Сэна (2010)

брытанскі дакумэнтальны фільм 2010 року

«Сэ́на» (па-ангельску: Senna) — дакумэнтальны фільм рэжысэра Asif Kapadia 2010 року, прысьвечаны жыцьцю і сьмерці бразыльскага аўтагоначніка Айртана Сэны[6]. У фільме прадстаўленая кар’ера Айртана Сэны ў Формуле 1 з дэбюту на Гран-пры Бразыліі 1984 году да гібелі ў катастрофе на Гран-Пры Сан-Марына 1994 году, з увагай на процістаяньне зь іншым гоначнікам, Аленам Простам.

Сэна
Senna
Жанр дакумэнтальны фільм[d][1][2][3]
Рэжысэр Асыф Кападыя
Сцэнарыст Маніш Пандзі
Прадусар
  • Крыс Бэрэнд
  • Тым Бэван
  • Эрык Фэльнэр
  • Джэймз Гей-Рыз
У ролях
Кампазытар Антоніў Пінту
Апэратар Джэйк Палонскі
Мантаж
  • Крыс Кінг
  • Грэгерс Сол
Вытворчасьць
  • StudioCanal
  • Working Title Films
  • Midfield Films
Распаўсюд Universal Pictures
Дата выхаду 7 кастрычніка 2010
Працягласьць 106 хв.[4]
Краіна
  • Вялікабрытанія
  • Францыя
Мова
  • ангельская
  • партугальская
  • француская
  • японская
Прыбытак $10,9 млн[5]
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

Сюжэт

Фільм пачынаецца з прыходу Айртана Сэны ў Формулу 1 у 1984 року, сьцісла апавядае пра гонкі за каманды Toleman ды Lotus. Пасьля гэтага падрабязна разглядаецца ягоны ўдзел у брытанскай камандзе McLaren, дзякуючы якой Сэна здабыў усеагульную славу і стаў чэмпіёнам сьвету. У гэты пэрыяд зьвернутая ўвага на ягонае суперніцтва з аднакаманднікам Аленам Простам і палітычнае змаганьне з кіраўніком FISA Жан-Мары Балестрам.

У фільме паказаныя зьмяненьні характару Сэны пасьля здабыцьця чэмпіёнства, ягоная барацьба за бясьпеку аўтагонак, рэакцыя на аварыі і ўрэшце сьмерць аўстрыйскага гоначніка Формулы-1 Ролянда Рацэнбэргера за дзень да ўласнае гібелі. З вуснаў Айртана Сэны гучыць меркаваньне пра дамінаваньне каманды Williams дзякуючы кампутарным інавацыям і пра пераход у гэтую каманду Алена Проста ў тым ліку праз адмову надалей супрацоўнічаць з Сэнам. У фінале дакумэнтальнага фільму паказаны сыход Проста з Формулы-1, пасьля чаго да Ўільямзу далучаецца сам Айртан. Аднак у сэзоне 1994 року правіламі гонак кампутарызацыя забароненая, і аўтамабілі Ўільямз губляюць ранейшую стабільнасьць. На кульмінацыйным тыдні, падчас Гран-Пры Сан-Марына, паказаны стрэсавы стан Сэны, заклапочанага бясьпекай гонак пасьля некалькіх запар аварыяў тры дні запар. У пятнічнай кваліфікацыі атрымаў траўму Рубэнс Барыкела; у фінальнай кваліфікацыі 30 красавіка загінуў Рацэнбэргер; на пачатку гонкі глухне аўтамабіль Юркі Ярвілэхта, у якога ўразаецца на поўнай хуткасьці Пэдру Ламі. На трасу выяжджае аўтамабіль бясьпекі, а пасьля ўзнаўленьня гонкі на 7-м коле Айртан Сэна разьбіваецца аб бэтонную агароджу.

Напрыканцы фільму паказаная сям’я і сябры Айртана на пахаваньні.

Стыль

У Сэне адсутнічаюць інтэрвію і камэнтары[7]; ён уяўляе каляж прыватных відэазапісаў, выступаў па тэлевізіі, прэс-канфэрэнцый і гонак. Асыф Кападыя здолеў прадставіць жыцьцё Сэны як жывую драму, а не пасьмяротны рэквіем[8].

Выхад

7 кастрычніка 2010 року дакумэнтальны фільм быў паказаны ў часе Гран-пры Японіі на трасе ў Судзуцы[9]. Сусьветная прэм’ера адбылася 3 лістапада ў Сан-Паўлу (Бразылія)[10].

У 2011 року фільм выйшаў на DVD і Blu-ray-носьбітах.

Ацэнкі

Сэна атрымаў ухвалу крытыкаў. На анляйнавым агрэгатары Rotten Tomatoes трымае рэйтынг ацэнкі 93% з 122 аглядаў і сярэдні рэйтынг 7,90/10. Крытыкі згадзіліся, што «нават у аматараў кіно, якія не захапляюцца гонкамі, Сэна выкліча хвалюючае сэрцабіцьцё — і немыя эмоцыі»[11].

Алену Просту не спадабаўся паказ у фільме ягоных стасункаў з Айртанам Сэнам: на ягоную думку, у фільме неадэкватна паказаны пераход ад варажнечы да сяброўства ў апошнія месяцы жыцьця Сэны[12].

Узнагароды

УзнагародыКатэгорыяАтрымальнікі і намінантыВынік
Сандэнс[13]Глядацкая прэмія сусьветнага кіно: дакумэнталістыкаПерамога
Лос-Анджэлескі кінафэстываль[14]Глядацкая прэмія за найлепшы сусьветны поўнафарматны фільмПерамога
Мэльбурнскі міжнародны кінафэстываль[15]Выбар гледачоў за найлепшы дакумэнтальны фільмПерамога
Адэлаідзкі кінафэстываль[16][17]Глядацкая прэмія за найлепшы дакумэнтальны фільмПерамога
BAFTAВыбітны брытанскі фільмНамінацыя
Найлепшы дакумэнтальны фільмПерамога
Найлепшы мантажГрэгерс Сол, Крыс КінгПерамога
Гільдыя сцэнарыстаў Амэрыкі[18]Найлепшы сцэнар дакумэнтальнага фільмуМаніш ПандзіНамінацыя

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Шаблён:Айртан СэнаШаблён:Фільмы Асыфа Кападыі