Дунілавічы

вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі

Дуні́лавічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Заражанцы. Цэнтар сельсавету Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 707 чалавек. Знаходзяцца за 27 км на ўсход ад Паставаў, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Варапаева.

Дунілавічы
лац. Duniłavičy
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Першыя згадкі:1473
Краіна:Беларусь
Вобласьць:Віцебская
Раён:Пастаўскі
Сельсавет:Дунілавіцкі
Насельніцтва:707 чал. (2010)
Часавы пас:UTC+3
Тэлефонны код:+375 2155
Паштовы індэкс:211854
СААТА:2240817021
Нумарны знак:2
Геаграфічныя каардынаты:55°4′35″ пн. ш. 27°14′6″ у. д. / 55.07639° пн. ш. 27.235° у. д. / 55.07639; 27.235 27°14′6″ у. д. / 55.07639° пн. ш. 27.235° у. д. / 55.07639; 27.235
Дунілавічы на мапе Беларусі ±
Дунілавічы
Дунілавічы
Дунілавічы
Дунілавічы
Дунілавічы
Дунілавічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дунілавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся кляштар дамініканаў, помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама палац Тышкевічаў.

Назва

Асноўны артыкул: Дуніла

Дуніла (Dunila) — імя германскага паходжаньня[2].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Першы пісьмовы ўпамін пра Дунілавічы як уладаньне князёў Гальшанскіх датуецца 1473 годам. У 1555 годзе, паводле тэстамэнту апошняга ўладальніка, маёнтак перайшоў да вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Пад 1556 Дунілавічы ўпамінаюцца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1567—1577 гадох Дунілавічы знаходзіліся ў валоданьні Мікалая Крыштапа Радзівіла, пазьней перайшлі да Долмат-Ісайкоўскіх.

У 1624 годзе Крыштап Белазор разам з жонкай заснавалі ў Дунілавічах мураваны касьцёл, пры якім пачаў дзейнічаць дамініканскі кляштар (1683 год). Пазьней мястэчкам валодалі Бжаздоўскія, Янішэўскія. 7 верасьня 1729 году і 10 студзеня 1765 году Дунілавічы атрымалі прывілеі каралёў і вялікіх князёў Аўгуста Моцнага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дунілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1843 году Віленскай губэрні. Ад Янішэўскіх маёнтак перайшоў да Тышкевічаў. На 1800 год у мястэчку быў 101 двор.

У 1861 годзе Дунілавічы сталі цэнтрам воласьці. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы пад царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1866 год у Дунілавічах было 106 двароў, на 1886 год дзейнічалі царква, касьцёл і 2 юдэйскія малітоўныя дамы; працавалі народная вучэльня, 8 крамаў, 4 карчмы, вадзяны млын з сукнавальняй; праводзіліся кірмашы 6 студзеня і 1 кастрычніка, таргі ў нядзелю.

За часамі Першай сусьветнай вайны Дунілавічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дунілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Дунілавічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам павету Наваградзкага, з 1922 году Віленскага ваяводзтва. У зьвязку зь пераносам павятовага цэнтру павет перайменавалі ў Пастаўскі. У 1927 годзе мястэчка зноў стала цэнтрам Дунілавіцкага павету. У 1920-я гады ў Дунілавічах працавалі лесапільня, цагельня, млын, кузьня, піларама, ткацкі цэх, фарбавальня, гадзіньнікавая, абутковая і швацкая майстэрні, кнігарня, пераплётня, банкі, амбуляторыя, аптэка, лямбард, гатэль, рэстарацыя, кулінарыя, чарачная, піўная; дзейнічалі касьцёл, 3 сынагогі, вышэйшая юдэйская і агульнаадукацыйная школы; існавалі вытворчасьць дываноў, пашыў жаночага адзеньня, шапак, выраб скураў, каапэратыўны гандаль коньмі, спажывецкімі таварамі і інш.; практыкаваў адвакат, натарыюс, судовы выканаўца, дантыст, вэтэрынар. Найбольшым зямельным уладальнікам быў граф Юзэф Тышкевіч (1064 дзесяціны зямлі).

У 1939 годзе Дунілавічы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1941 году атрымалі афіцыйны статус гарадзкога пасёлку і сталі цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1950 годзе ў выніку пераносу цэнтру раёну ў Варапаева Дунілавічы сталі цэнтрам сельсавету. У 1954 годзе статус паселішча панізілі да вёскі, у Маладэчанскай вобласьці. У 1960 Дунілавіцкі сельсавет увайшоў у склад Глыбоцкага, у 1962 годзе Пастаўскага раёну. На 1971 год у вёсцы было 246 двароў, працавалі сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, паліклініка, аптэка, вэтэрынарны пункт, пошта, лясьніцтва, сталоўка, 3 крамы, камбінат побытавага абслугоўваньня. На 1993 год — 329 двароў, на 1997 год — 334, на 2001 год — 322. У 2000-я гады Дунілавічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 564 чал.[4].
  • XIX стагодзьдзе: 1866 год — 691 чал.[5]
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 1400 чал. у мястэчку Дунілавічах, 74 чал. у маёнтку Дунілавічах, 10 чал. у касьцельнай сядзібе Дунілавічах[6]; 1971 год — 781 чал.; 1993 год — 888 чал.; 1997 год — 793 чал.[7]; 1999 год — 780 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 785 чал.; 2010 год — 707 чал.

Інфраструктура

У Дунілавічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, дом культуры, пошта.

Забудова

Вуліцы і пляцы

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Віленская, Глыбоцкая і Ясьневіцкая вуліцы[8].

Эканоміка

Працуе Дунілавіцкае лясьніцтва.

Турыстычная інфармацыя

Славутасьці

  • Забудова гістарычная (канец XIX — 1-я палова XX ст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1769—1773)
  • Могілкі: каталіцкія, капліца-пахавальня (XIX ст.); польскіх вайскоўцаў, што загінулі ў 1919 годзе ў вайне з бальшавікамі; юдэйскія з помнікам жыдам, забітым гітлераўцамі ў Другую сусьветную вайну

Страчаная спадчына

  • Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Міхала Арханёла (XIX ст.)
  • Кляштар дамініканаў (XVII ст.)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Тышкевічаў

Галерэя

Асобы

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі