Асэтыны

Асэтыны (па-асэтынску: ирæттæ) — каўкаскі народ іранскага паходжаньня, асноўнае насельніцтва Рэспублікі Паўночная Асэтыя — Аланія і непрызнанай Рэспублікі Паўднёвая Асэтыя (юрыдычна ў складзе Грузіі). Асэтынская мова адносіцца да іранскай галіны індаэўрапейскай моўнай сям’і.

Асэтыны
Саманазваирæттæ
Колькасьць720 000
Рэгіёны пражываньняРасея: 515 000
Грузія: 83 000
Мовыасэтынская, расейская, грузінская

Агульная колькасьць асэтынаў ацэньваецца ў 670 000 чалавек[1]. Вылучаюцца зь іншых этнічных групаў Каўказу сваім арыйскім іранскім паходжаньнем ад скіфаў, сарматаў ды аланаў (зь іншых іранскіх народаў на Каўказе ў аддаленьні ад асэтынаў жывуць адно нешматлікія талышы), тады як іх суседзі — гэта больш шматлікія грузіны, адыскія, цюрскія ды вайнаскія народы.

Веравызнаньне

Асэтын

Ад раньняга сярэднявечча асэтыны вызнавалі хрысьціянства, а сёньня да праваслаўнае царквы належыць 61% насельніцтва. Як зазначае Надзея Емяльянава, «нярэдка ў літаратуры Асэтыя апісваецца як традыцыйна праваслаўная краіна. У той самы час, на думку пэўных дасьледнікаў, у гісторыі Асэтыі былі пэрыяды, калі яе ўважалі ледзьве не мусульманскай краінай»[2].

Гісторыя

Паўстаньне асэтынскага этнасу

За часы мангольскага панаваньня прашчуры асэтынаў былі выціснутыя з сваёй колішняй бацькаўшчыны на поўдзень ад Дону і мігравалі ў паўднёвым напрамку да Каўказу. Такім чынам паўсталі тры асэтынскія рэгіёны – Дыгор на захадзе, які трапіў пад уплыў адыгаў Кабарды і засвоіў іслам. Разьмешчаны таксама на поўначы рэгіён Ірон займаў тэрыторыю цяперашняй Паўночнай Асэтыі і першы трапіў пад уладу Расеі ў 1767 годзе. Туаллэг (Tualläg) на поўдні быў уваходзіў у грузінскае княства Самачабло, а пазьней стаўся Паўднёвай Асэтыяй[3].

Савецкі час

Паўднёва-Асэтынская аўтаномная вобласьць (АВ) была ўтвораная 20 красавіка 1922 году, пасьля саветызацыі Грузіі ў 1921 годзе. Тэрыторыя Паўднёва-Асэтынскай АВ з сталіцай у Цхінвалі афіцыйна складала ў 1989 годзе 3 900 км², але ў 1990–1991 гадох ад вобласьці былі аддзеленыя і занятыя грузінскімі войскамі Знаўрскі, палова Ленінгорскага і частка Джаўскага раёнаў. Паводле дадзеных Усесаюзнага попісу 1989 году, насельніцтва Паўднёва-Асэтынскай аўтаномнай вобласьці складала 99 тысячаў чалавек, 66,2% зь іх былі асэтыны, а 29% – грузіны. Усяго ў Грузіі ў 1989 годзе жылі 163 тысячы асэтынаў. Сёньняшнюю колькасьць асэтынаў у Паўднёвай Асэтыі Б. Калоеў ацэньвае ў 65 тысячаў асобаў. Палова сем’яў у вобласьці мае зьмяшанае асэтынска-грузінскае паходжаньне[4].

Прарасейская арыентацыя

Асэтынскія землі (побач з грузінскімі і армянскімі) сталіся апірышчам расейскай экспансіі на Каўказе, што было не ў апошнюю чаргу зьвязана з хрысьціянствам асэтынскага насельніцтва, а таксама пашыранай «тутэйшасьцю» (то бок слабой нацыянальнай ідэнтычнасьцю і сацыяльнай разьвітасьцю) асэтынаў у ХІХ ст. Гэтая асаблівасьць асэтынскага насельніцтва і ягоная пазыцыя ў працэсе расейскай экспансіі адлюстраваная ў творах клясычнай расейскай літаратуры пазамінулага стагодзьдзя, што адлюстроўвае асэтынаў як выпівохаў, занядбаных і нягеглых сялянаў[5]. Асэтыны адпачатку рэкрутаваліся ў структуры імпэрыі, так, у прыватнасьці, частку Церскага казачага войска складалі асэтыны[6]. Як зазначае Емяльянава, у асэтынаў антырасейскі вызвольны мюрыдызм чачэнскага шэйха Мансура не знайшоў водгука, «акурат гэтаксама яны адмовіліся і ад супрацьстаяньня з Расеяй». Гэтаксама імамат Шаміля ў яго змаганьні з Расеяй падтрымалі толькі вельмі нешматлікія групы асэтынаў-мусульманаў[7].

Народанасельніцтва

Сёньня большасьць асэтынаў сьвету жывуць у Рэспубліцы Паўночная Асэтыя — Аланія, што ўваходзіць у склад Расейскай Фэдэрацыі. Паводле дадзеных усерасейскага перапісу насельніцтва 2002 году ў Расеі жыло 515 тысячаў асэтынаў[8]. У 1924 годзе была ўтвораная Паўночна-Асэтынская аўтаномная вобласьць (АВ), якая 5 сьнежня 1936 была пераўтвораная ў Паўночна-Асэтынскую АССР у складзе РСФСР з сталіцай ва Ўладзікаўказе.

Стаўленьне Грузіі

Грузінскія дзяржаўніцкія кансьпіралягічныя тэорыі цьвердзяць, што і Абхаская АССР, і Паўднёва-Асэтынская аўтаномная вобласьць былі створаныя бальшавікамі, каб спарадзіць заўсёдную крыніцу праблемаў дый спрасьціць для Крамля кантроль Грузіі. Сапраўды, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя кіраваліся на этнакратычным падмурку, на карысьць тытульнага этнаса. Грузінскія дзяржаўнікі імкнуліся абмежаваць гэтыя аўтаноміі, што і спарадзіла супраціў[9].

Крыніцы