Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі
- Старонка
- Размовы
Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі (Інстытут радыебіялогіі НАНБ) | |
---|---|
Міжнародная назва | Institute of Radiobiology |
Заснаваны | 1987 |
Дырэктар | Ігар Анатолевіч Чэшык |
Супрацоўнікаў | 75 |
Аспірантура | 03.01.01 Радыебіялогія |
Размяшчэнне | Гомель |
Юрыдычны адрас | 246007, Гомель, вул. Фядзюнінскага, 4 |
Сайт | irb.bas-net.by |
Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі — профільная акадэмічная навуковая арганізацыя Беларусі ў галіне радыебіялогіі. Месціцца ў Гомелі.
Датай заснавання лічыцца 1987 год, калі паводле Пастановы Савета Міністраў БССР ад 28 студзеня 1987 г. № 25 Сектар геранталогіі АН БССР быў рэарганізаваны, на яго базе быў створаны Інстытут радыебіялогіі АН БССР.[1] Інстытут быў аднесены да Аддзялення біялагічных навук і яму былі вызначаны наступныя напрамкі дзейнасці:
У 1995 годзе Інстытут увайшоў у склад новастворанага Аддзялення медыка-біялагічных навук.
Пастановай Савета Міністраў БССР ад 19 студзеня 1987 г. № 273-20 Інстытут быў зацверджаны галоўнай у рэспубліцы арганізацыяй па вырашэнні навуковых праблем, звязаных з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтай жа пастановай было зацверджана будаўніцтва лабараторна-эксперыментальнага корпуса інстытута. Аднак праз фінансавыя цяжкасці будаўніцтва вялося марудна і ў канцы 1990-х гг. увогуле было спынена. Так, у Справаздачы аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі за 1996 год канстатавалася, што «Інстытут радыебіялогіі па-ранейшаму не мае ўласнага памяшкання. Яго лабараторыі і віварый размешчаны ў розных інстытутах акадэміі (інстытуты мікрабіялогіі, фізіка-арганічнай хіміі, тэхнічнай кібернетыкі, пляцоўка „Сосны“). Працягваюцца работы па будаўніцтве корпуса інстытута, рашэнне аб якім было прынята Саветам Міністраў БССР 19 жніўня 1987, але тэмпы будаўніцтва па-ранейшаму марудныя. …прыборны парк інстытута ў значнай ступені зношаны. … Для аператыўнай работы ў палявых умовах патрэбна перасоўная радыехімічная лабараторыя. Востра стаіць пытанне пра забеспячэнне лабараторый хімрэактывамі. Неабходны многія элементарныя рэчы: электрапліткі, лабараторны посуд, папера, канцылярскія тавары, абсталяванне люмінесцэнтнага пакоя для правядзення мадэльных эксперыментаў, дадатковыя плошчы для захоўвання і сушкі ўзораў раслін і глебы» [2]. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2001 год сведчыць аб тым, што «Інстытут радыебіялогіі па-ранейшаму не мае ўласнага памяшкання. Яго лабараторыі і віварый размешчаны ў розных інстытутах акадэміі (інстытуты мікрабіялогіі, фізіка-арганічнай хіміі, біяарганічнай хіміі, пляцоўка „Сосны“). Работы па будаўніцтве лабараторна-эксперыментальнага корпуса Інстытута, рашэнне аб якім было прынята Саветам Міністраў БССР 19.08.1987, у 2001 з-за недастатковасці сродкаў не праводзілася. …большасць абсталявання набыта і ўведзена ў эксплуатацыю ў 1993—1995 гг. ці раней» [3].
Новым этапам развіцця Інстытута можна лічыць час з 2003 г. У сувязі з Пастановай № 35 Прэзідыума НАН Беларусі ад 17 красавіка 2003 года ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі» пераведзены з г. Мінска ў г. Гомель і яму перададзена лабараторыя радыяцыйна-таксікалагічнай экалогіі з ДНУ «Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны» НАН Беларусі". Для размяшчэння інстытута ў г. Гомелі яму быў перададзены будынак СКТБ «Металапалімер» па вул. Фядзюнінскага, 4, у якім былі праведзены рамонтныя работы, з мэтай забеспячэння работы навуковых лабараторый інстытута ў адпаведнасці з патрабаваннямі нормаў радыяцыйнай бяспекі. 15 сакавіка 2019 года Інстытут быў рэарганізаваны шляхам далучэння да яго рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут радыялогіі».
Інстытут радыебіялогіі ажыццяўляе сваю навуковую і навукова-арганізацыйную дзейнасць у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў, зацверджанымі Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 13.01.2005 № 1 "Аб атэстацыі ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі»:
Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 20.10.2006 г. № 73 для Інстытута радыебіялогіі былі ўдакладнены асноўныя напрамкі навукова—тэхнічнай дзейнасці і навуковых даследаванняў у адпаведнасці з зацверджанымі ў Рэспубліцы Беларусь прыярытэтнымі напрамкамі навукова—тэхнічнай дзейнасці, фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў:
1.Па прыярытэтных напрамках навукова — тэхнічнай дзейнасці:
— «Медыцына і фармацыя»: стварэнне новых тэхналогій прафілактыкі захворванняў на аснове выкарыстання біялагічна актыўных дабавак, іншых лекавых сродкаў;
— «Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне» : маніторынг і прагназаванне стану навакольнага асяроддзя, рэабілітацыя радыеактыўна забруджаных зямель;
2. Па прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў:
— «Распрацоўка новых лячэбных, дыягнастычных, прафілактычных і рэабілітацыйных тэхналогій, прыбораў і вырабаў медыцынскага прызначэння, лекавых і імунабіялагічных прэпаратаў, клетачных і малекулярна-біялагічных тэхналогій»: механізмы адаптацыі арганізма чалавека да дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя, у тым ліку да ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання;
— «Экалагічная бяспека, ахова навакольнага асяроддзя, карысныя выкапні і нетры Беларусі, эфектыўнае выкарыстанне і аднаўленне прыродных рэсурсаў, папярэджанне і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый»: ахоўныя меры па пераадоленню аддаленых радыеэкалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.