Берасьцейскае ваяводзтва

адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Вялікага Княства Літоўскага

Берасьце́йскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўднёвым захадзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 40,6 тыс. км². Сталіца — места Берасьце. Найбольшыя месты: Пінск, Камянец, Кобрынь, Белая, Уладава, Воўчын, Дубровіца, Тураў і Столін.

Берасьцейскае ваяводзтва
лац. Bieraściejskaje vajavodztva
Герб
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Берасьце
Дата ўтварэньня 1566
Дата скасаваньня 1795
Ваяводы Ваяводы берасьцейскія
Кашталяны Кашталяны берасьцейскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 40,6 тыс. км²
Час існаваньня 15661795
Месцазнаходжаньне Берасьцейскаага ваяводзтва
Берасьцейскае ваяводзтва на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Гісторыя

Катэдра біскупа ў Берасьці
Земская пячаць з Пагоняй, 1789 г.

Берасьцейскае ваяводзтва ўтварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў шляхам вылучэньня з Троцкага ваяводзтва.

У часе складаньня Люблінскай уніі (1569 год) у адрозьненьне ад украінскай шляхты, берасьцейцы адмовіліся пераходзіць пад юрысдыкцыю Каралеўства Польскага. Ваяводзтва засталося ў складзе Вялікага Княства Літоўскага[1].

У 1596 годзе адбыўся царкоўны сабор, на якім абвясьцілі Берасьцейскую царкоўную унію. У 1616 годзе ад Берасьцейскага павету да Мельніцкага павету Падляскага ваяводзтва Польшчы далучылі шэраг маёнткаў: Бокавічы, Вітулін, Гарадзішча, Казерады, Межырэч, Палюбічы, Росаш, Яблань ды іншыя[2]. У 1659—1666 гадох у Берасьці працавала мынца[3]. З канца XVII ст. дзеля адрозьненьня ад Берасьце (Бжэсьць) Куяўскага ваяводзтва Польшчы часам ужывалася назва Берасьце Літоўскае ваяводзтва.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Берасьцейскага ваяводзтва ліцьвінамі: «литвин… Мартишка з города с Кобрина» (1609—1610 гады)[4], «[старец] Иона (литвин из Пинска)» (1624 год)[5], а паводле пінскай варыяцыі старажытнай народнай песьні — «два літвіны із Дывін прынясьлі гаршчык батвін»[6]. Паводле асабовага каталёгу езуітаў, Мікалай Грэбянеўскі (уступіў у ордэн у 1572 годзе) азначаецца як Lithuanus, ex Brzestae districtu[7], а паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Ісыдор Ляшчынскі азначаецца як Lithuanus, ex Palatinatu Brestensi (1714 год)[8]. У матрыкуле Базэльскага ўнівэрсытэту пад 1599/1600 годам значыцца Nicolaus Zenowitz, Palatinides Brestensis Lituanus[9], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэтуту пад 1775 годам — Pusch Dan. Gottlob Ernest., Slawaticza-Litthuan.[10] У запісах мэтрыкі папскай сэмінарыі ў Оламаўцу значацца Serapion Lozowsky Lithuanus Brestensis (1711—1714 гады), Sylvester Arteczky Lituanus ex Palatinatu Brestensi (1738—1742 гады)[11]. Паводле каталёгу ордэну трынітарыяў у Рэчы Паспалітай (1785 год), Maria de Mercede Grabowski… Lithuanus, in palatinatu Brestensi natus… Omnibus Sanctis Zadarnowski… Lithuanus, in palatinatu Brestensi natus[12]. Апроч таго, сярод вернікаў некалькі парафіяў ўпамінаецца старалітва, якую крыніцы зьвязваюць з русінамі: Чарнаўчыцы (1721 год)[13]Камянец (1726 год)[14][15], Равяцічы (1746 год)[16].

Згодна з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай 1791 году ўтварыліся Кобрынскі і Пінска-Зарэчны паветы з цэнтрамі ў Кобрыні і Плотніцы адпаведна[17]. У 1792 годзе Пінска-Зарэчны павет перайменавалі ў Запінскі, а павятовы цэнтар перанесьлі ў Столін[18].

У 1793 годзе другім падзелам Рэчы Паспалітай Расейская імпэрыя анэксавала Пінскі павет. У выніку трэцяга падзелу (1795 год) практычна ўся тэрыторыя ваяводзтва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, а крайнія заходнія рэгіёны — у Аўстрыі і Прусіі.

Сымболіка

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі з рыцарам, прыбраным у блакітныя фарбы»[19].

Ваяводзкая харугва была блакітнага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[20].

Геаграфія

Наваградзкае і Берасьцейскае ваяводзтвы. Парыж, 1665 г.

На поўначы межавала з Гарадзенскім паветам Троцкага ваяводзтва, Ваўкавыскім, Слонімскім і Наваградзкім паветамі Наваградзкага ваяводзтва, Слуцкім княствам, Мазырскім паветам Менскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Оўруцкім паветам Кіеўскага ваяводзтва, на поўдні — з Крэменецкім, Луцкім і Ўладзімерскім паветамі Валынскага ваяводзтва і Холмскай зямлёй, на захадзе — зь Любельскім ваяводзтвам Каралеўства Польскага і Бельскай, Драгічынскай і Мельніцкай землямі Падляскага ваяводзтва[21].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

Наваградзкае, Падляскае і Берасьцейскае ваяводзтвы. Вэнэцыя, 1781 г.

Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Берасьцейскі (тэрыторыя колішніх Берасьцейскага і Камянецкага паветаў) і Пінскі (землі Пінскага, Кобрынскага, Тураўскага, Давыд-Гарадоцкага і Дубровіцкага княстваў).

НазваЦэнтарПлошча,
тыс. км²
Староствы
Берасьцейскі паветБерасьце23Берасьцейскае (гродавае)
Зёлаўскае
Камянецкае
Кобрынскае
Шарашоўскае
Пінскі паветПінск17Пінскае (гродавае)
Лагішынскае

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Берасьці. Павятовыя соймікі праходзілі ў Берасьці і Пінску, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне.

Берасьцейская і пінская шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

Дэмаграфія

У сярэдзіне XVII ст. Берасьцейскае ваяводзтва налічвала 63 717 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 510 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 239 тыс. чал.[22]

Ураднікі

Асноўныя артыкулы: ваяводы берасьцейскія і кашталяны берасьцейскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Берасьцейскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569 год) ваявода і кашталян берасьцейскія паводле значнасьці займалі месцы па раўскіх сэнатарах. За ўвесь час свайго існаваньня Берасьцейскае ваяводзтва мела 24 ваяводы[23].

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура