Бобр

мястэчка ў Беларусі

Бобр[2] — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Бабры. Цэнтар сельсавету Крупскага раёну Менскай вобласьці[3]. Насельніцтва на 2018 год — 931 чалавек[1]. Знаходзіцца за 10 км ад Крупак, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Бобр (лінія Менск — Ворша).

Бобр
лац. Bobr
Сядзіба Барталамеяў
Сядзіба Барталамеяў
Герб Бабра
Першыя згадкі:1516
Магдэбурскае права:1 сьнежня 1762
Краіна:Беларусь
Вобласьць:Менская
Раён:Крупскі
Сельсавет:Бобрскі
Насельніцтва:931 чал. (2018)[1]
Часавы пас:UTC+3
Тэлефонны код:+375 1796
Паштовы індэкс:222040
СААТА:6230857905
Нумарны знак:5
Геаграфічныя каардынаты:54°20′32″ пн. ш. 29°16′31″ у. д. / 54.34222° пн. ш. 29.27528° у. д. / 54.34222; 29.27528 29°16′31″ у. д. / 54.34222° пн. ш. 29.27528° у. д. / 54.34222; 29.27528
Бобр на мапе Беларусі ±
Бобр
Бобр
Бобр
Бобр
Бобр
Бобр
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бобр — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захавалася сядзіба Барталамеяў, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася Мікольская царква (клясыцызм, XIX ст.), зруйнаваная савецкімі ўладамі, а таксама касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (нэаготыка, XIX ст.).

Назва

Тапонім Бобр утварыўся ад г. зв. бабровых гоняў, якіх было шмат каля ракі Бабра.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Бабра

Вялікае Княства Літоўскае

Пячатка з гербам Бабра, 1735 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Бобр датуецца 1516 годам, калі князь Іван Друцкі-Красны адпісаў яго разам з Сакаловічамі і Недаходавым сваёй жонцы Марыне з князёў Заслаўскіх. У 1559 годзе паселішча ўпамінаецца як уладаньне Хадкевічаў. Захаваўся дакумэнт 1573 году на перадачу Бабра ў заставу швагру Яна Хадкевіча Станіславу Пацу, у якім паселішча значыцца як мястэчка Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. У гэты час тут, паводле інвэнтару, быў 71 дом, дзейнічаў гасьціны двор[4].

Як сьведчыць інвэнтар, у 1614 годзе ў Бабры было 180 аселых мяшчанскіх двароў (пляцаў) на абодвух берагах рэчкі. Апрача таго, мяшчанам належала 90 надзелаў ворыўнай зямлі, вымеранай у валоках і моргах, і 16 г.зв. «гуменных» пляцаў пад гаспадарчымі пабудовамі. Сярод уладальнікаў валокаў і гуменных пляцаў сустракаюцца прозьвішчы яшчэ прыкладна 44 мяшчанаў, не пазначаных у ліку ўладальнікаў мяшчанскіх пляцаў. У Бабры існавала царква, сьвятару якой айцу Фёдару належалі пляц і валока, вольныя ад усіх падаткаў. Упамінаецца таксама карчма на Рынку, вадзяны млын з двума коламі і мост, якія здаваліся ў арэнду. У 1699 годзе маёнткам валодаў Бэнэдыкт Сапега, які ў 1700 годзе прадаў яго Яну Казімеру Лендорфу.

Рэшткі арміі Напалеона каля мястэчка Бабра, 23.11.1812 г.

У 1733 годзе Бобр перайшоў у валоданьне Агінскіх. На 1743 год у мястэчку было 60 дымоў. У 1760 годзе тут збудавалі драўляны касьцёл; мястэчка налічвала каля 100 двароў і было найбольшым з усіх паселішчаў сучаснай Крупшчыны.

1 сьнежня 1762 году (паводле іншых зьвестак, у 1735 годзе[5]) кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бабру Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі дзьве збройныя постаці сьвятых Глеба і Барыса ў каронах»[6].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бобр апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні. У 1828 годзе ў мястэчку пачала працаваць цагельня. У 1842 годзе тут збудавалі царкву, у 1862 годзе — мураваны касьцёл. На 1859 год — 67 жылых і 29 пустых двароў, штогод праводзіўся кірмаш.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1868 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Бабры народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. На 1885 год у мястэчку існавалі 2 царквы, касьцёл, капліца, сынагога, лячэбніца на 12 месцаў, народная вучэльня, праваслаўная і 3 юдэйскія школы, 2 млыны, 22 крамы; штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1904 годзе працавалі 2 цагельні. На 1907 год — 445 будынкаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бобр занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бобр абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Бобр вярнулі БССР. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі, аднак ужо 17 лютага 1941 году Бобр атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

З 31 сакавіка 1977 году да 18 лютага 2010 году Бобр быў цэнтрам пасялковага савету, з 31 сьнежня 2013 году — цэнтар сельсавету[7].

Насельніцтва

Дэмаграфія

  • XIX стагодзьдзе: 1857 год — 1151 чал., у тым ліку 721 юдэй[12]; 1863 год — 1113 чал.[13]; 1880 год — 2239 чал.[14]; 1897 год — 2401 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1907 год — 2340 чал.; 1926 год — 2500 чал.; 1941 год — 2400 чал.; 1969 год — 3 тыс. чал.[15]; 1992 год — 1522 чал.[16]; 1995 год — 1509 чал.[17]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 1,2 тыс.; 2006 год — 1,2 тыс.; 2008 год — 1,1 тыс.; 2009 год — 1118[18] чал. (перапіс); 2010 год — 1110 чал.[19]; 2015 год — 958 чал.[20]; 2016 год — 957 чал.[21]; 2017 год — 948 чал.[22]; 2018 год — 931 чал.[1]

Інфраструктура

У Бабры працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, 2 бібліятэкі, кінатэатар.

На 2022 год у Бабры месьцілася 391-я артылерыйская база боепрыпасаў Узброеных сілаў Беларусі[23].

Забудова

Вуліцы і пляцы

З урбананімічнай спадчыны Бабра да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Зарэчная, Казаноўка, Магілёўская і Талачынская. Гістарычны Рынак цяпер ня мае афіцыйнай назвы.

Эканоміка

Прадпрыемствы лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Транспарт

Знаходзіцца за 120 км на паўночны ўсход ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Р19. За 4 км на поўдзень ад мястэчка праходзіць шаша М1 (E30)

Турыстычная інфармацыя

Славутасьці

  • Могілкі юдэйскія
  • Сядзіба Барталамеяў (XIX ст.)

Страчаная спадчына

  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1862)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1842)

Галерэя

Асобы

Крыніцы

Літаратура

Вонкавыя спасылкі