Нікель (па-лацінску: Niccolum) Ni — хімічны элемэнт VIII групы пэрыядычнай сыстэмы; атамны нумар 28. Шчыльнасьць пры н. у. складае 8,908 г/см³. Серабрыста-белы мэтал з жаўтаватым адценьнем, добра апрацоўваецца, плястычны. У звычайных умовах існуе ў β-мадыфікацыі, якая мае кубічную шчыльна ўпакаваную структуру крышталічнай краты (a=3,5236 Å). Электрахімічны эквівалент іёна Ni2+ складае 0,30·10-6 кг/Кл[1]. Нікель — мэтал сярэдняй хімічнай актыўнасьці. У злучэньнях звычайна двухвалентны. Упершыню атрыманы ў 1751 годзе швэдзкім навукоўцам А. Ф. Кронстэдтам. Назва паходзіць ад ням. Nickel — імені злога духа, які нібыта перашкаджаў гарнякам.
Па знаходжаньні ў зямной кары займае 25-е месца сярод элемэнтаў (5,8•10-3% масы). Важнейшыя мінэралы — нікелін (NiAs), герсдарфіт (NiAsS), бунзэніт (NiO). Таксама зьяўляецца складнікам мілерыта (NiS), у якім доля нікеля складае 64,7%[2] Асноўныя радовішчы — у Расеі, Канадзе, Новай Каледоніі, Аўстраліі, Кубе, Інданэзіі, Казахстане, Турцыі. Нікелевыя руды лічацца прамысловымі пры ўтрыманьні больш за 0,3% Ni. У 1979 выраблялася каля 700 тысяч тон.
Да 80% здабытага нікелю ідзе на нікелевыя сплавы — легіраваныя сталі, звышцьвёрдыя, магнітныя, антыкаразійныя стопкі. Канструкцыйны матэрыял для хімічнага абсталяваньня і ядзерных рэактараў, электродаў акумулятараў. Сечыва вывядзеньня для нэўтронаў спэктра дзяленьня для нікеля складае σвыв = 1,89 ± 0,10 барн[3]. Каля 10% — выраб каталізатараў для многіх рэакцыяў. Антыкаразійнае пакрыцьцё (нікеліраваньне).
Большая энциклопедия: В 62 томах. — М.: ТЕРРА, 2006. — Т. 32. — С. 399. — 150 000 ас. — ISBN 5-273-00432-2
Федоров, П. И. Никель // Химия: Энциклопедия / Под ред. И. Л. Кнунянц. — М.: Большая Российская энциклопедия, 2003. — С. 377. — 10 000 ас. — ISBN 5-85270-253-6
Волков, А. И.; Жарский, И. М. Большой химический справочник. — Мн.: Современная школа, 2005. — 608 с. — 4000 ас. — ISBN 985-6751-04-7