Сяргей Параджанаў

армянскі савецкі кінарэжысэр

Сяргéй Параджа́наў (Саркіс Параджанян; па-армянску: Սարգիս Հովսեփի Փարաջանյան, па-грузінску: სერგეი სერგო ფარაჯანოვი; 9 студзеня 1924, Тбілісі, Грузінская ССР, СССР — 21 ліпеня 1990, Эрывань, Армянская ССР, СССР) — савецкі, армянскі і ўкраінскі кінарэжысэр, сцэнарыст. Народны артыст Украінскай ССР (1990), народны артыст Армянскай ССР (1990). Адзін з прадстаўнікоў хвалі «ўкраінскага паэтычнага кіно». Паклаў пачатак жанру каляжу ва ўкраінскім выяўленчым мастацтве, які стварыў на аснове канцэптуалізму[8].

Сяргей Параджанаў
арм. Սարգիս Հովսեփի Փարաջանյան
Імя пры нараджэньні Саркіс Гаўсэпі Параджанян
Дата нараджэньня 9 студзеня 1924(1924-01-09)[1][2][3]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 ліпеня 1990(1990-07-20)[1] (66 гадоў) або 21 ліпеня 1990(1990-07-21)[5] (66 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці рак лёгкіх
Месца пахаваньня Пантэон геніяў армянскага духу, Ерэван
Грамадзянства СССР
Месца вучобы
Занятак кінарэжысэр, сцэнарыст, кампазытар
Навуковая сфэра кінэматограф[6], выяўленчае мастацтва[7] і фільм[7]
Гады дзейнасьці 1951—1990
Жанры Савецкая новая хваля[d]
Узнагароды
IMDb ID nm0660886
Сайт parajanov.com (анг.)


Жыцьцяпіс

Нарадзіўся 9 студзеня 1924 году ў Тбілісі (Грузінская ССР).

Навучаўся на вакальным аддзяленьні Тбіліскай кансэрваторыі, у Тбіліскім інстытуце інжынэраў транспарту. Скончыў рэжысэрскі факультэт Усесаюзнага інстытуту кінэматаграфіі (1952). У 1949 годзе пераехаў у Кіеў, дзе пачаў працаваць асістэнтам рэжысэра, потым рэжысэрам кінастудыі імя А. Даўжэнкі. Творы Параджанава вызначаюцца яркасьцю і экспрэсыўнасьцю рэжысэрскага бачаньня, багацьцем выяўленчай фантазіі, мэтафарычнасьцю, сымбалічнасьцю, узвышанай паэтычнасьцю, жывапіснасьцю, свабодным выкарыстаньнем розных нацыянальна-этнічных традыцыяў («Цені забытых продкаў», 1965; «Колер граната», 1969; «Легенда аб Сурамскай цьвердзі», 1984; «Ашык-Керыб», 1989)[9]. Ягоныя фільмы неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды на прэстыжных міжнародных кінафэстывалях. Творчасьць Параджанава прызнана адной з вяршыняў бессюжэтнага паэтычнага кінэматографу[10].

Значная частка творчай біяграфіі Сяргея Параджанава зьвязаная з Украінай. Ва Украіне зьняў фільмы «Наталія Ужвій», «Золоті руки», «Думка» (всі — 1957), «Перший парубок» (1958), «Українська рапсодія» (1961) «Квітка на камені» (1962, у суаўтарстве з Анатолем Слісарэнкам)[11].

У 1965—1968 гадах Параджанаў разам зь іншымі вядомымі дзеячамі ўкраінскай навукі і культуры пратэставаў супраць масавых палітычных арыштаў ва Ўкраіне і зьвяртаўся ў вышэйшыя партыйныя і дзяржаўныя органы з просьбай высьветліць прычыны перасьледу ўкраінскай інтэлігенцыі і заклікаў да адкрытых судоў, забясьпечыць справядлівасьць судаводзтва. Ён неаднаразова заклікаў да свабоды слова ў прэсе. Пасьля пераследу і спробы пазьбегнуць арышту ён быў вымушаны зьехаць у Армэнію[12].

У 1971 годзе вярнуўся ў Кіеў. 17 сакавіка 1973 года ён быў арыштаваны і асуджаны да пяці гадоў пазбаўленьня волі за гомасэксуальнасьць, хаця ў абвінавачаньні былі артыкулы «як за спэкуляцыю», так і «за ўкраінскі нацыяналізм». Хутка быў знойдзеная «ахвяра гвалту» — Вараб’ёў, член КПСС. Дарэчы, Вараб’ёў адзіны пагадзіўся даць адкрыта паказаньні супраць Параджанава. Іншыя адмовіліся. І адзін з іх — архітэктар, Міхаіл Сенін — перарэзаў сабе вены пасьля размовы ў кіеўскім КДБ[13].

25 красавіка 1974 года Параджанаў быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму ў Лук’янаўскай турме і папраўчай калёніі ў Перавальску. «Гомасэксуальны» артыкул не даваў яму шанцаў выжыць. Аднак у турме ён стаў вялікім аўтарытэтам[14].

Важную ролю ў вывальненьні С. Параджанава адыграла Лілія Брык: муж ейнай сястры Эльзы Трыале Люі Арагон падчас візыту ў Маскву ва ўрадавай ложы Вялікага тэатру папрасіў асабіста Брэжнева вызваліць артыста. Па словах сына Сурэна, да вызваленьня Параджанава далучылася і Amnesty International. Толькі на падставе міжнароднай кампаніі пратэсту (звароты з подпісамі Франсуа Труфо, Жан-Люка Гадара, Фэдэрыка Феліні, Лукіна Вісконці, Рабэрта Расэліні, Мікелянджэлё Антаніёні) С. Параджанаў быў вызвалены 30 сьнежня 1977 года[15].

20 ліпеня 1990 году памёр ад раку ў Эрывані. Параджанаў быў пахаваны 25 ліпеня ў Пантэоне геніяў армянскага духу разам з Арамам Хачатуранам, Фрунзікам Мктрянам, Уільямам Сараянам і іншымі вядомымі дзеячамі мастацтва, літаратуры і навукі Армэніі[16].

У 1991 годзе ў Эрывані быў адкрыты Дом-музей Параджанава, дзе выстаўляюцца творы мастака, у тым ліку зробленыя ў лягерах і турмах[17].

Творчасьць

Фільмаграфія

  • 1951 — Малдаўская казка
  • 1954 — Андрыеш
  • 1957 — Думка
  • 1958 — Перший хлопец
  • 1959 — Натальля Ужвій
  • 1960 — Залатыя рукі
  • 1961 — Украінская рапсодыя
  • 1962 — Кветка на камені
  • 1964 — Цені забытых продкаў
  • 1966 — Кіеўскія фрэскі
  • 1968 — Дзеці Камітасу
  • 1969 — Колер граната (Саят-Нова)
  • 1969 — Акоп Аўнатанян
  • 1984 — Легенда пра Сурамскую цьвердзь
  • 1986 — Арабэскі на тэму Пірасмані
  • 1988 — Ашык-Керыб
  • 1990 — Споведзь (не завершаны, арыгінальны нэгатыў уключаны ў фільм «Параджанаў. Апошняя вясна» (1992))[18].

Крыніцы