Уладзімер Сядура
Інструмэнты
Агульныя
Друк/экспарт
Уладзімер Сядура | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 11 (24) сьнежня 1910 або 1910[1][1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 14 сакавіка 1997(1997-03-14), 14 сакавіка 1995(1995-03-14)[2] або 1995[1][1] |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | пісьменьнік, літаратуразнаўца, культуроляг, мовазнавец |
Навуковая сфэра | творчае і прафэсійнае пісьмо[d][1], літаратуразнаўства[1], беларуская літаратура[1], расейская літаратура[d][1] і культуралёгія[1] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат філялягічных навук[d] (1941) |
Уладзі́мер Сяду́ра (Псэўд.: Уладзімер Глыбінны; Вяч. Дняпроўскі, Макар Караткевіч; Кастусь Старажоўскі, В. Шабуневіч, Др. Банадысь Чарнецкі) (24 сьнежня [ст. ст. 11] 1910, Менск — 14 сакавіка 1997, Трой, Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі пісьменьнік, літаратуразнаўца, культуроляг на эміграцыі. Кандыдат філялягічных навук (1941).
Нарадзіўся ў сям’і Марыі (урод. Шабан) і Ільлі Сядура. Па сканчэньні 7-годкі ў 1927 г. паступіў у Пэдагагічны тэхнікум імя У. Ігнатоўскага атрымаўшы сярэднюю спэцыяльную адукацыю. У 1930—1932 гг. навучаўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні БДУ. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк», а з 1931 году — БелАПП, узначальваў яе маладзёжнае крыло (разам з Барысам Мікулічам і Сьцяпанам Ліхадзіеўскім). Выступаў у друку зь літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Востра крытыкаваў некаторых беларускіх пісьменьнікаў за іхныя «нацдэмаўскія» і «трацкісцкія» адхіленьні ад лініі Камуністычнай партыі (магчыма, па заданьні НКУС). Многія з гэтых абвінавачаных пісьменьнікаў пазьней былі арыштаваныя і зьніклі. У студзені 1933 арыштаваны і абвінавачаны ў г. зв. нацыянал-дэмакратызьме і асуджаны на 3 гады лягэраоў. У 1935 годзе датэрмінова вызвалены.
У 1939 скончыў Ленінградзкі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя А. І. Герцэна; выкладаў у школах Ленінграду і Архангельску. Потым жыў у Менску. У 1941 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Максім Горкі як гісторык расейскай літаратуры».
Падчас нямецкай акупацыі займаўся актыўнай журналісцкай дзейнасьцю. Супрацоўнічаў у «Беларускай газэце». Спачатку падпісваў часопіс «Новы шлях» як «адказны рэдактар», а з № 4 (1942) і да канца яго існаваньня — да № 10 (46) за 1944 г. — як ягоны галоўны рэдактар.
![]() | Сядура, хоць і быў галоўным рэдактарам, свайго стала ня меў. Прыходзіў у рэдакцыю рэдка й псаваў усім кроў. Жорстка сьмяяўся з Салаўя, славесна зьдзекаваўся зь яго — такі быў чалавек | ![]() |
—Лёнгіна Брылеўская, «Сьцежкі жыцьця» / Лёнгіна Брылеўская // Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў: зборнік успамінаў / Аляксандр Адзінец; Камэн. А. Гардзіенкі. — 704 с., [28] с. іл. — С. 186. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 11). — ISBN 978-985-6530-47-3] |
У 1942 годзе браў удзел у Канфэрэнцыі па справе абгаворваньня навуковай тэрміналёгіі і правапісу ў праграмах і падручніках беларускіх школ[3]. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу.
У 1944 годзе праз Эстонію з Рыгі эвакуіраваўся ў Нямеччыну, пасьля вайны знаходзіўся ў амэрыканскай зоне акупацыі. З 1945 па 1951 гадоў працаваў выкладчыкам замежных моваў (IRO, Інгальштат)[4]. 9 красавіка 1946 году адзін з падпісантаў дэклярацыі аб стварэньні Беларускага літаратурнага згуртаваньня «Шыпшына»[5]. Прымаў удзел у I зьезьдзе беларускіх вернікаў у Рэгэнсбургу 5 траўня 1946 году[6]. У Нямеччыне Сядура пачаў менаваць сябе «доктарам філалёгіі», хоць усе менчукі адмаўлялі факт ягонай абароны.
З 1951 году ў ЗША. Узначальваў катэдру сучасных моў і расейскай літаратуры ў Школе гуманітарных навук Палітэхнічнага інстытуту Рэнсэлера ў Троі. Цягам 1960—1980-х гг. у розныя гады быў прадстаўніком БККА у горадзе Трой.
У лютым 1962 годзе Сядура запрапанаваў Яну Пятроўскаму стварыць сумесную «выдавецкую суполку ці таварыства». Аднак гэтая прапанова не была прынятая[7]. Пасьля чаго Сядура заклаў Беларуска-амэрыканскі навукова-літаратурны клюб, які быў вядомы сваімі кніжнымі выданьнямі, чым дзейнасьцю[8].
У 1970 годзе Сядура выйшаў на пэнсію і да сярэдзіны 1980-х гадоў займаўся пісьменьніцкай працай і падрыхтоўваў рукапісы выданьняў да друку. Але зь сярэдзіны 1980-х гадоў хвароба пазбавіла Сядуру магчымасьці займацца творчасьцю, і да самай сьмерці ён быў паралізаваны і знаходзіўся ў бальніцы[9].
Сядура трымаўся ў баку ня толькі ад усіх палітычных цэнтраў беларускай эміграцыі, але і ад шырокай эміграцыі таксама, не ўваходзячы ў грамадзкія арганізацыі, не належаў да беларускай царквы. Нездарма Ўладзімер і яго жонка пахаваныя на могілках Расейскай праваслаўнай зарубежнай царквы ў Джорданвілі (штат Нью-Ёрк).
Аўтар дасьледаваньняў па беларускай гісторыі, культуры, мастацтве, тэатры, кніг прозы. Шэраг прац прысьвечаны дасьледаваньню жыцьця і творчасьці Максіма Багдановіча, Язэпа Пушчы, Фёдара Дастаеўскага і інш.
Апісаў у напаўдакумэнтальным-напаўмастацкім нарысе «На Сьвятой Зямлі» падарожжа ў Ерусалім, які А. Мак-Мілін невытлумачальным чынам ахарактарызаваў як «надзвычай суб’ектыўны расповед пра падарожжа Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у Палестыну ў XII стагодзьдзі»[10].