Украíнская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка, Украінская ССР — адна з чатырох рэспублік, якія ў сьнежні 1922 году ўтварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сталіцай УССР да 1934 году быў горад Харкаў, ад 1934 — горад Кіеў.
Украінская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка была абвешчаная 10 сакавіка 1919 году на III Усеўкраінскім зьезьдзе Саветаў у Харкаве ў дачыненьні да тэрыторыі, якая знаходзілася пад кантролем Чырвонай арміі РСФСР.
У 1932—1933 гадах на тэрыторыі Ўкраінскай ССР адбыўся масавы голад (галадамор), які прывёў да шматмільённых людзкіх стратаў у сельскай мясцовасьці.
30 студзеня 1937 году ў сувязі з прыняцьцем новай Канстытуцыі УССР была перайменаваная ва Ўкраінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку.