Гэта старонка зьяўляецца часткай правілаў Вікіпэдыі. Пададзеным тут нормам павінны падпарадкоўвацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваньнем упэўніцеся, што зьмены адпавядаюць пагадненьню. Калі ёсьць сумневы, першапачаткова абмяркуйце іх на старонцы абмеркаваньня.
Прынцып ветлівасьці — адзін са слупоў Вікіпэдыі. Гэтае правіла вызначае стандарт паводзінаў паміж вікіпэдыйцамі: яны мусяць імкнуцца ставіца адзін да другога зь ветлівасьцю і павагай. Нават у час гарачых дыскусіяў удзельнікам варта паводзіць сябе далікатна, спакойна і карэктна, каб не адцягваць увагі ад паляпшэньня энцыкляпэдыі і падтрымліваць прыемную атмасфэру ў суполцы.
Акрамя самой фармулёўкі стандарту паводзінаў, правіла вызначае шляхі разьвязваньня праблем, каторыя ўсё ж могуць узьнікаць паміж удзельнікамі. Правіла датычыцца ўсякіх узаемадзеяньняў у межах Вікіпэдыі, у тым ліку старонак удзельнікаў і абмеркаваньняў або якога-кольвек іншага кшталту дыскусіяў з удзелам вікіпэдыйцаў.
Праявы няветлівасьці
Няветлівасьцю ёсьць асабовыя абразы, зьнявагі, непаважлівыя камэнтары і агрэсіўныя паводзіны, якія руйнуюць цэласнасьць і выклікаюць непрадуктыўныя дзеяньні і канфлікты. Усе ўдзельнікі — людзі, якім уласьціва памыляцца, таму нейкія нязначныя праявы няветлівасьці самі па сабе ня ёсьць страшнымі. Прадметам гэтага правіла ёсьць дэструктыўныя і недапушчальныя праявы няветлівасьці, якія могуць прывесьці да блякаваньня, калі пераходзяць у абразы або відавочныя асабовыя зьнявагі. Аднак і адзіная праява няветлівасьці, калі яна дастаткова грубіянская: лаянка, брыдкаслоўе або пагрозы ў бок іншага ўдзельніка, — таксама можа выклікаць неадкладныя адэкватныя дзеяньні па спыненьні абразаў.
Старайцеся паводзіцца мудра і нерэпрэсіўна, разьвязваючы праявы няветлівасьці. Стаўцеся да іншых з разуменьнем, перш чым асуджаць (гэта можа справакаваць іх на адмоўную рэакцыю), і не паддавайцеся на правакацыі. Калі неабходна, спакойна патлумачце, што камэнтар удзельніка можа быць палічаны няветлівым, і дайце зразумець, што вы гатовыя да працягу абмеркаваньня тэмы. Улічвайце, што сам аўтар можа не лічыць свой учынак зьняважлівым. Калі гэты выпадак адзінкавы, не зьвяртайце ўвагі на яго і проста працягвайце далейшае абмеркаваньне. Распачынайце разьвязаньне спрэчак толькі тады, калі дасягнуць кансэнсусу іншым шляхам немагчыма.
Гэтае правіла — ня зброя супраць іншых удзельнікаў. Настойлівасьць у патрабаваньнях спагнаньня за нязначныя або адзіныя праявы няветлівасьці, а таксама тлумачэньне канструктыўнае крытыкі як абразы ёсьць патэнцыйна дэструктыўным і можа стаць прычынай да вынясеньня папярэджаньня або, калі неабходна, блякаваньня.
Супраца і ветлівасьць
У праекце, над якім працуюць шматлікія людзі, немагчыма абысьціся без разыходжаньняў у поглядах. У час абмеркаваньня гэткіх рознагалосьсяў некаторыя ўдзельнікі, стараючыся быць просталінейнымі, могуць выглядаць залішне жорсткімі. Іншыя ўдзельнікі могуць быць звышуразьлівыя да падобнае ацэнкі іхніх поглядаў. Няветлівая заўвага можа перавесьці абмеркаваньне ў пэрсанальныя абмеркаваньні, якія маюць аддаленае дачыненьне да першапачатковай тэмы размовы. Гэткія спрэчкі падрываюць прадуктыўную працу, адцягваючы рэсурсы на іншае. Разьвязвайце розьніцу ў поглядах цывілізаваным абмеркаваньнем; спрачайцеся дзеля дасягненьня кансэнсусу, а не дзеля спрэчкі. Абмеркаваньне іншых удзельнікаў абмяжуйце толькі спакойным апісаньнем іхніх дзеяньняў.
Удзельнікі мусяць быць разумна спагадныя, устрымлівацца ад асабовых абразаў, прытрымлівацца правілаў і рэкамэндацыяў Вікіпэдыі, адгукацца на запыты дапамогі. Лічыце іншых удзельнікаў за ўласных калегаў, зь якімі вы працуеце талакой. Асаблівую ўвагу і цярплівасьць надавайце новым удзельнікам. Заахвочвайце іншых людзей да ўдзелу ў рэдагаваньні артыкулаў, але спыняйце неканструктыўныя дзеяньні.
Пазьбягайце няветлівых паводзінаў
Пры звароце да іншых майце на ўвазе, што праца ў Вікіпэдыі зьяўляецца добраахвотнай, г. зн. людзі, якія не атрымліваюць ніякай матэрыяльнай выгоды ад гэтай дзейнасьці, працуюць толькі на сваім энтузіязьме. Усялякія фактары, у тым ліку няветлівыя паводзіны з боку іншых вікіпэдыйцаў, могуць цалкам пазбавіць жаданьня ўдзельнічаць ў праекце. Такім чынам, няветлівыя паводзіны не спрыяюць разьвіцьцю праекту. Заўсёды зьвяртайце ўвагу на тое, як вашыя словы могуць успрыняць іншыя ўдзельнікі. Паспрабуйце ўявіць, як бы вы ўспрынялі свае словы, калі б нехта ўжыў іх у дачыненьні да вас. Калі зварот выглядае нэўтральным, можаце сьмела яго ўжываць.
Пазьбягайце абразаў кшталту «дзікун(ы)», «неадэкватны» і да т. п. як на старонках абмеркаваньняў, так і на ўласных старонках аўтара. Ужываньне падобных выразаў наўрад ці дапаможа ў сумеснай працы. Не адказвайце абразамі на правакацыі, бо ў такім выпадку і вы можаце парушыць правілы ветлівасьці. Ветлівасьць зьяўляецца агульначалавечай каштоўнасьцю, якая дапамагае людзям мірна суіснаваць.
Для разьвязаньня канфлікту ў першую чаргу трэба яго пазьбегнуць. У большасьці выпадкаў неабходна ўлічваць, што абодва бакі канфлікту могуць мець рацыю. Разам з тым давядзеньне сваёй пазыцыі трэба рабіць ветліва. У выпадку немагчымасьці мірнага пагадненьня разьвязаньне канфліктаў адбываецца шляхам блякаваньня ўдзельнікаў, якія рэгулярна парушаюць правіла ветлівасьці ў дачыненьні да асобных удзельнікаў або да Вікіпэдыі ўвогуле. Першае блякаваньне часовае. Пры паўторы парушэньня блякаваньне можа быць зробленае назаўсёды.