Лужычане

Лужыча́не, альбо лу́жыцкія сэ́рбы (па-нямецку: Sorben, па-дольнасорбску: Serby, па-верхнелужыцку: Serbja), вэ́нды — група з двух блізкароднасных славянскіх народаў, які пражывае на тэрыторыі Ніжняй і Верхняй Лужыц — абласьцей, што ўваходзяць у склад сучаснае Нямеччыны.

Лужычане
СаманазваSerby, Serbja
Колькасьць50—60 тыс.
Рэгіёны пражываньняНямеччына
Мовынямецкая, лужыцкія
Рэлігіікаталіцтва, пратэстантызм
Блізкія этнасыпалякі, чэхі, кашубы, славакі, іншыя славяне, немцы (мяшаныя шлюбы)

Гісторыя

Узьнікненьне

Сучасныя лужычане — нашчадкі лужыцкіх сэрбаў, або проста сэрбаў, аднаго з 3 галоўных пляменных зьвязаў так званых палабскіх славянаў, у лік якіх уваходзілі таксама пляменныя зьвязы люцічаў (вэлетаў або вэльцаў) і бодрычаў (абадрытаў, рэракаў або рарогаў). Палабскія славяне, або, па-нямецку, вэнды, у раньнім Сярэднявеччы засялялі ня меней за траціну тэрыторыі сучаснае нямецкае дзяржавы — поўнач, паўночны захад і ўсход[1]. Як сьведчаць фіксацыі старажытных рымскіх і грэцкіх гісторыкаў, а таксама матэрыяльныя сьведчаньні, найбольш верагодным выпадае казаць аб засяленьні гэтае тэрыторыі славянамі ў раньнім Сярэднявеччы з тэрыторыяў Усходняй Эўропы, да гэтага тэрыторыі сучаснае Нямеччыны й суседніх рэгіёнаў насялялі германскія й кельцкія плямёны. Першыя селішчы лужыцкіх сэрбаў, у адпаведнасьці зь нямецкімі зьвесткамі, зафіксаваныя меркавана да VI ст. Паводле іншых тэорыяў, лужычане, як і славяне наогул, зьяўляюцца аўтахтонным насельніцтвам дадзеных тэрыторыяў, на якіх адбываўся працэс вылучэньня славянаў як такіх з больш раньніх індаэўрапейскіх супольнасьцяў. У прыватнасьці, іх суадносяць з так званай Пшаворскай культурай.

Новы пэрыяд

У цяперашні час усе нашчадкі славянскіх плямёнаў цяперашняе Нямеччыны, за выключэньнем лужычанаў, цалкам зьнямечаныя. Гэты працэс доўжыўся некалькі стагодзьдзяў, на працягу якіх насельніцтва гэтых некалі славянскіх земляў, знаходзячыся пад нямецкім ваенна-палітычным панаваньнем, паступова анямечвалася. Працэс уключэньня палабскіх і паморскіх земляў у склад германскіх дзяржаваў расьцягнуўся на пэрыяд з XII да XIV ст. Землі лужычанаў увайшлі ў склад Францкай імпэрыі Карла Вялікага у IX стагодзьдзе.

У пачатку XI ст. лужыцкія землі былі заваяваныя Польшчай, аднак неўзабаве перайшлі пад уладу Майсэнскага маркграфства. У 1076 нямецкі імпэратар Генрых IV саступіў Лужыцкую марку Чэхіі. У пэрыяд знаходжаньня ў складзе Чэскага каралеўства пачаўся актыўны працэс германізацыі рэгіёну, якім была закранутая таксама ўласна Чэхія. У Лужыцу масава перасяляліся каляністы зь Нямеччыны, якія атрымлівалі ад чэскай дзяржавы розныя гандлёвыя і падатковыя прывілеі.

Пасьля ўсталяваньня ў Чэхіі дынастыі Габсбургаў працэсы германізацыі славянскага насельніцтва паскорыліся. У XVII ст. лужыцкія землі былі саступленыя Саксоніі, а ў XIX ст. увайшлі ў склад Прусіі, з 1871 — у складзе Нямецкае імпэрыі.

Лужыца на мапе Нямеччыны
Лужыцкі нацыянальны строй (Ніжняя Лужыца)

Сучасны стан

Лужычане — апошняя этнічная супольнасьць славянаў Нямеччыны, прадстаўнікі якой карыстаюцца славянскай мовай.

Сучасная лужыцкая мова падзяляецца на верхне- і ніжнелужыцкую мовы.

Лужычане — адна з чатырох афіцыйна прызнаных нацыянальных меншасьцяў Нямеччыны (нараўне з цыганамі, фрызамі і датчанамі). Лічыцца, што лужычанамі цяпер ёсьць каля 60 тысячаў грамадзянаў Нямеччыны, зь якіх 20 000 жыве ў Ніжняй Лужыцы (Брандэнбург) і 40 тыс. — у Верхняй Лужыцы (Саксонія).

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі

Лужычанесховішча мультымэдыйных матэрыялаў