асабістыя рэчы і хатняе начынне.

У адной хаціне магло жыць да 20 сем’яў, звычайна сваякі па жаночай лініі. Доўгая хаціна з’яўлялася сімвалам грамадства, у тым ліку ўсёй лігі іракезаў[52]. Але ў XVIII ст. шырока распаўсюдзіліся невялікія па памерах хаты еўрапейскага тыпу, разлічаныя на нуклеарную сям’ю.

Сацыяльная арганізацыя

Ужо першыя еўрапейцы, якія сутыкаліся з іракезамі, бачылі выразныя адрозненні паміж еўрапейскім і іракезскім грамадствамі. У першую чаргу, у іракезаў меўся высокі сацыяльны статус жанчын. Жанчыны займаліся земляробствам, адказвалі за сямейную і родавую гаспадарку, таму зямля і маёмасць перадаваліся па жаночай спадчыне. У доўгай хаціне распараджалася старэйшая жанчына. Жанчыны былі ўключаны ў абмеркаванне найбольш важных пытанняў[53]. Пры разводзе дзеці і маёмасць даставаліся жанчыне. Нарэшце, адлік сваяцтва вёўся па жаночай лініі.

Налічвалася 15 матрылакальных родаў. У каюга, анандага, сенека і тускарора таксама вылучаліся больш дробныя матрылакальныя падраздзяленні[54]. Чальцы матрылакальных родаў супрацоўнічалі і аказвалі падтрымку адзін іншаму, супольна арганізоўвалі гульні і рэлігійныя абрады, помсцілі за забойства сваякоў[55]. Роды ня мелі пэўнай мяжы, іх прадстаўнікі сустракаліся ў кожным паселішчы, часам жылі ў розных доўгіх хацінах. На чале рода стаяла старэйшая жанчына.

Шлюбы заключаліся па сузгоднасці. У выбары жонкі пэўную ролю магла адыгрываць маці. Нявеста часцяком была старэйшая за жаніха[56]. Сустракаўся звычай палігініі, але да канца XVIII ст. ён практычна знік. Мужчына пераходзіў жыць у сям’ю жонкі, але цалкам не адлучаўся ад сям’і бацькоў. Малыя нуклеарныя сем’і аб’ядноўваліся ў вялікія пашыраныя, што займалі адну доўгую хаціну. Дзеці супольна выхоўваліся пашыранай сям’ёй. Дзеці аднаго ўзросту з розных нуклеарных сем’яў называлі адзін іншага «брат» або «сястра»[57]. Хаця ў наш час пашыраныя сем’і практычна не існуюць, іракезы захоўваюць цесную прыхільнасць да блізкіх сваякоў і суседзяў. Іракезы ЗША працягваюць перадаваць сваяцтва і спадчыну па жаночай лініі.

Важную сацыяльную і ваенную ролю меў звычай «усынаўлення». Падчас вайны іракезы застаўлялі частку палонных у жывых, калі жанчыны, што згубілі сына або мужа, пагаджаліся іх «усынавіць»[58]. Палонныя пераходзілі ў род жанчыны і праз некаторы час набывалі роўны з іншымі іракезамі статус. Такім чынам кампенсаваліся ваенныя згубы. Сярод іракезаў сустракаліся прадстаўнікі многіх плямён, з якімі вяліся войны.

Палітычная арганізацыя

Кожны народ, што ўваходзіў у лігу іракезаў, захоўваў асабістую ідэнтычнасць, тэрыторыю і палітычную аўтаномію. Кіраванне належала правадырам sachem[59]. Яны не вылучаліся ў маёмасным плане, не маглі перадаць сваё званне па спадчыне, а выконвалі функцыю прадстаўнікоў, ваенных лідараў і аратараў. Кіраванне лігай здзяйсняла рада правадыроў, створаная адпаведна закону, уведзенаму Дэганавайдам. Галоўную ролю пры прыняцці рашэнняў мелі правадыры магаўкаў. Правадыры анандага склікалі і распускалі раду, абвяшчалі канчатковыя рашэнні, але не ўдзельнічалі ў іх прыняцці. У 1722 г., калі ў лігу ўступілі тускарора, іх правадыры не атрымалі месца ў агульнай радзе, а былі прадстаўлены анейда[60]. У XVIII ст. складаная палітычная арганізацыя іракезаў вывучалася еўрапейскімі асветнікамі, яна аказала пэўны ўплыў на канстытуцыйны лад ЗША.

Ваенная справа

Іракезы ў ваенным аблачэнні

Іракезы традыцыйна выкарыстоўвалі доўгія дзіды, лукі і стрэлы, нажы, тамагаўкі, булавы, шчыты і г. д.[61][62] Дзіды мелі каменныя навершы. Звычайна для іх выкарыстоўваліся вострыя рачныя камяні[63]. Нажы рабілі з крэменю. Пасля з’яўлення еўрапейцаў хутка распаўсюдзілася агнястрэльная зброя. Іракезскія паселішчы былі добра ўмацаванымі, прычым традыцыя будаваць умацаванні характэрна ўжо для культуры Аваска.

Стварэнне адзінай лігі іракезаў спрыяла заканчэнню міжусобіц. Крывавыя канфлікты стрымліваліся міжплемянным судом. Калі ж яны ўзнікалі паміж іракезамі, то дзейнічала «дыпламатыя» вампумаў — перадача вампума ад рода забойцы да рода пацярпелага. Часам яна выкарыстоўвалася ў дачыненні да іншых іракезамоўных народаў і суседніх плямёнаў алганкінаў. Аднак знешнія агрэсіўныя войны з’яўляліся часткай культуры іракезаў[64]. Яны дапамагалі сацыялізацыі маладых мужчын, набыццю пэўнага статуса. Згуба на вайне выклікала гора сваякоў і патрабавала абавязковай помсты, так што на роўні са звычайнымі войнамі існавалі і так званыя «жалобныя войны». Буйным ваенным дзеянням папярэднічалі дыпламатычныя высілкі. Ліга або адзін з народаў лігі імкнуўся заключыць саюз супраць узаемнага ворага. У Бабровых войнах ліга іракезаў паспяхова дзейнічала супраць ваенна-палітычнага саюза на чале з Новай Францыяй, а таксама супраць нейтральных плямён. Гэта дасягалася з дапамогай перамоў, адцягнення сіл супернікаў шляхам набегаў.

Арганізацыя ваеннай справы сярод іракезаў засноўвалася на традыцыйных прынцыпах, калі рашэнні аб пачатку буйных войн прымала рада правадыроў, а ваенныя атрады ўзначальвалі ваенныя правадыры, якія маглі наогул ня мець дачынення да мірнага кіравання. Тактыка заключалася ў спалучэнні дробных набегаў з буйнымі ваеннымі кампаніямі. Мэтай набегаў было адцягненне ўвагі ворагаў ад магчымых актыўных дзеянняў да абароны. Таксама набегі дазвалялі спустошыць палеткі і малыя часовыя паселішчы, лодкі, месцы здабычы і захавання харчу, арганізаваць выведванне тылоў. У XVII ст. буйныя ваенныя кампаніі хутка ператвараліся ў майстэрства захопу ўмацаванняў[65], таму іракезы аддавалі перавагу стварэнню вялікіх атрадаў не меней за 200 воінаў. Пры аблозе ўмацаваных паселішчаў і крэпасцяў яны выкарыстоўвалі сталыя атакі з розных бакоў, падпальвалі драўляныя муры, маглі весці сепаратныя перамовы. Так, пры аблозе французскай крэпасці ў 1660 г. іракезы схілілі да пераходу на свой бок гуронаў, што складалі асноўную ваенную сілу, а потым расправіліся з малалікім французскім гарнізонам[66].

Канібалізм

Ваенныя дзеянні суправаджаліся практыкай канібалізма ў дачыненні да ваеннапалонных. Археолагі фіксуюць існаванне звычая людаедства з 1300 г. Сустракаюцца меркаванні, што ён мог існаваць ужо ў эпоху культуры Аваска. У паданнях эпічны герой Гаявата раскайваецца ў людаедстве падчас вайны. Згадванні пра жаданне з’есці цела ворага маюцца ў запісах ваяўнічых прамоў правадыроў іракезаў і гуронаў XVII ст. Французскія езуіты апісвалі выпадкі канібалізма з боку гуронаў і іракезаў у перыяд Бабровых войн. Так, у 1677 г. 50 палонных, дастаўленых да сенека, былі падвергнуты катаванням, пасля чаго сэрцы памерлых былі з’едзены. Апошнія выпадкі канібалізма сярод магаўкаў зафіксаваны падчас вайны за незалежнасць ЗША[67].

Фальклор

Іракезы захавалі надзвычай багаты фальклор: міфы, казкі, легенды, прымаўкі і г. д. Асабліва вылучаюцца цыкл міфаў пра стварэнне свету, эпічныя паданні пра Гаявату і Дэганавайду, стваральнікаў лігі іракезаў, чарадзейныя і сацыяльныя казкі пра звышнатуральных істот. Музычныя, спеўныя і танцавальныя традыцыі шчыльна сплецены з рэлігійнай абраднасцю і сацыяльнымі адносінамі. Існуюць танцы і песні, якія выконваюцца падчас рэлігійных святаў, прысвечаных прыроднаму і земляробчаму цыклам[68]. Адначасова танцы выконваліся пры сустрэчы прадстаўнікоў народаў, што ўваходзілі ў лігу, з’яўляліся важным грамадскім чыннікам[69]. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: флейта, барабан, бразготкі. Галоўную ролю ў супольных танцах адыгрываў барабан. Флейтамі часцей карысталіся маладыя мужчыны, каб прывабіць каханую.

Спорт

Іракезы аддавалі перавагу камандным відам спорту. Старажытныя карані мела гульня «Зімовая змяя»[70], падчас якой 2 каманды спаборнічалі ў цягненні і кіданні бервяна. Аднак найбольшую папулярнасць набыў лакрос Tewaarathon[71][72]. Ён меў рэлігійную функцыю, палькі ўслаўляў багоў. У найбольш важных спаборніцтвах адначасова маглі прымаць удзел некалькі сотняў гульцоў. Прафесійныя каманды іракезаў па лакросу ўзніклі ў Канадзе ужо ў XIX ст.

Рэлігія

Маска «фальшывы твар»

Традыцыйная рэлігія іракезаў уключала анімістычныя і політэістычныя вераванні. Згодна міфалагічным уяўленням, існуюць духоўны (нябесны) Karonhia:ke і рэчаісны сусветы. Рэчаісны свет у мінулым уяўляў сабою паветра. Аднойчы праз дзірку ў небе з духоўнага сусвету ў рэчаісны патрапіла Нябесная жанчына. Яна была выратавана птушкамі, якія апусцілі яе на спіну вялізарнай чарапахі. Гразь на спіне чарапахі ператварылася ў зямлю[73]. Чарапаха паступова расце, і разам з ёю — наш сусвет. Доказам гэтага іракезы лічылі землятрусы.

Праз некаторы час Нябесная жанчына нарадзіла дачку, якая зацяжарыла ад бога заходняга ветру і нарадзіла хлопчыкаў-блізнят Tawiskaron («Крэмень») і Teharonghyawago («Трымальнік неба»). Tawiskaron разглядаўся як добрае бажаство, што стварыла ўсе прыемные рэчы. Teharonghyawago атаесамляўся са злом. Яму прыпісвалі забойства маці пры нараджэнні[74]. З галавы мёртвай жанчыны нарадзіліся кукуруза, фасоля і гарбузы.

Іракезы таксама верылі ў іншых багоў і духаў. Яны ўяўляліся ў абліччы людзей або жывёл. Адной з найважнейшых цырымоній было паленне тытуню. У старажытнасці памерлых хавалі ў сядзячым становішчы. Існавала традыцыя спачування, калі наведваліся сваякі памерлага. Найбольш устойлівай яна аказалася ў дачыненні правадыроў і практыкавалася да 1970-х гг.[75] Памінанне доўжылася каля года. Іракезы верылі, што пасля смерці душа чалавека перажывае выпрабаванні, але ў выніку трапляе ў духоўны сусвет.

Рэлігійныя святы былі прысвечаны земляробчаму і прыроднаму цыклам, уключалі падзякі за ўраджай, дары прыроды. Узімку святкаваўся сямідзённы Новы год[76]. Іракезы мелі традыцыйных лекараў, што практыкавалі шаманізм і аб’ядноўваліся ў таварыства «фальшывых твараў» (падчас цырымоній яны апраналі маскі)[77].

У нашы дні большасць іракезаў належыць да розных плыняў хрысціянства, аднак працягвае спраўляць традыцыйныя рэлігійныя цырымоніі.

Выбітныя асобы

Зноскі

Літаратура

Спасылкі