5-я брыгада спэцпрызначэньня

Вайсковае злучэньне Ўзброеных сілаў Беларусі, што месьціцца ў Мар’інай Горцы і са жніўня 2007 году ўваходзіць у склад Сілаў спэцыяльных апэ

28°11′1″ у. д. / 53.50139° пн. ш. 28.18361° у. д. / 53.50139; 28.18361

5-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня (5 абрспп) — вайсковае злучэньне Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, што месьціцца ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) і са жніўня 2007 году ўваходзіць у склад Сілаў спэцыяльных апэрацыяў[1].

5-я брыгада спэцпрызну

Нарукаўны знак (з 2002 г.)
Гады існаваньняз 31 сьнежня 1992 году
КраінаБеларусь
ПадпарадкаваньнеМіністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць уУзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь
Тыпспэцыяльныя войскі
Уключае ў сябе3 атрады, 2 падразьдзяленьні і 2 роты
Функцыівыведка, падрыўная дзейнасьць
Колькасьцькаля 2000 вайскоўцаў
ДысьлякацыяМар’іна Горка (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць)
ДэвізВа ўсялякім месцы, ва ўсялякі час, усялякія задачы
Узбраеньнебронеаўтамабіль, мінамёт, зэнітны ракетны комплекс, аўтамат, кулямёт, пісталет-кулямёт, пісталет, гранатамёт, снайпэрская вінтоўка
Дзейны камандзірЗьміцер Кучук (з 2017 году)
Вядомыя камандзірыВалер Гайдукевіч (1992—1995)

Вайсковая частка 89417. На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызну зьяўлялася найбольш баяздольным вайсковым фармаваньнем Узброеных сілаў Беларусі[2]. Задачамі брыгады былі выведка і падрыўная дзейнасьць[3]. Афіцэраў для брыгады рыхтаваў факультэт вайсковай выведкі Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Палявыя заняткі са зброяй праводзілі на базе палігону «Белая Лужа» (Барысаўскі раён).

Будова

На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызначэньня мела ўласны штаб з падначаленымі службамі. Баявыя вайсковыя часткі налічвалі 3 атрады спэцпрызначэньня (АСпП) па 500 чалавек, у тым ліку асаблівы атрад вядомы як «афіцэрская рота», і падразьдзяленьне сувязі. Падразьдзяленьні забесьпячэньня ўлучалі падразьдзяленьне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, штабную і мэдычную роту.

Узбраеньне

Бронеаўтамабіль «Кайман» (2015 г.)

На 2018 год на ўзбраеньні 5-й брыгады спэцпрызначэньня стаялі:

  • 6 відаў бранятэхнікі — лёгкія бронеаўтамабілі «Волат» (МЗКЦ) і «Тыгр» (Арзамас, Расея), сярэдні бронеаўтамабіль «Кайман» (140-ы рамонтны завод, Барысаў), БТР-80, грузавікі «МАЗ-6317» і «Урал» (Міяс, Расея);
  • 6 відаў артылерыі з Расеі — 23-мілімэтровая зэнітная ўстаноўка ЗУ-23-2 (Самара), 82-мілімэтровы мінамёт БМ-37, 122-мілімэтровая гаўбіца Д-30 (Екацярынбург), перанасныя супрацьтанкавыя ракетныя комплексы «Фагот» і «Мяціс» (Вяцкія Паляны), перанасны зэнітны ракетны комплекс «Ігла» (Каўроў);
  • 24 віды стралковай зброі з Расеі — 4 віды аўтамата Калашнікава (складны 1974 году АКС74 і скарочаны АКС74У, мадэрнізаваны АКМ і складны АКМС), малагабарытны аўтамат 9А-91 (Тула), малашумны аўтамат «Вал» (Падольск), складны кулямёт РККС-74 (Вяцкія Паляны), кулямёт Калашнікава, пісталет-кулямёт ПК-93 (Тула), пісталет Макарава (Іжэўск), малашумны пісталет ПСС (Падольск), аўтаматычныя пісталеты Стэчкіна (АПС, Вяцкія Паляны) і бясшумны (АПБ, Тула), бясшумны пісталет ПБ, падрульны гранатамёт ГП-25, ручны супрацьтанкавы гранатамёт РСГ-7, аўтаматычны станкавы гранатамёт АГС-17 (Вяцкія Паляны), падводны аўтамат АПС (Падольск), аднапальны нож НРС-2 і 5 відаў снайпэрскіх вінтовак Драгунова (Іжэўск), ВСК-94 (Тула), «Вінтарэз» (Падольск), буйнакалібровая ОСВ-96 (Тула) і МЦ-116М (Тула).

Экіпіяваньне

На 2018 год 5-я брыгада спэцпрызначэньня выкарыстоўвала 2 наборы рыштунку жаўнераў адпаведна адмыслоўваньню: выведнік і снайпэр. У 2012 годзе брыгаду аснасьцілі бесьпілётнікамі. У 2015 годзе паступіла перанасная лічбавая радыёстанцыя Р-168-0.1, бронекамізэлька «Крумкач-11», кеўларавы шлем «Скат С1 М1»[4]. Для высадкі выкарыстоўвалі парафойлавыя парашуты «Лясьнік-3» і «Лясьнік-3М». Поліпрапіленавы кілімок дазваляў знаходзіцца ў шматгадзіннай засадзе насуперак непагадзі і мог выкарыстоўвацца ў якасьці насілак. Спэцпрызнаўцаў забясьпечвалі прыборамі начнога бачаньня (ПНБ) беларускай вытворчасьці. Зброя таксама забясьпечвалася беларускімі каліматарнымі і начнымі прыцэламі. Агулам у брыгадзе налічвалася 8 відаў беларускай оптыкі: акуляры начнога бачаньня АНВ-2, 3 каліматарныя прыцэлы ПК-АА, ПК-АВ і начны ПКН-03М, начны прыцэл для стралковай зброі ПНВ-2К, начны бінокль ПНН-03, далямер ДЛ-1 і нашлемная сыстэма індыкацыі НСІ-04.

Аўтамат 9А-91 з глушыльнікам (2015 г.)

Набор рыштунку выведніка ўлучаў:

  • аўтамат 9А-91, «Вал» (АКС-74), АКС‑74, АКМ або АКМС у залежнасьці ад пасады;
  • 9‑мілімэтровы пісталет ПМ, ПБ, АПС або АПБ у залежнасьці ад пасады;
  • прыцэл дзённы ПК-АВ або начны ПКН-03М;
  • начны бінокль ПНН-03;
  • акуляры начнога бачаньня АНВ-2;
  • радыёстанцыю Р-168-0,1;
  • ахоўныя супрацьаскепкавыя акуляры;
  • накаленьнікі і налакотнікі;
  • кеўларавы шлем «Скат С1 М1»;
  • бронекамізэльку «Крумкач-11»;
  • баявую разгрузную сыстэму;
  • адмысловы заплечнік;
  • спальны мяшок;
  • поліпрапіленавы кілімок;
  • маскавальны гарнітур (летні «Партызан» або зімовы «Далмацінец»);
  • агульнавайсковы ахоўны камплект.
Снайпэрская вінтоўка ВСК-94 (2011 г.)

Снайпэраў таксама забясьпечвалі рыштункам з 17 складнікаў, зь якіх 4 адрозьніваліся:

  • снайпэрская вінтоўка Драгунова, у тым ліку складная, ОСВ-96, ВСК-94 або МЦ-116М (замест аўтамата);
  • толькі начны прыцэл ПКН‑03М;
  • кеўларавы шлем «Спартанец»;
  • баявая разгрузная сыстэма снайпэра.

Падрыхтоўка

На 2018 год навучаньне ў 5-й брыгадзе спэцпрызну ўлучала стральбу, падрыў, ваджэньне, палёт і скокі. Таксама навучалі вадалазнай справе і рукапашнаму бою. Навучаньне доўжылася поўны працоўны дзень з ранку да вечару ў клясе, на палігоне і стрэльбішчы. Скокі з парашутам ажыцьцяўлялі на сушу і вадаём, у яснае надвор’е і непагадзь, удзень і ўначы, зь верталёта і самалёта. Таксама навучалі пераходу вадаёма, у тым ліку балота. Выпрабаваньні ўлучалі палявыя выхады на 10 дзён па перасечанай мясцовасьці на адлегласьць 50—70 км. Працавалі лінгафонныя клясы для вывучэньня замежнай мовы. Брыгада мела ўласны стадыён, клюб і трэнажэрную залю. Надавалася магчымасьць набыцьця цывільнай спэцыяльнасьці і выкарыстаньня кампутараў[5].

Мінуўшчына

31 сьнежня 1992 году вайскоўцы 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня (5 АБрСпП), якую стварылі ў студзені 1963 году ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць), прысягнулі на вернасьць Рэспубліцы Беларусь. У 1997 годзе пры брыгадзе ўтварылі асяродак выхаваньня моладзі Менскай вобласьці для школьнікаў і навучэнцаў каледжаў[6]. 12 верасьня 2002 году А. Лукашэнка ўручыў камандзіру 5-й брыгады спэцпрызну Аляксандру Чмырову беларускі баявы сьцяг наўзамен савецкага. У 2002 годзе 5-я брыгада ўдзельнічала ў вучэньні «Бярэзіна-2002». У 2003 годзе — у вучэньні «Чыстае неба-2003». У 2004-м — у вучэньні «Шчыт Айчыны-2004». У 2006-м — у вучэньні «Шчыт Саюзу-2006»[5]. 1 жніўня 2007 году 5-ю брыгаду спэцпрызну падпарадкавалі камандаваньню Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі ў Калодзішчах (Менскі раён) разам з 38-й мабільнай брыгадай у Берасьці і 103-й мабільнай брыгадай у Віцебску[7]. 16-19 лістапада 2010 году 5-я брыгада спэцпрызначэньня правяла вучэньне, на якім упершыню адпрацавала выкарыстаньне дэльталётаў у справе выведкі[8]. У верасьні 2013 году 5-я брыгада спэцпрызну ўдзельнічала ў вучэньні «Захад-2013». На 2013 год 5-я брыгада спэцыяльнага прызначэньня была адзіным з 11 вайсковых фармаваньняў, якое засталося ў Мар’інай Горцы з савецкага часу, калі горад меў найбольшы ў Беларускай ССР вайсковы гарнізон[9]. У верасьні 2017 году брыгада ўдзельнічала ў стратэгічным вучэньні «Захад-2017»[2].

Здушэньне пратэстаў 2020 году й забойства Генадзя Шутава

У жніўні й восеньню 2020 году вайскоўцы 5-й брыгады ўдзельнічалі ў сілавых разгонах мірных дэманстрантаў, якія пратэставалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь[10][11][12]. Удзел вайскоўцаў 5-й брыгады быў афіцыйна пацьверджаны ў лютым 2021 году на судзе над двума пратэстуючымі. Капітан Раман Гаўрылаў і прапаршчык Арсень Галіцын разам з прыкладна 20 іншымі вайскоўцамі ССА УС РБ ўдзельнічалі ў здушэньні пратэстаў у Берасьці ў жніўні 2020 году й застрэлілі Генадзя Шутава, прычым на судзе Гаўрылаў сьцьвярджаў, што цэліўся Шутаву ў левае перадплечча[13][14].

Камандзіры

  • Валер Гайдукевіч(be) (30 сьнежня 1992 — 21 лістапада 1994)
  • Іван Вільчкоўскі (13 студзеня 1995 — 25 лістапада 1999)
  • Аляксандар Чмыроў (25 лістапада 1999 — 27 студзеня 2003)
  • Георгі Злацін (27 студзеня 2003 — 27 чэрвеня 2005)
  • Павал Ціханаў (27 чэрвеня 2005 — 28 жніўня 2007)[15]
  • Уладзімер Карук (28 жніўня 2007—2010)
  • Аляксандар Навуменка (2010—2012)
  • Сяргей Сімкін (2012—2014)
  • Аляксей Папоў (2014—2017)
  • Зьміцер Кучук (з 2017 году)

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі