Лугвен

амсьціслаўскі князь

Лу́гвен Сямён Альге́рдавіч (Лінгвен, Лангвен, Лугвень; каля 1355—1431) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь амсьціслаўскі (1392—1431).

Лугвен
лац. Ługvien / Łuhvien
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1355
1431
Памёр 19 чэрвеня 1431
Род Гедымінавічы
Бацькі Альгерд
Ульяна Аляксандраўна[d]
Дзеці Юрый Лугвенавіч[d]

Імя

Асноўны артыкул: Лонгвін
Памятны знак князю Лугвену ў Амсьціславе

Лангівін або Лангвін (Langewin, Langwin[1]) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова -ланг- (-лонг-, -ланк-) (імёны ліцьвінаў Лянгерд, Воланг; германскія імёны Langarda, Wolank) паходзіць ад старагерманскага lung 'хуткі'[3] або гоцкага laggs, стараангельскага long 'доўгі'[4], а аснова -він- (імёны ліцьвінаў Бутвін, Монтвін, Радавін; германскія імёны Butwin, Mondawin, Radowin) — ад гоцкага wins 'сябар'[5]. Такім парадкам, імя Лонгвін азначае «хуткі сябар»[3].

Яшчэ гісторык Юзэф Эдвард Пузына, які паходзіў з старажытнага княскага роду Пузынаў, выводзіў імя Лугвен (Лінгвені) ад германскага (паўночнагерманскага) імя Langewin[6][7].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Langwenne (29 верасьня 1379 году[8], 31 кастрычніка 1382 году[9][10], 16 чэрвеня 1409 году і па 1410 годзе[11]); Ligwen (14 жніўня 1385 году)[12]; Nos dux Semen alias Lingweny (31 студзеня 1388 году)[13]; Мы князь Семенъ инымъ именемъ Лыгвеніи[14] (25 красавіка 1389 году)[15]; Nos Semon dux alias Lingwenis (25 красавіка 1389 году)[16]; я, князь Луквеній Мстиславскій (1394—1424 гады, 1718 год)[17]; Lyngweyn (23 студзеня 1397 году)[18]; herczog Lingwen (3 ліпеня 1407 году)[19]; Symeonis alias Ligwen (1 лютага 1411 году)[20]; herczoge Lengwenne (1416 год)[21]; Semeon Ulgerdowicz (Semeon Olgerdowicz; 22 чэрвеня 1431 году)[22]; ducis Iurgij Langwynowicz[23], Iurgi Langwynowycz[24] (1 верасьня 1431 году); Langwin (Ян Длугаш)[25]; Семіонъ Лугвень[26], Лугвеній… Семеонъ Олгердовичь[27] (Наўгародзкі чацьверты летапіс); Лугвени[28], Лугвень[29], Лугвеней… Семенъ Олгердовичь[30] (Сафійскі першы летапіс); служили князю Лынкгвеню (31 траўня 1496 году)[31]; Семенъ Лугвенъ… Лугвеней (Васкрасенскі летапіс)[32].

Біяграфія

Пячаць Лугвена, 1385 г.

Чацьверты сын Альгерда ад яго другога шлюбу з Ульлянай Цьвярской (агульным лікам дзявяты). У гістарычных крыніцах выступае з 1379 году, калі ў ліку іншых літоўскіх князёў падпісаў у Троках мір з Ордэнам (29 верасьня). Разам з братам Ягайлам і трыма іншымі князямі 14 жніўня 1385 году падпісаў Крэўскую унію.

Браў удзел у разгроме вялікага князя смаленскага Сьвятаслава, які падтрымаў выступленьне Андрэя Полацкага супраць Ягайлы, пад Амсьціславам (29 красавіка 1386 году).

У 1389—1392 гадох — князь у Вялікім Ноўгарадзе, атрымаў «у кармленьне» Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Склаў васальную прысягу Ягайлу як сюзэрэну Ноўгарада (у таямніцы ад саміх наўгародцаў). У 1390 годзе спрабаваў далучыць да Ноўгараду Пскоў, у 1391 годзе разьбіў ганзейскіх піратаў-вітальераў пад Арэшкам. Зьехаў з Ноўгараду пад уціскам Масквы, атрымаў ад Ягайлы Амсьціслаўскае княства, якім да яго валодаў іх брат Карыгайла.

Пячаць Лугвена з Пагоняй, 1388 г.

У канцы 1396 году быў пасярэднікам ва ўзнаўленьні гандлёвай дамовы паміж Полацкам і Рыгай, у тым жа годзе разьбіў войска разанскага князя Алега, які дапамагаў вялікаму князю смаленскаму Юрыю Сьвятаслававічу ў абароне незалежнасьці Смаленскага княства ад ВКЛ. У 1402 годзе пад Любуцкам ізноў разьбіў разанцаў, захапіў у палон князя Радаслава Алегавіча.

У 1403 годзе пры падтрымцы Вітаўта захапіў Вязьму і спрабаваў авалодаць Смаленскам, які нарэшце захапіў і далучыў да ВКЛ у 1404 годзе. У 1407 годзе ўдала дзеіў у Верхаўскіх княствах, далучыў да ВКЛ Варатынск. У тым жа годзе ізноў запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў да 1412 году.

Браў удзел разам з наўгародзкімі аддзеламі ў Вялікай вайне 1409—1411 гадоў, у крытычны момант Грунвальдзкай бітвы мужнасьць амсьціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў ВКЛ на чале з Лугвенам выратавала саюзныя арміі ад разгрому крыжакамі. Падпісаў Торунскі мір 1411 году.

Імаверна, у 1408—1411 гадох быў вялікакняскім намесьнікам у Смаленску. У лістападзе 1411 году месьцічы зь Вялікага Ноўгараду зьвярнуліся да князя Сямёна Лугвеня (Symeona Lingwena), каб ён атрымаў дазвол ад вялікага князя Вітаўта і прыбыў іх бараніць ад Інфлянтаў. У час адбіцьця швэдзкай агрэсіі зьнішчыў прадмесныя ўмацаваньні Выбаргу (26 сакавіка). У тым жа годзе склаў ад імя Ноўгараду дамову зь Ягайлам супраць крыжакоў, але ў 1412 годзе з прычыны маскоўскіх інтрыгаў выехаў з Ноўгараду ў Амсьціслаў, разам зь Вітаўтам і Ягайлам накіраваў наўгародцам «разьметную» грамату. У 1421 годзе прымаў у Амсьціславе мітрапаліта Фоція.

У 1430—1431 гадох у змаганьні Сьвідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам падтрымліваў першага[33].

Заснаваў каля Амсьціслава манастыр Сьвятога Ануфрыя над ракой Чорнай Натапай (1407 год), які славіўся перапісчыкамі кніг і рукапісаў.

Ад першай жонкі Марыі (памерла ў 1399 годзе), дачкі вялікага князя маскоўскага Дзьмітрыя Данскога (шлюб склаў у Маскве 14 чэрвеня 1394 году), меў сына Юрыя. Ад другой (з восені 1406 / 1407 году, імя і паходжаньне невядомыя) сына Яраслава (Фёдара).

Вядомая пячатка Лугвена (1389) з выявай Пагоні, якая захоўваецца ў Львоўскім гістарычным музэі[34].

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі