Сойм

старонка-неадназначнасьць у Вікіпэдыі

Сойм — традыцыйная беларуская назва парлямэнту ад часоў Вялікага Княства Літоўскага[1][2], якая адпавядае Вярхоўнаму Савету — ужыванаму з савецкіх часоў запазычаньню з расейскай мовы[3]. Рэпрэзэнтацыйныя органы ўлады ніжэйшага ўзроўню традыцыйна называюцца соймікамі (ваяводзкі, павятовы).

Апроч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, соймы гістарычна існавалі ў Карпацкай Украіне (1939 год) і Аўстра-Вугоршчыне (краявыя соймы Галічыны і Букавіны). Назва сучасных парлямэнтаў Латвіі і Летувы, ніжняй палаты парлямэнту Польшчы (Сэйм Рэспублікі Польшча).

Этымалёгія

Беларускае слова сойм выводзіцца ад праславянскага *sъjъmъ 'сход, збор' і зьвязваецца зь дзеясловам сыймацца 'падыймацца'[4].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Асноўны артыкул: Сойм Вялікага Княства Літоўскага

Сойм у Вялікім Княстве Літоўскім як цэнтральная ўстанова прадстаўнічага і станавага характару існаваў з канца XV ст.[5], канчаткова аформіўся, як прадстаўніцтва шляхецкага стану ў сярэдзіне XVI ст.; яго кампэтэнцыі сутыкаліся з кампэтэнцыямі Паноў-Рады, прытым галоўнай функцыяй сойму былі справы заканадаўства і дзяржаўных падаткаў.

Рэч Паспалітая

Асноўны артыкул: Сойм Рэчы Паспалітай

Па Люблінскай уніі (1569 год) соймы Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага аб’ядналіся ў агульны сойм усёй Рэчы Паспалітай. Гэта быў найвышэйшы заканадаўчы орган, які складаўся з караля, Сэнату і Палаты паслоў (яна мела вызначальны ўплыў), абраных шляхтай на сойміках. На сойме быў прыняты прынцып аднадумнасьці, даведзены з часам да права аднаго пасла скасаваць сваёй нязгодай (liberum veto) усякія справы сойму. Паводле аднаго зь меркаваньняў, гэтае права прывяло ў XVIII ст. да паралічу дзяржавы і паспрыяла падзелу Рэчы Паспалітай. Звычайна сойм зьбіраўся раз на 2 гады на зьмену ў Варшаве (двойчы) і Горадні (адзін раз). Апроч таго, існавалі яшчэ надзвычайныя (экстраардынарныя) соймы: канвакацыйны (у часе бескаралеўя), элекцыйны дзеля выбараў караля і каранацыйная (у Кракаве).

Аўстра-Вугорская імпэрыя

З уводзінамі аўтаноміі ў адзінкавых краях імпэрыі, з 1861 да 1918 году дзейнічалі краявыя соймы ў Галічыне і Букавіне; да іх дзейнасьці належалі справы асьветы, сельскай гаспадаркі і іншыя, якія ім перадаў венскі парлямэнт. Удзел украінскіх амбасадараў у краявых соймах быў абмежаваны[6].

Сучасныя соймы

Крыніцы

Літаратура