Застуда

заражэньне верхняга дыхальнага тракту

Назафарынгіт ці ў простанародзьдзі застуда — пашыранае віруснае захворваньне верхніх дыхальных шляхоў. Асноўнымі сымптомы ёсьць кашаль, чханьне, галаўны боль, боль у горле й павышаная тэмпэратура. Няма лекаў ад застуды, але сымптомы звычайна праходзяць ў тэрмін ад 7 да 10 дзён, зь некаторымі сымптомамі хвароба можа працягвацца да трох тыдняў[5]. Застуда зьяўляецца найбольш частым інфэкцыйным захворваньнем у людзей[6]. Сярэдняя колькасьць захворваньняў для чалавека на год складае 2—4 разы для дарослых і 6—8 разоў для дзяцей, асабліва ў зімні пэрыяд. Часам у людзей зь іншымі праблемамі са здароўем разам з застудай можа разьвіцца пнэўманія[7].

Застуда
Рынавірус — асноўны вірусны агент назафарынгіта (застуды)
Рынавірус — асноўны вірусны агент назафарынгіта (застуды)
Спэцыяльнасьць сямейная мэдыцына, інфэкталёгія, отарыналярынгалёгія
Сымптомы кашаль, боль у горле, насмарга, ліхаманка, тынітус, хроп, галаўны боль, чханьне, закладзенасьць носу
Лекі хлярыд цынку[d][1], глюканат цынку[d][1], аскарбат натру[d][1], (+)-фэнілпрапаналамін[d][1], гвайэфэнэзын[d][1], парацэтамол[d][2][3] і Vicks VapoRub[d][4]
Застуда ў Вікісховішчы

У цяперашні час больш за 200 штамаў віруса ўдзельнічаюць ва ўзьнікненьні застуды, аднак найбольш распаўсюджанымі зьвяўляюцца рынавірусы[8]. Яны распаўсюджваюцца праз паветра пры блізкім кантакце зь інфэкаванымі людзьмі ці ўскосна праз кантакт з аб’ектамі навакольнага асяродзьдзі, з наступным пераносам віруса праз рот або нос[7]. Фактары рызыкі ўключаюць у сябе недасыпаньне і псыхялагічны стрэс, а для дзяцей паход у дзіцячы садок[9].

Разам з грыпам і іншымі рэсьпіраторнымі віруснымі інфэкцыямі, якія маюць падобныя сымптомы, уключаны ў дыягностыцы ў групу грыпападобных захворваньняў.

Сымптомы

Жанчына з сымптомамі застуды.

Тыповыя сымптомы застуды ўлучаюць кашаль, насмаргу, чханьне, закладзенасьць носу і боль у горле, якія часам суправаджаюцца болем у цягліцах, стомленасьцю, галаўным болем і стратай апэтыту[10]. Боль у горле прысутнічае прыблізна ў 40% выпадкаў, кашаль — прыблізна ў 50%[11], а баляць людзям цягліцы таксама у блізу 50% выпадках[12]. Звычайна ў дарослых няма павышанай тэмпэратуры, але, як правіла, яна можа быць у немаўлятаў і дзяцей раньняга ўзросту[12]. Кашаль звычайна болей мяккі ў параўнаньні з тым, які суправаджае грып[12]. У той час як кашаль і павышаная тэмпэратура зазначаюць, што маецца вялікая верагоднасьць наяўнасьці грыпу ў дарослых, але між тым абодва гэтыя сымптомы належаць да абедзьвюх хваробаў[13]. Шэраг вірусаў, якія выклікаюць застуду, таксама могуць прывесьці да бессымптомнай хады хваробы[14][15]. Колер склізі або носавой сакрэцыі можа вар’явацца ад чыстага да жоўтага ці зялёнага, але колер ня сьведчыць пра клясу агента, які выклікаў інфэкцыю[16].

Хада хваробы

Звычайна застуда пачынаецца з стомленасьці, адчуваньня застуды, чханьня і галаўнога болю, пасьля чаго праз пару дзён зьяўляюцца насмарга і кашаль[10]. Сымптомы могуць зьявіцца цягам 16 гадзінаў пасьля ўзьдзеяньня ўзбуджальніка[17], але звычайна пік прыпадае на другі, трэці ці чацьверты дзень пасьля пачатку хваробы[12][18]. Звычайна сымптомы сыходзяць празь 7—10 дзён, але некаторыя зь іх могуць доўжыцца да трох тыдняў[5]. Сярэдняя працягласьць кашлю складае 18 дзён[19], а ў некаторых выпадках у людзей разьвіваецца поствірусны кашаль, які можа затрымлівацца пасьля таго, як інфэкцыя сышла[20]. У дзяцей кашаль доўжыцца больш за дзесяць дзён у 35–40% выпадкаў, а больш за 25 дзён назіраецца толькі ў 10% выпадках[21].

Чыньнікі

Вірусы

Група вірусаў, вядомыя як каранавірусы, выклікаюць застуду. Яны маюць арэол або карону, калі праглядаць іх пад электронным мікраскопам.

Застуда — інфэкцыя верхніх дыхальных шляхоў, якая можа быць выкліканыя мноствам розных вірусаў. Часьцей за ўсё ўзбуджальнікам ёсьць рынавірус (30—80%), які ёсьць тыпам пікарнавіруса з 99 вядомымі сэратыпамі[22]. Да іншых узбуджальнікаў адносяць каранавірусы чалавека (≈15%)[23][24], вірусы грыпу (10—15%)[25][26][5], адэнавірусы (5%)[25], рэсьпірацыйна-сынцытальны вірус чалавека, а таксама энтэравірусы адрозныя ад рынавірусаў, парагрыпу і мэтапнэўмавіруса чалавека[27]. Часта пры хваробе прысутнічае больш за адзін вірус[28]. Агулам больш за 200 вірусных тыпаў зьвязаныя з застудай[12].

Перадача

Вірус застуды звычайна перадаецца паветрана-кропельным шляхам празь беспасярэдні кантакт з інфэкаваным вытварэньнем носу або фамітамі (забруджанымі аб’ектамі)[11][29]. Які з панянёных шляхоў больш распаўсюджаны не вызначаецца[30][31]. Вірусы могуць выжаваць працяглы пэрыяд у навакольным асяродзьдзі, гэтак рынавірус жывы цягам больш за 18 гадзінаў, пасьля чаго могуць трапіць да арганізму чалавека спачатку праз рукі, а пасьля іх праз вочы ці нос[29]. Перадача праз жывёлы лічыцца малаверагоднай. Гэтак лічылася, што пошасьць, зафіксаваная на брытанскай навуковай базе на востраве Адэлэід пасьля сямнаццаці тыдняў ізаляцыі, была выкліканая перадачай ад забруджанага аб’екта альбо чалавека, які пераносіў хваробу бессымптомна, а ня ад хаскі, якія таксама жыла на базе[32].

Перадача віруса часта адбываецца ў дзіцячых садках ці школах, бо дзеці маюць слабы імунітэт ды часта блізка кантактуюць адзін з адным, а часам і не дбаюць аб сваёй гігіене[33]. Затым гэтыя інфэкцыі разносяцца дадому да сваякоў[33]. Няма аніякіх доказаў таго, што рэцыркуляванае паветра ў самалёце можа прывесьці да перадачы інфэкцыі[29], але людзі, якія блізка адзін да аднаго, падвяргаюцца большай рызыцы заражэньня[30][31]. На працягу першых трох дзён сымптомаў застуды, якую ўзбуджае рынавірус, інфэкцыя ёсьць найбольш заразьлівай, пасьля чаго рызыка перадачы памяншаецца[34].

Надвор’е

Існуе распаўсюджаная аблуда, што можна «злавіць застуду» толькі праз працяглае ўзьдзеяньне халоднага надвор’я[35]. Не зважаючы на тое, што цяпер вядома, што застуды выклікаюцца вірусамі, распаўсюд многіх такіх вірусаў сапраўды набывае сэзонны характар і сустракаецца часьцей у прахалоднае надвор’е[36]. Прычына сэзоннасьці ня была канчаткова вызначаная[37]. Магчымыя тлумачэньні могуць ўлучаць у сябе зьмены ў дыхальнай сыстэме, выкліканыя халоднай тэмпэратурай[38], зьніжэньне імуннай рэакцыі[39] і нізкая вільготнасьць, што выклікае павелічэньне хуткасьці перадачы вірусаў, магчыма, праз сухое паветра, што дазваляе невялікім вірусным кроплям паскарацца і заставацца ў паветры даўжэй[40].

Відавочная сэзоннасьць таксама можа быць павязаная з сацыяльнымі фактарамі, бо людзі ў прахалоднае надвор’е больш часу бавяць у памяшканьнях побач з хворымі людзьмі[38], як прыклад дзеці ў школе[33]. Зважаючы на тое, што нармалёвае ўзьдзеяньне холаду не павялічвае рызыку заражэньня, сур’ёзнае ўзьдзеяньне прыводзіць да пераахаладжэньня, што павялічвае рызыку ўзьнікненьня застуды. Гэта тэорыя ёсьць супярэчлівай, але большасьць доказаў сьведчаць на аб тым, што пераахаладжэньне можа павялічыць успрымальнасьць да заражэньня[39].

Іншае

Калектыўны імунітэт, які ўтвараецца ў выніку папярэдняга ўзьдзеяньня застудных вірусаў, гуляе важную ролю ў абмежаваньні распаўсюду вірусаў[41]. Дрэнная імунная функцыя ёсьць фактарам рызыкі захворваньня[41][42]. Недастатковы сон і недаяданьне зьвязаны зь вялікай рызыкай разьвіцьця інфэкцыі пасьля ўзьдзеяньня рынавіруса. Лічыцца, што гэта павязанае з уздзеяннем на імунную функцыю[43][44]. Грудное выкормліваньне немаўля зьніжае рызыку ўзьнікненьня вострых атытаў і інфэкцыяў ніжніх дыхальных шляхоў сярод іншых захворваньняў[45], таму рэкамендуецца працягваць кармленьне малаком нават калі немаўля застудзіцца[46]. Аднак, грудное выкормліваньне не ахоўвае ад застуды само па сабе[47].

Патафізыялёгія

Застуда — хвароба верхніх дыхальных шляхоў.

Лічыцца, што сымптомы застуды ў асноўным зьвязаныя з імуннай рэакцыяй на вірус[48]. Мэханізм гэтага імуннага адказу залежыць ад тыпу віруса. Напрыклад, рынавірус звычайна трапляе да чалавека праз бесьпасярэдні кантакт. Ён зьвязваецца праз ICAM-1 і CDHR3 рэцэптары празь невядомыя мэханізмы, а потым выклікае выкід запаленчых мэдыятараў[48], праз што зьяўляюцца сымптомы хваробы[48]. Звычайна гэты вірус не выклікае пашкоджаньня эпітэля носу[12]. Зь іншага боку, рэсьпірацыйна-сынцытальны вірус трапляе ў чалавека як пры дапамозе бесьпасярэдняга кантакту, гэтак і паветрана-кропельным шляхам. Затым ён распаўсюдваецца ў носе і горле, перш чым дасягае ніжняга дыхальнага тракту[49]. Гэты вірус выклікае пашкоджаньне эпітэлю[49]. Парагрып чалавека звычайна даводзіць да запаленьня носу, горла і дыхнікаў[50]. У маленькіх дзяцей, калі запаленьне ўплывае на трахею, гэта можа выклікаць сымптомы крупу празь невялікія памеры дыхальных шляхоў[50].

Прафіляктыка

Адзінымі карыснымі спосабамі зьніжэньня рызыкі інфэкаваньня застуднымі вірусамі ёсьць фізычныя захады[51], як то выкарыстаньне слушнай тэхнікі мыцьця рук і нашэньня маскі. Ва ўстановах аховы здароўя таксама карыстаюцца адмысловымі сукенкамі і аднаразовымі пальчаткамі[51]. Ізаляцыя альбо карантын не практыкуюцца, бо хвароба вельмі пашыраная, а сымптомы неспэцыфічныя. Ад застуды бракуе вакцыны[52], бо вакцынацыя апынулася складанай праз наяўнасьць вялікай колькасьці вірусаў-узбуджальнікаў, якія яшчэ і хутка мутуюць[51][53]. У тым ліку праз гэтыя чыньнікі стварэньне эфэктыўнай вакцыны лічыцца малаверагодным[54].

Рэгулярнае мыцьцё рук ёсьць эфэктыўным захадам да зьніжэньня перадачы застудных вірусаў, асабліва сярод дзяцей[55]. На сёньня не зразумела ці дадае карысьці выкарыстаньне антывірусных ці антыбактэрыяльных прэпаратаў у дадатак да мыцьця рук[55]. Нашэньне маскі да твару, калі вакол шмат інфэкаваных людзей, можа быць карысным, аднак бракуе дастатковых доказаў таго, гто падтрыманьне большай сацыяльнай дыстанцыі можа прадухіліць хваробу[55]. Незразумела, ці ўплываюць дадаткі цынку на верагоднасьць заражэньня застудай[56]. Звычайныя дадаткі вітаміну C не зьніжаюць рызыку застуды ці ступені ейнай цяжкасьці, аде яны могуць паменшыць ейную працягласьць[57].

Лекаваньне

Плякат 1937 году ў ЗША, які заклікае грамадзянаў зьвярнуцца да лекара дзеля лячэньня застуды.

Лекаваньне застуды ў першую чаргу ўключае лекі ды іншыя мэтады, якія выклікаюць сымптаматычнае палягчэньне[58]. Хворым рэкамэндуецца зладзіць адпачынак у вялікай колькасьці, шмат ужываць вадкасьць дзеля падтрыманьня гідратацыі і палашчыць горла цёплай салёнай вадой[27]. Аднак галоўная карысьць ад сымптаматычнага лекаваньня зьвязана з эфэктам плацэба[59]. Па стане на 2010 год, бракуе лекаў і расьлінных сродкаў, якія б эфэктыўна скарачалі працягласьць хваробы[60].

Сымптаматычнае лячэньне

Розныя лекі, ўжываныя пры застудзе.

Лячэньне, якое можа дапамагчы залагодзіць сымптомы, улучае простыя болепатольныя і гарачкапаніжальныя лекі, як то ібупрафэн[61] і парацэтамол[62].

Існуе мноства розных сродкаў дзеля палягчэньня застуды і кашлю, кожны зь якіх выконвае ўласную задачу. Дзеля зьніжэньня закладзенасьці носу выкарыстоўваюцца судзіназвужальныя лекі, антыгістамінныя сродкі могуць дапамагчы паменшыць насмаргу, а неістэроідныя процізапаленчыя лекі і парацэтамол выкарыстоўваюцца дзеля зьніжэньня тэмпэратуры і суцішэньня болю, існуюць лекі, якія дапамагаюць выдаліць кархавіньне, а таксама лекі, якія залагоджваюць кашаль[63]. У той жа час у розных краінах маюцца рэкамэндацыі не карыстаць такіх сродкаў дзеля лекаваньня застуды і кашлю, як антыгістамінныя лекі процікангестанты, дзецям да 2[64] або да 6 гадоў, бо бракуе доказаў эфэктыўнасьці такіх лекаў для дзяцей, але маецца патэнцыял шкоднасьці[65][66]. Антыгістамінныя сродкі могуць залагодзіць сымптомы ў першы дзень ці два, у наступным прэпарату бракуе карысьці, але наступствамі далейшага ўжываньня лека можа быць дрымотнасьць ды іншыя эфэкты[67].

У надзеі на акрыяньне або палягчэньня сымптомаў хворыя часта ўжываюць мноства свабодна прадаваных лекаў, у той час як многія спажыўцы лічаць, што такія лекі сапраўды дапамагаюць. Але відавочна, што немагчыма вылекаваць застуду, а сымптаматычнае лячэньне часам можа сапраўды дапамагчы крыху палегчыць стан чалавека. Аднак часта пры застудзе людзі злоўжываюць лекамі, у тым ліку і самі лекары могуць зрабіць значны ўнёсак у злоўжываньне, бо, умкнучыся дапамагчы хвораму, яны могуць прызначаюць лекі, якія не патрабуюцца дзеля лячэньня.

Празь недахоп дасьледаваньняў, невядома наколькі паляпшае стан і скарачае тэрмін дыхальных захворваньняў павелічэньне спажываньня вадкасьці[68]. Маюцца рэкамэндацыі пазьбяганьня фізычных практыкаваньняў, калі хворы мае павышаную тэмпэратуру, моцны боль у цягліцах або стомленасьць[69][70]. У гэты ж час лічыцца бясьпечным рабіць мерныя практыкаваньні, калі сымптомы ўлучаюць насмаргу, закладзенасьць носу, чханьне або нязначны боль у горле[69][70].

Цынк

Дабаўкі цынку могуць скараціць працягласьць застуды да 33% і залагодзіць сымптомы, калі ўжываньне дабавак пачынаецца цягам першых 24 гадзінаў пасьля ўзьнікненьня сымптомаў[71][56][72][73][74]. Пры беспасярэднім ўжываньні цынку да носу можа быць страта нюху[71][75]. Тым ня менш, ужываньне цынку не рэкамэндуецца праз розныя чыньнікі[76], асабліва не рэкамэндуецца цынк дзецям.

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі