Віргіліюс Шонта

летувіскі фатограф

Віргíліюс Шо́нта (па-летувіску: Virgilijus Šonta; 16 лютага 1952, Панявеж, Летува — 22 жніўня 1992, Вільня, Летува) — летувіскі фатограф і фотамастак.

Віргіліюс Шонта
лет. Virgilijus Šonta
Дата нараджэньня 1952[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1992[1]
Прычына сьмерці забойства
Месца вучобы Ковенскі палітэхнічны інстытут (1976)
Занятак фатограф
Месца працы Таварыства фотамастакоў Летувы
Гады дзейнасьці 1973-1992

Жыцьцяпіс

Віргіліюс Шонта нарадзіўся 16 лютага 1952 году ў Панявежы. Маці і бацька В. Шонты былі амэрыканцамі, якія прыехалі ў Летуву перад Другой сусьветнай вайной і засталіся там жыць[2].

У 1976 годзе скончыў Ковенскі палітэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці электратэхніка[3].

Пачаў працаваць у Ковенскім адзьдзяленьні Таварыства фотамастацтва Летувіскай ССР. З 1976 г. удзельнічаў у выставах[4].

У 1985 пераехаў у Вільню, працаваў у Таварыстве фотамастацтва. Творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Летувы і за мяжой[5].

Віргіліюс Шонта быў геем, але яму спатрэбілася шмат гадоў, каб прыняць сваю тоеснасьць. Сваю цягу да мужчынаў ён спрабаваў «лячыць» прыёмам лекаў, ляжаньнем у бальніцах і нават галаданьнем[6].

22 жніўня 1992 году быў забіты ў сваёй віленскай майстроўні. Імя забойцы дасюль не ўстаноўлена[7].

Творчасьць

Першай працай В. Шонты стала сэрыя «Летувіскія краявіды», а ўжо ў 1973 годзе разам з Рамуальдасам Пажэрскісам ён адкрыў сваю першую фотавыставу[8].

З паездкі па Сыбіру і Далёкім Усходзе фатограф прывёз сэрыю здымкаў «Камяні Поўначы». У сваёй сэрыі «Палёт» ён арыгінальна інтэрпрэтаваў міт пра Ікара. Шонта здымаў шмат народных майстроў і артыстаў у розных кутках Летувы[9].

У пачатку 80-х яго прыцягвала сацыяльная тэматыка, і фатограф стварыў сваю самую эмацыйную сэрыю «Школа — мой дом» пра паўсядзённае жыцьцё дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця. Калі палітычная сытуацыя ў Савецкім Саюзе пачала мяняцца, Шонта здымаў акцыі за незалежнасьць Летувы. Сваю характэрную сэрыю «Рэчы і формы» фатограф пастаянна дапаўняў здымкамі з балтыйскага ўзьбярэжжа[10].

З 1988 года Шонта чатыры разы наведаў ЗША і зрабіў апошнюю ў сваім жыцьці сэрыю фотаздымкаў «Evening Presentment» ў пустэльнях Захаду ЗША[11].

Крыніцы