Прушкаўская банда

польская арганізаваная злачынная групоўка

Пру́шкаўская ба́нда (па-польску: Gang pruszkowski), прушкаўская групо́ўка (польск. grupa pruszkowska), прушкаўская ма́фія (польск. mafia pruszkowska)[1] — найвялікшая польская арганізаваная злачынная групоўка 1990-х рокаў[2]. Атрымала назву ад мястэчка Прушкава пад Варшавай, адкуль паходзіла большасьць заснавальнікаў[3]. Пачаткова ўдзельнікі групоўкі займаліся дробнымі злачынствамі (фарцаваньнем(d), кватэрнымі крадзяжамі і інш.), але хутка ўзбагаціліся на крымінальнай глебе[4].

Прушкаўская банда
банда
Названа ў гонарПрушкаў Рэдагаваць

Мінуўшчына

Банда паўстала па зьмене дзяржаўнага ладу ў 1989 року. Тагачасная паліцыя не змагла адолець хвалю новай злачыннасьці. Сьпярша прушкаўская банда займалася эканамічнымі злачынствамі (кантрабандай сьпірту і папяросаў), пазьней пераключылася на крымінальную дзейнасьць (напады на грузавыя аўтамабілі, крышаваньне бізнэсу, абарот наркотыкаў[4], выкраданьні, замоўныя забойствы[5]). Прушкаўцы зьбіралі «даніну» зь іншых злачынных арганізацый па ўсёй Польшчы. У першай палове 90-х да іх далучылася ажараўская банда[6].

Прушкаўцы варагавалі з канкурэнтнай валомінскай групоўкай, а таксама зь іншымі ватагамі заходняй і паўночнай Польшчы[7]. У траўні 1990 ў вёсцы Сэстшэні адбылося першае мафіёзнае судзілішча ў Польшчы: расстралялі ўдзельнікаў прушкаўскай банды, рэцыдывістаў на мянушкі «Люлек» і «Слон»[4]. 6 ліпеня 1990 року ўпершыню ў гісторыі Польшчы паліцыя зладзіла засаду на бандытаў пад Надажынам, застрэліўшы аднаго зь іх[8]. У другой палове 90-х забойствы ў злачынным асяродку сталі звычайнай справай[9]. Гангстары забівалі людзей проста пасярод белага дня, карыстаючыся ў тым ліку выбуховымі рэчывамі[2]. У лютым 1996 року на прушкаўскай вуліцы застрэлілі аднаго з бандытаў ватагі па мянушцы «Каўбаса»[10], у сьнежні 1999 у Закапаным застрэлілі верхавода Андрэя Калікоўскага (псэўданім «Пэршынг»)[11].

У жніўні 2000 адзін з удзельнікаў банды Яраслаў Сакалоўскі (псэўданім «Маса») пагадзіўся выкрыць саўдзельнікаў(d)[12], пасьля чаго паліцыя затрымала большасьць кіраўніцтва групы[2].

Крыніцы