Ванда Лявіцкая

пісьменьніца, перакладніца, настаўніца, выхавацелька

Ванда Лявіцкая (у шлюбе Лёсік; 25 верасьня 1895, Радашкавічы — 8 сьнежня 1969, пас. Татарка, Стаўрапольскі край) — беларуская пісьменьніца, перакладніца, пэдагогіца. Жонка Язэпа Лёсіка.

Ванда Лявіцкая
Фрагмэнт сямейнай фатаграфіі
Фрагмэнт сямейнай фатаграфіі
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Ванда Л-а, Вандзя Л-я, Ванда Ле-вая, В. Л-к., Вясёлка
Нарадзілася 25 верасьня 1895
Радашкавічы
Памерла 8 сьнежня 1969
пас. Татарка, Стаўрапольскі край
Бацькі Антон Лявіцкі
Люцыя з Гнатоўскіх
Муж Язэп Лёсік
Дзеці Люцыя, Алеся і Юры
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьніца, перакладніца, настаўніца, выхавацелька.
Мова беларуская мова і расейская мова
Дэбют «Бацькаўшчына» // «Наша Ніва» 4 (17), 21 траўня 1909

Біяграфія

Ванда Лявіцкая з мужам Язэпам Лёсікам і дзецьмі Юрасём, Люцыяй і Алесяй

Нарадзілася 25 верасьня 1895 году ў Радашкавічах. Дачка беларускага літаратара Антона Лявіцкага і Люцыі з Гнатоўскіх. У 1914 годзе скончыла мясцовую вышэйшую пачатковую школу. 21 траўня 1909 апублікавала ў газэце «Наша Ніва» свой дэбютны абразок «Бацькаўшчына». З 1914 году бясплатна працавала ў першай беларускай кнігарні (куды яе рэкамэндавала Алаіза Пашкевіч) і ў гарадзкой бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, у часопісах «Саха» і «Лучынка», у дзіцячым прытулку пры Таварыстве помачы ахвярам вайны. У канцы чэрвеня 1916 зь яе ініцыятывы прытульных дзяцей перавезьлі ў радавы маёнтак Карпілаўку[1].

У ліпені 1917 году падпісала статут Беларускага хаўруса настаўнікаў. Пасьля заканэчньня ў 1917 годзе беларускіх курсаў была настаўніцай першай менскай беларускай школы. Сёлета ўвосень выйшла замуж за Язэпа Лёсіка. У гэтую пару друкавалася ў газэтах «Вольная Беларусь», «Беларусь», часопісах «Зоркі» ды «Іскра Ільліча».

15—16 траўня 1917 году ўдзельнічала ў зьезьдзе настаўнікаў Менскай губэрні. У адказ на крыўдную для беларускіх асьветнікаў прамову «Самавызначэньне Беларусі і мова навучаньня ў беларускай школе» В. Т. Ругалевай горача запярэчыла, выбегшы на трыбуну, аднак яе падтрымалі толькі два дэлегаты[2]. 28 траўня 1917 з гэтай нагоды пісаў «Вестник минского губернского комиссариата»:

Горячую прочувственную речь против положений докладчика произнесла Ванда Левицкая, но собрание она совершенно не убедила…

У 1919 свой грамадзянскі шлюб Ванда і Язэп Лёсікі асьвяцілі ў менскім Касьцёле Сьвятога Роха. Напісала ў 1922 успаміны пра бацьку.

Калі ў 1930-х Язэпа Лёсіка арыштавалі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», працавала пасудамыйкаю, разносчыцай тэлеграмаў, а як толькі гэта сталася магчымым, паехала да высланага мужа. Улетку 1959 вярнулася ў Менск, дзе яе прыняла Ўладзіслава Луцэвіч на Омскім завулку 7[3].

Памерла 8 сьнежня 1969 году ў пасёлку Татарка Стаўрапольскага краю.

Сям’я

Мела зь Язэпам Лёсікам траіх дзяцей: сына Юрку (28 жніўня 1919, Карпілаўка — 9 чэрвеня 1997) — інжынэр энэргетык, жыў ў Армавіры; Люцыю (нар. 8 сакавіка 1921) — настаўніца ў Ліпецку; і Алесю (нар. 22 лютага 1923) — настаўніца ў мястэчку Татарка, Стаўрапольскага краю[4][5][6].

Хросным бацькам дзяцей Ванды — Люцыі і Алесі — быў Янка Купала[7]. У 1992 годзе Люцыя і Алеся прыязджалі на месца колішняга радавога маёнтку Карпілаўкі[6]. Сын Юры на Беларусь не вяртаўся[8].

Творчасьць

Дасюль творчая спадчына пісьменьніцы не ацэненая. Шмат пісала, перакладала, але пры жыцьці ў пісьменьніцы не зьявілася ніводнай кнігі. Апавяданьні, абразкі, вершы, успаміны выходзілі ў раскід пры жыцьці Ванды, ці як падпісвалася сама пісьменьніца, Вандзі Лявіцкай[9]. У пісьменьніцкай і публічнай дзейнасьці Вандзя Лявіцкая так і засталася ў цені слыннага мужа — Язэпа Лёсіка, а часам заставалася ў цені выбітнага бацькі Ядзвігіна Ш.

В. Лявіцкая разам з Цёткай — адна зь першых сучасных беларускіх празаіцаў — першае ейнае апавяданьне “Бацькаўшчына” зьявілася ў 1909 годзе[9]. Пісала коратка, эмацыйна. У абразках і апавяданьнях тужліва апісвае беларускую прыроду і складаны лёс беларусаў, напрыклад, у абразку “Задушкі”, які быў надрукаваны ў 1919 годзе ў газэце “Беларусь”. Гэты абразок гучыць як паганская малітва, як верш у прозе. Да ўсяго гэта цікавы этнаграфічны прыпамінак пра сьвята, якое адзначаюць 2 лістапада каталікі, у тым ліку і беларускія каталікі — Задушкі ці Задушны дзень. Сьвята, якое накладаецца ці часам зьліваецца ў каталіцкай традыцыі зь Дзядамі[9]. У некаторых тэкстах спэцыяльны акцэнт робіць на цяжкасьцях жыцьця беларускай жанчыны. За савецкім часам пісала ў асноўным у часопісах для дзяцей «Зоркі» і «Іскры Ільіча»[10].

Ёю былі падрыхтаваныя пераклады на беларускую мову такіх твораў, як «Сястрычка Галя» (з укр.: Чайчэнка В.); «Крыста» (з пол.: Канапніцкая М.)[9]

Бібліяграфія

Крыніцы

Літаратура