Гран-пры Канады

этап чэмпіянату сьвету ў гонках Формулы-1

Гран-пры Канады (па-француску: Grand Prix du Canada) — штогадовае аўтагоначнае спаборніцтва, якое ладзіцца з 1961 року. З 1967 року ўваходзіць у каляндар Формулы-1. З 1978 року і дагэтуль гонкі адбываюцца на трасе імя Жыля Вільнёва на востраве Нотр-Даме (Манрэаль, Квэбэк).

Гран-пры Канады
Аўтадром імя Жыля Вільнёва
Гісторыя
Праведзеныя гонкі 58
Першая гонка 1961
Лідэр (гоначнік) Сьцяг Нямеччыны Міхаэль Шумахэр
Сьцяг Вялікабрытаніі Льюіс Гэмілтан (7)
Лідэр (канструктар) Сьцяг Італіі Фэрары (14)
Траса
Працягласьць кола 4,361 км
Працягласьць гонкі 305,270 км
Колькасьць колаў 70
Сэзон 2023 году
Поўл-пазыцыя
Подыюм
Найхутчэйшае кола
Вонкавыя спасылкі
gpcanada.ca (фр.)​ (анг.)

Мінуўшчына

Першыя Гран-пры Канады ўваходзілі ў наваствораны Канадзкі чэмпіянат спартовых аўтамабіляў(d) і ладзіліся на трасе Маспорт-Парк пад Таронта. У 1966 року тут адбыўся Канадзка-амэрыканскі кубак выкліку(d), а з наступнага году далучылася і Формула-1. Пераможцам першай формульнай гонкі стаў Джэк Брэбэм. Гонкі пачаргова ладзіліся на Маспорт-Парку і Мон-Трамблене ў Квэбэку (тут у 1968 і 1970).

Гонка 1969 року ў Маспорт-Парку запомнілася ўнікальным выпадкам. Джэкі Ст’юарт (Матра) спаборнічаў за лідэрства з Жакі Іксом (Брэбэм) да 33-га кола, на якім яны ў чацьверты раз дагналі адсталага Эла Піза. Пры спробе абгону Ікс сутыкнуўся з Ст’юартам, і апошні выбыў з гонкі. Жакі Ікс жа здолеў працягнуць і даехаў да фінішу. Кен Тырэл падаў скаргу, і Эла Піза на безнайдзейна састарэлым Клаймакс-Стрэйт-4(d) дыскваліфікавалі, калі ён не праехаў і паловы дыстанцыі. Ён застаецца адзіным гоначнікам у гісторыі Формулы, дыскваліфікаваным за надта павольную язду.

З 1971 року трасу Мон-Трамблен выключылі з ратацыі з прычынаў бясьпекі. Гран-пры 1977 року, на якім між іншага дэбютаваў францускі канадзец Жыль Вільнёў, узьняла пытаньне бясьпекі і на трасе ў Маспорт-Парку. Падчас трэніровачных заездаў брытанскі гоначнік Ен Эшлі ў балідзе Гескет пераляцеў цераз агароджу і ўрэзаўся ў тэлевышку; ён атрымаў сур’ёзныя траўмы і на гэтым скончыў кар’еру ў Формуле. У той жа дзень Ёхэн Мас на Макларэне таксама ўдарыўся ў адбойнік. Пасьля гэтага Гран-пры было перанесенае на ўручную насыпаны востраў Нотр-Дам у Манрэалі і ладзілася з 1978 амаль бесьперапынна, за выняткам скасаваных чатырох гадоў.

Першым пераможцам у Квэбэку стаў ягоны ўраджэнец Жыль Вільнёў на Фэрары. У 1982 року канадзец загінуў падчас кваліфікацыі Гран-пры Бэльгіі, і ўжо празь некалькі тыдняў трасе ў Квэбэку было нададзенае ягонае імя. Вільнёў-старэйшы застаецца адзіным канадцам, які перамагаў у нацыянальным Гран-пры. Сама ж гонка ў Канадзе скончылася яшчэ адным трагічным інцыдэнтам: на старце заглух паплечнік Жыля Дыд’ё Пірані, які займаў першую пазыцыю. Сьпярша стаячую «Фэрары» зачапіў бразыльскі гоначнік «Марчу» Рауль Бойзэл. Закруціўшыся, ён зачапіў баліды Элізэа Салязара і Ёхэна Маса, аднак уся тройка ня мела вялікіх пашкоджаньняў. Калі здавалася, што старт абышоўся без сур’ёзных наступстваў, італьянец Рыкарда Палецьці на хуткасьці 180 км/г уляцеў у балід Пірані, разьбіўшы сваю «Азэлу». На выратаваньне да яго пасьпелі Дыд’ё Пірані і лекар МФА Сыд Ўоткінс, ды ў гэты час выбухнуў паліўны бак аўтамабілю. Ратаўнікі паўгадзіны не маглі дастаць пілёта з кабіны, і ён сканаў ад атрыманых ранаў у шпіталі.

З 1993 року Гран-пры Канады засталося адзіным этапам чэмпіянату Формулы-1 у Паўночнай Амэрыцы, што паспрыяла ягонай папулярнасьці. Зь перапынкамі ў 2001—2007 роках яно заставалася адзіным да 2011 року.

Гран-пры 2001 року стала першым у гісторыі Формулы-1, дзе першыя два месцы занялі браты — Ральф і Міхаэль Шумахэры. Праз два гады яны паўтарылі гэты посьпех.

У 2009 року Гран-пры Канады выключылі з календара чэмпіянату, і ўпершыню з 1958 року Паўночная Амэрыка засталася бяз гонак Формулы-1. Пасьля абнаўленьня трасы яна вярнулася на наступны год. Гран-пры 2011 року стала найдаўжэйшай дагэтуль гонкай Формулы-1: праз залевы яна спынялася на некалькі гадзінаў.

На Гран-пры Канады 2013 году здарылася першая сьмерць у Формуле-1 за апошнія 12 гадоў. Падчас прыбіраньня аварыйнага «Заўбэру» Эстэбана Гут’ерэса трыццацівасьмігадовага Марка Робінсана пераехаў эвакуатар; маршалак трасы сканаў у шпіталі.

Траса

На трасу нярэдка выбягаюць мясцовыя грызуны. У 1990 року Алесандра Наньніні зьбіў гофера, пашкодзіўшы сабе кола. У 2007 року лясны сурок перашкодзіў трэніроўцы Ральфа Шумахэра, а ў часе гонкі Энтані Дэвідсан, едучы трэцім, зьбіў іншага сурка і быў вымушаны заехаць на замену пярэдняга крыла. У 2018 року Раман Гражан пашкодзіў пярэдняе крыло ў 2-й трэніроўцы, зьбіўшы сурка. У 2022 року сурка зьбіў падчас 3-й трэніроўкі Нікаля Лятыфі.

Апошні паварот трасы імя Жыля Вільнёва іранічна назвалі «Сьцяной чэмпіёнаў» пасьля таго, як там у 1999 року разьбіліся тры чэмпіёны сьвету: Дэйман Гіл, Міхаэль Шумахэр ды Жак Вільнёў. Сюды ж можна залічыць і Рыкарда Зонту, які ў той час быў дзейным чэмпіёнам гонак FIA GT. У пазьнейшыя гады ў гэтым месцы траплялі ў аварыі чэмпіёны КАРТу Хуан Паблё Мантоя; Формулы Рэно 3.5 Карляс Сайнс і Кевін Магнусэн; Формулы-1 Джэнсан Батан і Сэбастыян Фэтэль.

Пераможцы

Ружовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.

Мапа ўсіх месцаў правядзеньня Гран-пры Канады.
РокГоначнікКанструктарТрасаСправаздача
1961 Пітэр РаянЛотас-КлаймаксМаспорт ПаркСправаздача
1962 Матсэн ГрэгарыЛотас-КлаймаксСправаздача
1963 Пэдра РадрыгесФэрарыСправаздача
1964 Пэдра РадрыгесФэрарыСправаздача
1965 Джым ГолШапараль-ШэўралеСправаздача
1966 Марк Донаг’юЛола-ШэўралеСправаздача
1967 Джэк БрэбэмБрэбэм-РэпкаМаспорт ПаркСправаздача
1968 Дэні ГальмМакларэн-ФордМон-ТрамбленСправаздача
1969 Жакі ІксБрэбэм-ФордМаспорт ПаркСправаздача
1970 Жакі ІксФэрарыМон-ТрамбленСправаздача
1971 Джэкі Ст’юартТырэл-ФордМаспорт ПаркСправаздача
1972 Джэкі Ст’юартТырэл-ФордСправаздача
1973 Пітэр РэўсанМакларэн-ФордСправаздача
1974 Эмэрсан ФітыпальдзіМакларэн-ФордСправаздача
1975Ня ладзілася
1976 Джэймз ГантМакларэн-ФордМаспорт ПаркСправаздача
1977 Джодзі ШэктэрЎульф-ФордСправаздача
1978 Жыль ВільнёўФэрарыТраса Нотр-ДамуСправаздача
1979 Алан ДжонзЎільямз-ФордСправаздача
1980 Алан ДжонзЎільямз-ФордСправаздача
1981 Жак ЛяфітЛіж’е-МатраСправаздача
1982 Нэльсан ПікеБрэбэм-BMWАўтадром імя Жыля ВільнёваСправаздача
1983 Рэнэ АрнуФэрарыСправаздача
1984 Нэльсан ПікеБрэбэм-BMWСправаздача
1985 Мікеле АльбарэтаФэрарыСправаздача
1986 Найджэл МэнсэлЎільямз-ХондаСправаздача
1987Ня ладзілася з прычыны спонсарскіх звадаў
1988 Айртан СэнаМакларэн-ХондаАўтадром імя Жыля ВільнёваСправаздача
1989 Т’еры БутсэнЎільямз-РэноСправаздача
1990 Айртан СэнаМакларэн-ХондаСправаздача
1991 Нэльсан ПікеБэнэтан-ФордСправаздача
1992 Гергард БэргерМакларэн-ХондаСправаздача
1993 Ален ПростЎільямз-РэноСправаздача
1994 Міхаэль ШумахэрБэнэтан-ФордСправаздача
1995 Жан АлезіФэрарыСправаздача
1996 Дэйман ГілЎільямз-РэноСправаздача
1997 Міхаэль ШумахэрФэрарыСправаздача
1998 Міхаэль ШумахэрФэрарыСправаздача
1999 Міка ХякінэнМакларэн-МэрсэдэсСправаздача
2000 Міхаэль ШумахэрФэрарыСправаздача
2001 Ральф ШумахэрЎільямз-BMWСправаздача
2002 Міхаэль ШумахэрФэрарыСправаздача
2003 Міхаэль ШумахэрФэрарыСправаздача
2004 Міхаэль ШумахэрФэрарыСправаздача
2005 Кімі РайкэнэнМакларэн-МэрсэдэсСправаздача
2006 Фэрнанда АлёнсаРэноСправаздача
2007 Льюіс ГэмілтанМакларэн-МэрсэдэсСправаздача
2008 Робэрт КубіцаBMW ЗаўбэрСправаздача
2009Ня ладзілася
2010 Льюіс ГэмілтанМакларэн-МэрсэдэсАўтадром імя Жыля ВільнёваСправаздача
2011 Джэнсан БатанМакларэн-МэрсэдэсСправаздача
2012 Льюіс ГэмілтанМакларэн-МэрсэдэсСправаздача
2013 Сэбастыян ФэтэльРэд Бул-РэноСправаздача
2014 Даніель Рык’ярдаРэд Бул-РэноСправаздача
2015 Льюіс ГэмілтанМэрсэдэсСправаздача
2016 Льюіс ГэмілтанМэрсэдэсСправаздача
2017 Льюіс ГэмілтанМэрсэдэсСправаздача
2018 Сэбастыян ФэтэльФэрарыСправаздача
2019 Льюіс ГэмілтанМэрсэдэсСправаздача
2020

2021
Ня ладзілася праз пандэмію COVID-19
2022 Макс ВэрстапэнРэд Бул-Рэд БулАўтадром імя Жыля ВільнёваСправаздача
2023 Макс ВэрстапэнРэд Бул-ХондаСправаздача
Крыніцы:[1][2]

Крыніцы

Вонкавыя спасылкі